задаволіць графамана

Nov 16, 2007 21:35

Калі асабліва не напружвацца і далёка не хадзіць, то самая класная рэч, якую я сам хацеў бы прыдумаць, гэта www.lulu.com: і выдавец, і друкар, і кнігарня, - тры ў адным плюс яшчэ багата чаго.

Піянэрам, я рабіў атрадную (шат ап, гэта ня мацернае слова!) насьценгазэту. Потым "Свабодай" і "Навінамі БНФ" гандляваў, "Унію" дапамагаў рабіць, "Царкву" з Наталяй ствараў, "Каталіцкія навіны" і Quest Bulletin рэдагаваў, процьму кніжак зьвярстаў. Была б прадпрымальніцкая жылка... а так вось бібліятэкарам патрапіла стаць.

А Lulu - геніяльная ідэя: даць магчымасьць апошняму графаману задаволіць нястомнае жаданьне надрукавацца. Самае прывабнае ў ідэі, як заўсёды, - банальна простае: ня браць уперад грошай з аўтара. Напішы кніжку (ці складзі фотаальбом, ці запішы музыку, ці ствары фільм), загрузі на Lulu, вызначыся з коштам, а Lulu дадасьць твой шадзёўр у сваю краму. Знойдуцца ахвотныя набыць, то яшчэ й ганар атрымаеш. Lulu зрабіла стаўку на print-on-demand (друк на запыт) - усё яшчэ даражэнную тэхналёгію, якая, аднак, добра акупаецца ім. Кніжку друкуюць тады, калі прыходзіць на яе замова: адзін асобнік, значыць адзін, трыццаць - дадуць зьніжку. Сярэдняя замова на Lulu не перавышае двух асобнікаў :) геніяльна!

Ад ахвотных надрукавацца няма адбою: паэты, рэлігійныя фанатыкі... Я там сваю дысэртацыю надрукаваў (ну як не пахваліцца пры нагодзе?!). Цяпер кніжка пра славянскія ды балтыйскія бібліятэкі ў Брытаніі ёсьць у некалькіх нацыянальных бібліятэках ад Рыгі да Эдынбургу. Варты - хоць і цікавы выбраным спэцыялістам, спрачацца не выпадае, - тэкст не загінуў у маім кампутары. Колісь чытаў пра матэматыка, які сваю манаграфію апублікаваў там жа. Ён сказаў, што ў ягонай галіне ведаў ёсьць 120 чалавек, каму гэта цікава, і ўсе яны ведаюць адзін другога. 120 асобнікаў кнігі задаволіць сусьветны попыт на ягоную працу.

А прыгадалася мне Lulu, бо замовілі мы шэсьць таўсьценных кніжак па аўтамэханіцы, якія набыць можна толькі на Lulu - падобна, што вялікія выдаўцы не зацікавіліся ёй і аўтар (вядомы у сваёй галіне дзядзька) узяўся за справу сам. Факт набыцьця быў неардынарнай падзеяй для бібліятэкі, дзе ўсё закручана на нягнуткай сыстэме прэфэрэнцыйных пастаўшчыкоў. Мая калега, прызвычаеная да старых добрых часоў, не адразу паверыла, што Lulu будзе ня горш за нашага монстра Bertrams (нешта кшталту бібліятэчнага калектара). Вось яна, маладая крывя :)

А яшчэ чытаў у The Guardian пра Іран, дзе выдавец мусіў зьмяніць назву кніжкі Маркеса, каб цэнзура прапусьціла/не заўважыла маральнай неадназначнасьці тэксту. Прапусьцілі, наклад раскупіўся за тры тыдні, але потым-такі маральная паліцыя схапілася за галаву, надавала выдаўцу і звольніла недарэчнага цэнзара. У Іране Lulu зьявіцца ня мог бы: ня будзеш жа перачытваць кніжку наноў кожнага разу, як аўтар правіць яе (сваю я загружаў разоў дваццаць усё з новымі праўкамі). І на Беларусі ня будзе Lulu: няхай сабе фармальнай цэнзуры няма, але ліцэньзія патрэбная, і ISBN абавязковы ... несвабода стрымлівае вынаходлівасьць - надбудова вызначае базіс.
А што б вы хацелі б вынайсьці?

бібліятэка, lulu.com, выдавецтва, казкі жыцьця

Previous post Next post
Up