Лестар - горад, дзе я жыву, - праз некалькі гадоў стане першым тутэйшым горадам, дзе беласкурыя брытанцы будуць меншасьцю. Пры гэтым, і новай большасьці ня зьявіцца: чакаецца, што Лестар стане першым еўрапейскім горадам, чыё насельніцтва будзе складацца з этнічных меншасьцяў: ані беласкурыя брытанцы, ані індусы, ані палякі - ніводная з этнічных групаў і блізка ня будзе складаць палову жыхароў. Мяне гэта не пужае - я сам прышлы тут. Адзіны выразна негатыўны момант, які мне бачыцца, - гэта адсутнасьць параўнальнага з іншымі падобнага памеру брытанскімі гарадамі культурнага жыцьця. У Брытаніі асімілявацца ня так то й проста без свайго настойлівага высілку, вось і трымаюцца людзі паасобку ва ўласных каморах, размаўляюць на ўласных мовах, выдаюць уласныя газеты і ходзяць на канцэрты ва ўласныя культурныя цэнтры. Прывезьці ў Лестар нешта вялікае і яркае, папсовае ці высокае, проста не акупаецца.
Сёньня субота і палова гораду пайшла па крамах. Заўтра будзе тое самае. На цэнтральнай пешаходнай вуліцы за адну хвіліну я зрабіў тры здымкі... група крышнаітаў гучна сьпяваюць пад гадзіньнікавай вежай... самотны дзядзечка з плякатам за Хрыста... мусульманскія місіянеры.
З апошнімі я спыніўся паразмаўляць. Міла пасьмяяліся з маладым і барадатым хлопцам, які пачаў з лухты, якую можна было некалі пачуць ад пратэстантаў на менскім вуліцах: разумная ўпарадкаванасьць створанага сьвету, кароткае жыцьцё і пад. Я спытаўся, ці яны наўмысна прыцягнулі Ісуса да сваёй пропаведзі. Ён мне талкова пачаў тлумачыць, што Ісус - пункт яднаньня для юдаізму, хрысьціянства і ісламу. Пакуль казаў пра Ісуса як прарока, якога мусульмане бяруць за прыклад сабе, я ківаў галавой. Але потым не сьцярпеў пакпіць зь яго, калі той заікнуўся пра Троіцу і заблытанасьць (ці - напластаванасьці розных ідэй і культаў) хрысьціянскай рэлігіі. Мне стала занудна ад яго запэўніваньняў, што іслам - вельмі просты і сэнс Курану - відавочны... я разьвітаўся і пабег у краму па ружовае віно. Не хачу простых рэлігій, адназначных адказаў і відавочнай праўды. Разнастайнасьць куды цікавей, а сьвядомасьць няпростага - спагадлівей.