(no subject)

Oct 24, 2007 20:11

Быў у  Нарніі, цэлы тыдзень. Сьнягі там і буры, марозна-марозна, прыгоожааа... Засьнежаныя дрэвы, абледзянелыя доўгія-доўгія прыступкі, невялікія корчмы, там-сям раскіданыя ў гарох, у якія заходзяць рэдкія вандроўнікі па цёплае піва зь сіропам ці міску супа.







Вось яно, валадарства каралевы.




Пакручастая тропка да ейнага замку.










Памадзе для вуснаў знайшлося прымяненьне (шутка).













Касьцёл з цыбулінай. Ніколі ня бачыў, каб вернікі так складна, у адзін момант укленчвалі (як на Зважай вайскойцы, а мо і лепш нават) як тут.




У кавярні з былых швейных машынак сталы зрабілі. Крыху нязграбна, але дасьціпна. Гэта лепшы бок мясцовага кічу.
Нарнію я знайшоў у Карпачы - маленькім мястэчку на польска-чэскай мяжы, у гарох, узгадкі пра якія чуць раней не даводзілася - Карканошы. Бліжэйшае мястэчка - Еленя Гура. Ад Варшавы туды ідзе начны цягнік і паўзе даўжэй, чым да Менску. У Карпачы штодругая хата - гатэльчык. Штотрэцяя - рэстаранчык. П'юць там непрыемнае піўка Żywiec і мясцовае Tyskie. Бррр. А ядуць ... гм ... Танна, але так сабе. Вось што палякі класна робяць, дык гэта сэрнікі - тварожныя пірагі (cheese cake).

Самая высокая гара побач - Śnieżka (1602 м). Пакуль на яе зойдзеш, чэска-польскую мяжу некалькі разоў пяройдзеш туды-сюды. У сьнежных бурах памежнікаў, праўда, не назіралася, толькі знакі памежныя сіратліва мёрзнуць. А на самой Сьнежцы стаіць мэтэрыялягічны цэнтар (і бар у ім для вандроўнікаў), у 1970-х збудаваны. Вельмі страшная будыніна, як тры грыбы ці касьмічныя талеркі, якія разам зьліпіліся. Напэўна, злая каралева там і жыве. Каля ейнага палацу (польская маёмасьць) стаяць капліца і будка чэскай пошты - замерзла-зачыненыя ў тыя дні, што я забіраўся на гару.

Кічу ў Карпачы багата паўсюль: старыя гадзіньнікі побач з драўлянымі лесавікамі, пустымі пляшкамі і вышыванкамі. Драўляныя лавы пад вывескамі кока-колы. Мясцовы касьцёл унутры таксама кічовы, атлусьцела-барочны. Звонку нішто сабе, асабліва цыбуліна на вежы - як у Аўстрыі. Але знайшлася адна рэч, ад якой дух прыемна захапіла. Побач з Карпачам стаіць царква (kosciół Wang), якую ў 19 стаг. прывезьлі з Нарвэгіі, дзе будынак занепадаў. Царква была збудаваная на мяжы 12 і 13 стаг. безь цьвікоў (сьцьвярджае кніжка). Невялікая, з мноствам разьбяных элемэнтаў (класныя вікінгавыя галовы з падвоенымі языкамі), вельмі-вельмі ўтульная. Дрэва надзіва добра захавалася, да яго класна прытуліцца і забыцца. Цяпер там лютэранская парафія.

Летам у Карпачы таксама добра, але народу поўна. Калі не баіцеся маразоў (яны ў гарох у гэты час, а ў мястэчку было даволі цёпла), то вельмі раю тыя мясьціны ўвосень. Мо і я б да вас далучыўся?

падарожжы, карпач, казкі жыцьця, польшча

Previous post Next post
Up