05.02.10 Андрэй Расінскі У Беларусі - вайна культураў. Але - канфрантацыя паміж «прыдзяржаўленай» 75% - і «падпольна-беларускай» сцішылася праз агульную стому.
?СМИ растиражировали новость, в которой говорилось о том, что эксперты отмечают ослабление «культурной войны» в Беларуси. Насколько Вам кажется актуальной и удачной сегодня используемая терминология, отсылающая к «войне культур». Говоря о культурной политике сегодня, не выгодней ли использовать концепт мультикультурности?
Андрэй Расінскі. Калі казаць пра мультыкультурнасць, то гэты тэрмін натуральна гучыць, калі размова - пра Злучаныя Штаты ці сучасную Еўропу. За гэтым тэрмінам -пэўная сацыяльная і палітычная практыка, якая прадугледжвае аўтаномныя этнічныя і сацыяльныя групы (кожная - са сваёй культурнай прасторай) - шматгалоссе і дыялог паміж рознымі групамі.
У нашым выпадку нават канфесійныя групы яшчэ не ачунялі напоўніцу пасля таталітарнага катка; іхнія культурныя прасторы - толькі адраджаюцца і разбудоўваюцца. Этнічным групам (паказальны прыклад з Саюзам палякаў) - ізноў затыкаюць рот. Аўтарытарызм - з прыпеўкамі пра «дзяржаўную ідэалогію» - прадугледжае не дыялог, а згоду з найвышэйшым курсам.
Пры гэтым рэжым здольны (і вымушаны) прысабечваць ідэі палітычных апанентаў, але толькі калі выдае іх за свае.
У Беларусі - вайна культураў. Але - канфрантацыя паміж «прыдзяржаўленай» 75% - і «падпольна-беларускай» сцішылася праз агульную стому. А вайна беларускай культуры - і расейскай, хаця і дамінуе расейская, не тое, каб узяла паўзу, але выпляснулася вайной «малочнай» і «нафтавай». Так што культурная вайна аслабла, але працягваецца.
Пра полікультурнасць можна будзе ставіць пытанне, калі разнастайныя групы ў Беларусі набудуць дастатковую аўтаномію і разбудуюць свае культурныя прасторы.
У нашым грамадстве гэты працэс пакуль падмарожаны.