05.10.09 Міхал Нядзьвецкі Уплыў дзяржавы на медыярынак і на прыняцце рашэнняў у гэтай сферы вялікае, наяўнасць манаполіі дзяржавы на айчынным медыярынку нясе за сабой шырокія рэгулятыўныя паўнамоцтвы.
-----
Рэзюмэ
Развіццё шоў-бізнэсу ў Рэспубліцы Беларусь характарызуецца моцнай залежнасцю ад дзяржавы. Дзяржава валодае вялікім рэсурсам уздзеяння на развіццё шоў-індустрыі шляхам устанаўлення пастановаў, прадпісаняў, указаў; правядзення розных праверак на прадмет выканання першых.
Дадзены міні-аналіз падрыхтаваны Міхалам Нядзьвецкім у межах грамадскай кампаніі “Наш FарMат” (nashfarmat.org). Пры напісанні аналізу былі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйных рэсурсаў: euramost.org, zbsb.org, naviny.by, tut.by.
У рамках даследвання была выкарыстана статыстыка рэйтынгу мінскіх FM-станцыяў, якую прадаставіла сацыялагічная лабараторыя NOVAK.
Вертыкаль “Дзяржава - FM-радыё”
У Беларусі ўсталяваліся вертыкальныя адносіны паміж дзяржавай і шоў-бізнэсам, што абумоўлена наяўнасцю моцнай уладнай вертыкалі і адсутнасцю самастойнасці прадстаўнікоў забаўляльнай індустрыі. Вертыкальныя адносіны абумоўлены яшчэ тым, што ў рэспубліцы адсутнічае перамоўная пляцоўка паміж чыноўнікамі і прадстаўнікамі шоў-індустрыі, у ролі якой маглі бы выступіць прадстаўнікі недзяржаўнага сектару: некамерцыйныя асацыяцыі музыкаў, кампазітараў, прадусараў і г.д., аналітычныя цэнтры і іншыя арганізацыі. Акрамя таго ў сферы айчыннага шоў-бізнэсу назіраецца нізкая кансалідацыя музыкаў і выканаўцаў, што выклікана ідэалагічным падзелам на “праўладных” і “апазіцыйных”. У цэлым развіццё беларускага шоў-бізнэсу ідзе не па законах рынку, а па ўказцы зверху, што, у сваю чаргу, выклікала і працягвае дагэтуль выклікаць дыскусію сярод экспертаў аб наяўнасці шоў-бізнэсу ў Беларусі як з’явы. Уплыў дзяржавы на медыярынак і на прыняцце рашэнняў у гэтай сферы вялікае, наяўнасць манаполіі дзяржавы на айчынным медыярынку нясе за сабой шырокія рэгулятыўныя паўнамоцтвы. У якасці прыкладу варта ўспомніць дзеянне ў 2004-2007 гг. негалоснага “чорнага спісу”, у які ўвайшлі некаторыя беларускамоўныя выканаўцы, якія ўлетку 2004 г. у сталічным парку Горкага правялі канцэрт, прымеркаваны да дзесятай гадавіны кіравання Аляксандра Лукашэнкі. На працягу трох гадоў беларускамоўныя музыкі не мелі доступу да эфіру айчынных тэле- і радыёканалаў, а таксама не маглі афіцыйна праводзіць свае канцэрты на тэрыторыі Беларусі. Пасля адмены “чорнага спісу” ў лістападзе 2007 г. сітуацыя з арганізацыяй канцэртаў выправілася ў лепшы бок, а вось сітуацыя з ратацыяй беларускамоўных трэкаў засталася на мінулым узроўні: беларускамоўнае дагэтуль працягвае лічыцца “нефарматам” для айчынных радыёстанцый.
У выніку, інстытуцыйная мадэль узаемадзеяння дзяржавы і радыёстанцый мае іерархічную структуру: у ёй вялікае месца займае роля нефармальных ці выбарчых правілаў і тактык, у той час калі фармальныя правілы шматвобразныя і непастаянныя.
Наяўнасць вертыкальных адносін вызначаецца дзеяннем наступных рэгулятыўных механізмаў з боку дзяржавы:
- шматлікія праверкі з боку Міністэрства інфармацыі на прадмет выканання даручэнняў, указаў, пастановаў, якія рэгулююць дзейнасць радыёстанцый у Беларусі ;
- складаныя працэдуры ўтварэння новай радыёстанцыі, атрымання частаты;
- перманентныя змяненні умоў падаткаабкладання, ліцэнзавання і нш.;
- абмежаваная магчымасць для абароны бізнэсу на медыярынку і ўтварэння арганізацый і асацыяцый для абароны сумесных інтарэсаў бізнэсу;
- апеляванне суб’ектаў медыярынку і людзей датычных да яго пры вырашэнні праблемаў непасрэдна на самы “верх” - Адміністрацыю прэзідэнта, урад і міністэрствы, суды;
- абмежаваныя магчымасці для развіцця моцнага прамежкавага звяна паміж шоў-бізнэсам і ўладай - арганізацый, якія здольныя абараняць інтарэсы бізнэса перад дзяржавай;
- няроўныя ўмовы гаспадарання для розных радыёстанцый, выбарчае правапрымяненне (наяўнасць карупцыі) і г.д.
Прадмет адносін “Дзяржава - Шоў-бізнэс”
Пяройдзем да разгляду складнікаў адносін паміж дзяржавай і шоў-бізнэсам. У цэлым, прадстаўнікі шоў-бізнэсу, як і ўсе бізнэсмэны, найменш чакаюць ад дзяржавы льготаў і прэферэнцый, і адначасова, яны вельмі разлічваюць на тое, што дзяржава будзе даваць магчымасць вольна зарабляць, займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, забяспечваць стабільнасць і законнасць у краіне.
Сучасныя праблемы беларускага шоў-бізнэсу
Як паказалі вынікі шматгадовай дзейнасці беларускага шоў-бізнэсу на сённяшні дзень сутыкаецца з шэрагам праблемаў:
- адсутнасць патрэбнага досьведу ў прадстаўнікоў шоў-індустрыі (хібы пры арганізацыі клубных мерапрыемстваў, open-air’аў, прэс-канферэнцый);
- нізкая канкурэнцыя на рынку;
- практычная адсутнасць якаснай тэхнічнай базы для дзейнасці (гуказапісваючай і -ўзмацняльнай тэхнікі);
- малая сетка клубных установаў;
- бюракратычныя працэдуры: складаныя ўмовы атрымання гастрольнага пасведчання і распаўсюду квіткоў;
- моўная дыскрымінацыя: крайне нізкая ратацыя беларускамоўнага прадукту шоў-бізнэсу ў параўнанні з рускамоўным або англамоўным прадуктамі;
- нізкі прыток рэкламадаўцаў і спонсараў;
Механізмы прымусу (наказання) у рамках адносін паміж дзяржавай і шоў-бізнэсам выражаюцца ў наступным:
- нестабільныя і няроўныя правілы гульні для ўсіх эканамічных агентаў;
- вялікая колькасць праверак з боку дзяржаўных органаў;
- штрафы і папярэджанні аж да пагроз зняцця з кіроўных пасадаў;
- свавольніцтва чыноўнікаў і нізкая прававая абарона шоў-бізнэсу перад дзяржавай.
-
Складанасць і супярэчлівасць заканадаўства ўжо шмат гадоў перашкаджае нармальнаму развіццю бізнэсу ў шоў-індустрыі краіны. Непадпарадкаванне, пратэст, адстойванне сваіх правоў з’яўляецца часцей дарагім і неэфектыўным механізмам ва ўзаемаадносінах дзяржавы і шоў-бізнэсу ў беларускіх ўмовах (па прычыне функцыянавання сучаснай судовай сістэмы, наяўнасці шырокіх паўнамоцтваў кантралюючых дзяржаўных органаў). Таму прадстаўнікі шоў-бізнэсу вымушаныя альбо прымаць правілы гульні, навязаныя дзяржавай, альбо не прымаць іх і тым самым ставіць вядзенне свайго бізнэсу на нелегальнае становішча альбо ўвогуле выходзіць з гэтай сферы.
Гульні з фарматам
Квота ў 75% беларускай музыкі ў эфіры беларускіх радыёстанцыяў была ўведзеная Міністэрствам інфармацыі з пачатку 2005 году. Гэта значыць, што цягам 24-х гадзінаў кожная FM-станцыя, ў незалежнасці ад абранага фармату, была абавязаная выконваць гэтую норму. Рэальна гэта азначала, што з 300 песень, што гучаць у эфіры, 225 мусяць быць выкананыя беларускімі артыстамі - інакш радыёстанцыя будзе пакараная.
Амаль адразу за невыкананне гэтай нормы большасць радыёстанцыяў атрымала папярэджанні. І музычныя рэдактары пайшлі на хітрыкі: песні айчынных выканаўцаў у асноўным гучалі ўначы ў скарочаным выглядзе альбо за беларускіх аўтараў і выканаўцаў выдаваліся расійскія артысты, якія маюць беларускія “карані”, як, напрыклад, Барыс Маісееў ці Алёна Свірыдава. Дзякуючы гэтаму, норма неяк выконвалася.
Яшчэ ў 2008 годзе чыноўнікі спрабавалі зьмяніць гэтую сітуацыю. У лісце Міністэрства інфармацыі выказвалася пажаданне, каб ад 15 верасня ўсталяваная квота ў 75 працэнтаў беларускай музыкі выконвалася толькі ў праймтайм - раніцай ад 7:00 да 10:00, удзень з 12:00 да 15:00 і ўвечары з 17:00 да 22:00. Адпаведныя рэкамендацыі былі даведзеныя да кожнага кіраўніка FM-станцый, што працуюць на тэрыторыі Беларусі.
Мінуў год, аднак Міністэрства зноў незадаволенае. Маніторынг радыёстанцыяў, які правяло Міністэрства, паказаў, што не ўсе радыёстанцыі ставяць беларускую музыку ў прайм-тайм. На пачатку гэтага года Міністэрства інфармацыі разаслала дырэкцыям радыё чарговы ліст, у якім запатрабавала ад станцыяў “падаць да 1 лютага сваю творчую канцэпцыю з улікам унесеных у яе зменаў, што тычацца 75% “беларускай квоты”, няўхільна выконваць распрацаваную сетку вяшчання музычных кампазіцый беларускіх аўтараў і выканаўцаў”. У выпадку невыканання, кіраўнікоў FM-станцыяў папярэдзілі, што ім пагражаюць жорсткія меры, аж да вызвалення кіраўнікоў ад займаных пасадаў.
У той жа час мае месца моўная дыскрымінацыя. Былі выпадкі, калі музычныя рэдактары адмаўляліся прымаць запісы, якія былі зроблены па-беларуску з фармулёўкай, што запісаны матэрыял не адпавядае якасці, неабходнай для ратацыі на радыёстанцыі. Сітуацыя даходзіла да абсурду тады, калі праз некаторы час музыкі прыносілі той жа матэрыял, толькі запісаны на рускай або англійскай мове. Гэтым разам трэк ужо адпавядаў якасці, неабходнай для ратацыі. Акрамя таго былі выпадкі, калі некаторыя прадстаўнікі дырэкцый радыё абразліва выказваліся аб беларускай мове і адмаўлялі прымаць запісы беларускамоўных выканаўцаў.
Такім чынам беларуская мова фактычна не гучыць на частотах FM-радыё. Рашэнне дзяржавы аб 75% квоце абавязковага гучання беларускай музыкі ў дзённым радыёэфіры не прадугледжвала канкрэтнага моўнага патрабавання. Ідэолагі дадзенай квоты вельмі любяць ставіць прыклад Францыі, дзе на радыё існуе квота ў 60 % французскай мовы, але чыноўнікі не ўлічылі той факт, што французская квота ўсталявала вяшчанне на французскай мове, а не на музыку, проста зробленую на тэрыторыі Францыі альбо французскімі грамадзянамі ўсяго свету. У дадатак да гэтага варта прывесці прыклад дзейнасці ў Францыі так называемай моўнай паліцыі, якая праводзіць маніторынг французскіх СМІ на прадмет выканання ўсталяванай квоты. І яшчэ важны дадатак: гэтая квота распаўсюджваееца толькі на радыёСМІ з дзяржаўным капіталам: камерцыйныя радыёстанцыі самастойна вызначаюць уласную праграмную палітыку.
Фіксаваныя квоты ўжывання нацыянальнай мовы ў радыёэфіры дзейнічаюць і ў краінах-суседках: на Украіне і ў Літве.
У Беларусі, па выніках розных маніторынгаў, доля беларускамоўнага вяшчання складае ад 3 да 9%.Такім чынам, у эфіры з абсалютнай перавагай гучыць музыка на рускай мове.
Пры заяўленай роўнасці беларускай і рускай моваў у Беларусі асноўныя фінансавыя сродкі беларускіх падаткаплацельшчыкаў выдаткоўваюцца на падтрымку рускай мовы, якая такой падтрымкі не патрабуе. Таму мы можам канстатаваць, што ў сённяшняй Беларусі мае месца фінансава-эканамічная дыскрымінацыя беларускай мовы.
Высновы і рэкамендацыі
Шоў-бізнэс, як і іншыя віды камерцыі, з’яўляецца найбольш самастойнай і мабільнай часткай беларускага грамадства, які здольны прыносіць прыбытак дзяржаве. Пры гэтым патэнцыйны яго ўнёсак у эканоміку краіны дагэтуль застаецца недаацэненным. Асобныя меры па лібералізацыі вядзення шоў-бізнэсу (як напрыклад адмена “чорнага сьпісу” ці правядзеньне open-air’аў) можна ацаніць як частковыя і паверхнёвыя.
Ліберальныя настроі шоў-бізнэсу не дазваляюць яму пагаджацца з сённяшнімі правіламі гульні, але ў той жа час і не дазваляюць яму самастойна выжываць у склаўшымся асяродку. Шоў-бізнэс не імкнецца ўплываць на дзяржаву, аддаючы перавагу прыстасоўваюнню і чаканню паляпшэння ўмоваў “зверху”.
Наступныя прапановы могуць пасадзейнічаць лепшаму развіццю шоў-бізнэсу:
- абвяшчэнне асабістай маёмасці як найбольш эфектыўнай формы гаспадарання на айчынным медыярынку;
- правядзенне рэальных рэформ у сферы культуры, якая напрамую ўзаемадзейнічае з шоў-бізнэсам;
- стварэнне стабільных і роўных правілаў для ўсіх эканамічных агентаў, задзейнічаных у шоў-індустрыі;
- стварэнне прававога поля для абароны інтарэсаў шоў-бізнэсу перад дзяржавай;
- скасаванне моўнай дыскрымінацыі (паляпшэнне пратэкцыянісцкіх захадаў з боку дзяржавы: замест існуючага закону аб 75% увесці закон, які рэгулюе ўжыванне беларускай мовы ў эфіры альбо даць магчымасць кожнай радыёстанцыі самастойна выпрацоўваць уласную праграмную палітыку);
- павышэнне сацыяльнай ролі шоў-бізнэсу для раскрыцця яго патэнцыялу;
- стаўка на дыялог з органамі ўлады;
- скасаванне бюракратычных працэдур.