Сімвалічныя гульні

Dec 23, 2009 02:15

23.12.09 Андрэй Расінскі

Ёсць спакуса і магчымасць граць ужо і на полі «адраджэнцаў-нацыяналістаў», бо поле тое даўно і аслабленае, і выпаленае.
-----

?Руководители МИД Беларуси, Украины и Литвы согласились «изучить возможность совместного празднования» 600-й годовщины Грюнвальдской битвы в 2010 году. Какой смысл «включения» Грюнвольда в культурную политику на столь высоком уровне? Есть ли шансы у этой инициативы выступить в роли альтернативы победы 1945 года?

Андрэй Расінскі. «Уключэнне» Грунвальда ў культурную палітыку на высокім міждзяржаўным узроўні мае некалькі сэнсаў. Першы, гэта - сімвалічнае паляпшэнне суседскіх стасункаў: ёсць агульнае сумеснае дзеянне. Другі чыннік - гэта асцярожны, прынамсі з боку Беларусі, зварот да нерасейскай і несавецкай традыцыі. Гэта спроба падступіцца да гэтай спадчыны - і спроба скарыстаць яе. І такія спробы будуць рабіцца ўсё энэргічней. Хто валодае мінулым, той валодае прышлым. А савецкая спадчына ўжо амаль што праедзеная і да дырак пазаціраная.

З другога боку, гэта зварот да часу, калі Беларусь, Украіна і Літва - былі часткай Захаду. Для сучаснае Беларусі - гэта знітавана і з размарожваннем, прынамсі на словах, кантактаў з Захадам; тут навідавоку і ўступленне ва Усходняе партнёрства.

Што да альтэрнатывы 1945 году - то альтэрнатывы не будзе. 1945, а дакладней, 1944 - будзе заставацца ключавой датай у курсе «ідэалогіі беларускай дзяржавы», але імпэту адной гэтай даты ўжо недастаткова. Ёсць спакуса і магчымасць граць ужо і на полі «адраджэнцаў-нацыяналістаў», бо поле тое даўно і аслабленае, і выпаленае.

І тут мы можам стаць сведкамі вельмі цікавых мутацый. Зрэшты, некаторыя з гэтых мутацый ужо прадказвалі «Навінкі» ў сваім калажна-жартоўным фільме «Гуд-бай, бацька!». Там Аляксандр Лукашэнка абвяшчаў гістарычным бел-чырвона-белы сцяг, бо ён выкарыстоўваўся ў Грунвальдскай бітве супраць «НАТАўскіх супастатаў». Цікава будзе пачуць і пра «гніенне ў акопах» Грунвальду.

Так што дзіўныя павароты магчымыя. Але, найхутчэй, усё будзе млява і асцярожна. Калі, увогуле, будзе.

экспресс-экспертиза, культурная политика

Previous post Next post
Up