Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах

Mar 14, 2011 22:22


Нядаўна прыйшла мне позва, але не ў КДБ, а ў філіял Беларусбанку побач з чыгуначным вакзалам. Доўга думаў за што мне такое, але ж калі нарэшце прыйшоў, аказалася, яны проста хочуць пагасіць дзіцячы рахунак, адкрыты на маё імя ў 1991 годзе. Памятаеце, перад сконам СССР камунякі вырашылі адабраць у насельніцтва яшчэ трошкі грошыкаў сыграўшы на бацькоўскіх пачуццях? "Мэтавы дзіцячы ўклад" азначаў паступовае ўнясенне сродкаў на імё малога каб у час дасягнення 18 гадоў яму ў якасці пад'ёмных выплацілі ажно 1000 паўнавартасных савецкіх рублёў. Мільёны дарослых людзей у 1991 годзе ўсур'ёз паверылі савецкай дзяржаве, што ўж само па сабе кажа шмат аб чым... Ну дык вось у 2011 г. настаў час збіраць камяні.
  Пакорпаўшыся з 20 хвілін (людзі ў чарзе пры гэтым падазрона шапталіся) касірка нарэшце зразумела ў чым справа, знайшла патрэбны алгарытм дзеянняў. Я падпісаў 5 ці 6 папер і атрымаў на рукі 70 беларускіх рублёў. Вось! А разам з імі - даўжэзную квітанцыю на якой адлюстраваная ўся фінансавая гісторыя незалежнай Беларусі. Прапаную вам набольш цікавыя фрагменты квітанцыі:

Як бачна на гэтым здымку, дзяржава чэсна-чэсна штогод налічвала мне працэнты па ўкладзе так што з улікам першай дэнаменацыі, калі адкінулі адзін нуль, у 1999 годзе на рахунку скапіліся ажно 4 722 рублі, што, пагадзіціся, крута. Але ж 31.12.1999 адбылася чарговая дэнаменацыя, пад час якой адкінулі ўжо тры нулі, і на разунку, па правілах скруглення, апынуліся цэлых 5 беларускіх рублёў. З таго часу дэнаменацый не было, падарункаў і папаўненняў рахунку таксама, але ж за 10 з хвосцікам гадоў толькі за кошт працэнтаў па ўкладзе атрымалася 70 рублёў. Такім чынам профіт склаў больш за 1000 %. Ваісціну, амерыканскія банкіры падавіліся ад зайздрасці пры такой даходнасці ўкладаў. А каб яшчэ не было тых трыклятых дэнаменацый, то сёння атрымаў бы 700 тыс., а не тую занюханую адну, на якую прывабіліся ў 1991 мае бацькі.
Як гэта стала магчыма? Глядзім другі здымак:


Аказваецца ў асобныя гады працэнтная стаўка складала неімаверныя па сённяшніх мерках велічыні: 1993-94 - 300 % гадавых, за новага году 1995 падскочыла аж да 430 %, відаць у эканоміцы быў проста капец, але ж хутка, праз два месяцы яе падбілі да 330%. Прыкінце, за два месяцы скокнула больш чым на 100 % туды і сюды - ФАНТАСТЫКА!!! Потым 1995-1999 - перыяд адноснай стабільнсці (цікава паглядзець хто тады прэм'ерам быў - хіба Лінг), але ж потым ізноўку пайшла катавасія, у 2000 моцны расійскі крызіс зачапіў і на табе - 180 %.
Нагадаю, што сёння стаўка рэфінансавання - 12 %, і яе падвышэнне выклікала ледць не паніку.
Вось такія раптоўныя сутыкненні з гісторыяй могуць адбывацца... Прашу ўключыць мой квіток у хрэстаматыю па навейшай гісторыі!

гісторыя Беларусі, фінансы

Previous post Next post
Up