(no subject)

Mar 06, 2011 18:55

Я от доўга думала, якую карцінку запосціць... Раз на паўгады ў мяне патрэба душэўная глядзець анімэ.
І вось на гэты раз я вырашыла глянуць анімэ "Цёмны дварэцкі".



Спачатку не палала жаданнем асаблівым глядзець менавіта гэта, бо сюжэт падаўся мне не дужа цікавым і патэнцыяльна дзіцячым. Але з-за павышанай сэксуальнасці галоўнага героя  ад няма чаго рабіць усё ж засела. :)


Сюжэт заключаецца ў тым, што хлопчык дванаццаці гадоў -- Сіэль Фантомхайв -- прадае сваю душу дэману, каб адпомсціць за смерць бацькоў. На працягу першых трох серый гэта ўсё выглядае поўным непаразуменнем, прыцягнутым за вушы. Чаму дэман выкновае такую дзіўную ролю пры ім, якога фіга прыслуха маёнтка абсалютна да смешнага ніфіга не ўмее, чаму сам хлопец такі мм...мякка кажучы дзіўны. Але паступова ўсе таямніцы і характары раскрываюцца, і ў выніку анімэшка ўжо выглядае зусім не спрэчнай і далёка не павярхоўнай)



Цікава назіраць за іх узаемаадносінамі. Паступова паміж імі ўзнікае сапраўднае сяброўства, нягледзячы на тое, што ў іх абсалютна розная прырода. Хлопцу патрэбны той, каму ён мог бы поўнасцю даверыцца, хто быў бы з ім заўсёды і абараняў. Менавіта дэман вяртае яго да жыцця, ажыўляе, змушае зноў атрымоўваць асалоду ад самаго працэса існавання, хаця герой гэта і адчайна адмаўляе))
Сам дэман -- Себасцьян -- паступова нечакана для сябе прывязваецца да хлопца. Хаця сам таксама адмаўляе факт прывязанасці і лічыць, што проста "ўзрошчвае для сябе душу". Зрэшты, тут падымаецца пытанне аб тым, наколькі ўвогуле патрэбна гэтае вечнае існаванне, каторага прагнуць дарэчы і людзі. Каторае з цягам часу страчвае сэнс і каштоўнасць, таму што няма да чаго імкнуцца. Як я зразумела па анімэ, дэманы таму і прыдумалі гэтыя кантракты, бо толькі людзі, каторыя ўмеюць надаваць сэнс розным "дробязям", іх ажыўляюць. Бачна, што Себасцьян атрымоўвае кайф ад кожнай прыгоды, ад падсцёбвання са свайго лорда, ад таго, што можа здзіўляць хлопчыка. Сіэль хоць і хмыкае і робіць каменны твар, але ўсё адно кожны раз здзіўляецца -- і гэта цудоўна!



Трагедыя дэманаў (як і анёлаў я іх у гэтым аніме ўспрымаю асобна ад рэлігіі, проста як розных істот) у тым, што яны лічаць вышэйшым дасягненнем сам вынік -- паглыланне душы гаспадара. Яны спрабуюць атрымаць тое, чаго ў іх няма і ніколі не будзе. Але так як ім патрабуецца ўсё больш і больш душ, то, атрымоўваецца, у гэтым няма сэнсу. Ва ўсялякім разе сам працэс чакання для Себасцьяна, калі глянуць звонку, нашмат больш цікавы і эфектыўны, чым канчатковы "прыз". Ну, так і ў жыцці адбываецца заўсёды)))
Асабліва спадабаўся момант, калі ў апошняй серыі першага сезона Себасцьян змагаецца з забойцам бацькоў Сіэля. І перад гэтым ён просіць хлопчыка заплюшчыць вочы, бо збіраецца з'явіцца ў сваім натуральным, не дужа прывабным абліччы. Але ў выніку адзінае, што можа дэман зрабіць -- гэта паглаціць душу, бо гэта яго сутнасць і прырода.

Ну другі сезон закончыўся так, што мабыць лепш бы я яго і не глядзела. У першым дэман на прыканцы паглынуў душу -- і гэта было лагічна і ну...так павінна было быць. У другім сезоне адзін спадар так падгадзіў і пераблытаў усім карты, што сам Сіэль стаў дэманам, а Себасцьян адпаведна назаўжды звязаным з ім кантрактам, а па сутнасці рабом на ўсё бясконцае існаванне -- пры тым што ніхто з іх гэтага не хацеў. Калі Себасцьян ад узаемадзеяння з Сіэлем-чалавекам сам стаў больш чалавечны і жывы, то Сіэль-дэман -- гэта нешта сапраўды жорсткае, халоднае і нічым не падобнае на яго сапраўднага. Калі папярэдне іх дуэт даваў абодвум толькі плюсы, то цяпер яны на вечнасць павязаныя пры тым, што адзін ненавідзіць, а другі пусты ўнутры.
Адзін з апошніх эпізодаў -- калі Себасцьян выконвае сваю штодзённую працу -- прыносіць уранку гарбату гаспадару. Налівае, падае, называе як звычайна сорт, гаспадар падносіць кубак да вуснаў -- і бачна, што кубак і заварнік пустыя. Усё згубіла сэнс :)

ПС: я тут не буду казаць пра гумар -- яго шмат і ён чарнаваты. І пра прамалёўку таксама не буду -- яна файная. І пра галоўнага героя ўвогуле -- ён дужа харызматычны. Зрэшты, пачытаўшы на форумах поўныя эмоцый водгукі сонма дзяўчат, я прыйшла да высновы, што калі хлопцы глядзяць хентай, то дзяўчаткі -- нешта тыпу гэтага))))

анімэ, рэцэнзіі

Previous post Next post
Up