“Ці можа Хрысьціянская Царква віншаваць Ірада з чарговай крывавай перамогай над сваім народам?”
Каляднае архіпастырскае пасланьне кіраўніка Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, япіскапа Наваградзкага і Паўночна-Амэрыканскага Сьвятаслава Логіна.
Ужо болей за дзьве тысячы гадоў, як з волі Госпада, Сын Божы прыняў чалавечае цела і нарадзіўся ад Прачыстае Дзевы. Гэты прыход Мэсіі, прадказаны прарокамі, людзі чакалі стагодзьдзі. Але адразу пасьля нараджэньня, Ісус сустрэўся зь нянавісьцяй і небясьпекай. Цар Ірад, каб пагубіць нованароджанага нябеснага Ўладара, загадаў забіць тысячы малых дзетак у Бэтлееме з-за боязі страціць уладу над Палестынаю, якою кіраваў. Гэтая крывавая падзея ўспамінаецца ў Сьвятым Дабравесьці дзеля таго, каб мы разумелі бязьлітаснасьць граху, дзеля перамогі над якім і прыйшоў на зямлю Сын Божы.
Але Хрысьціянства вытрымала цяжкія пакуты, бо яно прынесла ў сьвет нябачную раней любоў паміж людзьмі, якая ёсьць падмуркам цяперашніх законаў маральных і дзяржаўных. Але жорсткасьць нашага сьвету й дагэтуль не спынілася. І ў наш час існуюць ірады, якія кіруючы дзяржавамі, не карыстаюцца Божымі запаветамі.
Вернікі, якія прынялі ў сваё сэрца Хрыстовае вучэньне, павінны разумець, што ёсьць ад Бога, а што - ад нячыстага. Ці можа Хрысьціянская Ўлада ваяваць з уласным народам, што тое самае, што ваяваць з Богам? І ці можа Хрысьціянская Царква віншаваць Ірада з чарговай крывавай перамогай над сваім народам?