Нядаўна прачытаў, што англікане прадалі SPCK (Society for Promotion of Christian Knowledge - існуе зь 19 стаг.) - самую вялікую брытанскую сетку хрысьціянскіх кнігарняў, - нейкаму амэрыканскаму праваслаўнаму бізнэсмэну. У прынцыпе, мне ўсё роўна - абы кніжкі там былі. У нашай мясцовай кнігарні я якраз і набываю іх звычайна. Але вось другая навіна была пра тое, што нехрысьціянскіх пісаньняў (Карану, напр.) у SPCK больш ня будзе - "варожая літаратура". Пайшоў я праверыць тую навіну, але да паліцаў з сакральнымі тэкстамі не дайшоў: пабачыў дзьве паліцы, якіх раней не было. Яны былі добранька застаўленыя зусім новымі і добрымі кніжкамі праваслаўных выдаўцоў, перадусім амэрыканскіх. Корпаўся я там нядоўга, выцягнуў на белы сьвет кніжку а.Томаса Хопкі. Першы раз бачыў кніжку праваслаўнага аўтара на the тэму. Вось вам, сябры мае, пераказ і думкі аб прачытаным:
Хрысьціянская вера і аднаполая схільнасьць: усходне-праваслаўныя разважаньні
Thomas Hopko, Christian faith and same-sex attraction: Eastern Orthodox reflections. Ben Lomond, California: Conciliar Press, 2006. 126 pp. ISBN 1888212756.
Кніга а. Томаса (Фамы) Хопка - невялікая, але вартая ўвагі праца папулярнага амэрыканскага праваслаўнага аўтара. Яна цікавая ня толькі прадметам, які ў наш час становіцца прычынай унутраных і міжцаркоўных дыскусій і канфліктаў. Яна несумненна можа паслужыць добрымі ўводзінамі ў праваслаўную духоўнасьць і, у такім выглядзе, зьяўляецца спробай свайго роду мосту для тых, хто "пакутуюць на аднаполую схільнасьць", да жыцьця паводле праваслаўнае Традыцыі. Камэнтары да кнігі, бадай, такія ж доўгія, як і асноўны тэкст. Яны пасьлядоўна вяртаюць чытача да аўтарытэтаў праваслаўнага багаслоўя, яго мэтадалёгіі і асноўных паняцьцяў. Аўтар таксама часам спасылаецца на сучасных аўтараў, у тым ліку з тых, хто працаваў і працуе ў кірунку "гей- або кўір-тэалёгіі", але выбар гэтых аўтараў вельмі вузкі, далёка не прадстаўнічы, а іх тлумачэньне і крытыка выдае іх павярхоўнае разуменьне (зрэшты, першаснай задачай а. Хопкі не была палеміка з "кўір" аўтарамі ці аналіз іх тэкстаў).
Аўтар сыстэматычна пазьбягае словаў "гомасэксуальнасьць" і "гей". Ён прытрымліваецца перакананьня амэрыканскага каталіцкага служэньнея Courage (ня блытаць з брытанскай аднайменнай пратэстанцкай арганізацыяй), што няма асобнае клясы гомасэксуальных людзей, а ёсьць людзі з "аднаполымі схільнасьцямі". Людзі бываюць мужчынамі ці жанчынамі, але іх нельга катэгарызаваць паводле сэксуальнае арыентацыі. Падобныя погляды ў каталіцкай тэалёгіі зьяўляюцца хутчэй анахранізмам (прынамсі, пасьля ватыканскае дэклярацыі Persona Humana, 1975, і пазьнейшых дакумэнтаў, датычных гомасэксуальнае арыентацыі), але цалкам у рэчышчы раньняга багаслоўя, у т.л. некаторых Айцоў Царквы. Такая пазыцыя дазваляе аўтару адасобіць быцьцё ці схільнасьць ад дзеяньняў, практычнага выяўленьня схільнасьці.
Т.Хопка разьвівае тэму біблейскага anthropos - чалавека як мужчыны і жанчыны, камплемэнтарных паводле сваёй прыроды. Толькі тое сэксуальнае жаданьне, якое скіраванае да асобы супрацьлеглага полу і рэалізаванае ў кантэксьце верных (committed) адносінаў - шлюбу, - можа быць "камплімэнтарным, злучальным, жыцьцё-стваральным і ўмацоўваючым жыцьцё" (с.24) паводле Боскае задумы. Аднаполыя ж сэксуальныя стасункі ня здольныя "ствараць і разьвіваць фізычнае, эмацыйнае і духоўнае жыцьцё людзей [...] Аднаполыя схільнасьці, што вядуць да генітальных стасункаў - як і разнаполыя пазашлюбныя стасункі [...] - гэта здрада любові, якой зьяўляецца Бог. Як такія, падобныя дзеяньні непазьбежна становяцца прычынай ранаў для ўсіх, каго датычаць, і перадусім для самое пары [каханкаў]" (c.25). На жаль, аўтар не падмацоўвае свае сьцьвярджэньні ані спасылкамі на досьвед, ані на верыгодныя дасьледваньні. (Напрыканцы кнігі аўтар тлумачыць, чаму праваслаўнае багаслоўе не бярэ пад увагу высновы навуковых дасьледваньняў, а перадусім - сацыяльных навукаў: яны датычаць створанага і грахоўнага сьвету і ў лепшым выпадку толькі адлюстроўваюць стан грахоўнасьці, але нічога ня кажуць пра сьвет, якім ён пакліканы быць паводле Божае волі.) Трэба заўважыць, што Т.Хопка асьцярожны не дэманізаваць геяў і аднаполыя стасункі, бо нішто і ніхто ў створаным сьвеце, паводле праваслаўнага вучэньня, не зьяўляецца абсалютным, татальным злом. Падобна, што аўтар схільны бачыць у сэксуальным жаданьні як такім нешта нэгатыўнае, жарсьлівае, што можа быць правільна скіраваным толькі ў кантэксьце сужонскага жыцьця. Ён адзначае - сьціпла, праўда, у адной са спасылак, - што полавыя стасункі зьяўляюцца перашкодай цнатлівага жыцьця (life of virtue) і духоўнага сузіраньня.
Т.Хопка піша, што паводле праваслаўнага вучэньня людзі не выбіраюць сваіх сэксуальных пачуцьцяў і схільнасьцяў. Яны могуць, аднак, або прымаць, або змагацца з гэтымі пачуцьцямі. Для праваслаўных хрысьціянаў "корань актуальных, асабістых грахоў - ня ў кепскіх рашэньнях, а ў дапушчэньні, што мы, людзі, увогуле маем выбар, і ў тым, што мы думаем і дзейнічаем паводле такога дапушчэньня" (с.40). Веруючыя людзі не выбіраюць "дзейнічаць або не паводле сваіх сэксуальных пачуцьцяў і жаданьняў [...] Яны хутчэй бачаць сябе ведзенымі Божай любоўю пэўнымі шляхамі рабіць пэўныя рэчы. Яны бачаць сябе тымі, хто так насамрэч ня мае іншых варыятнаў, як толькі прымаць Божую волю ва ўсім і спадзявацца на Яго міласэрнасьць, калі яны - па сваёй волі ці не - робяць памылкі" (с.41). Няма асобнай хрысьціянскай праўды, якая б мусіла канкураваць з іншымі праўдамі, а таму хрысьціяне "ня йдуць за поклічам уласнага розуму, сэрца або цела" (с.92). ""Праўда ёсьць праўдай," - усклікае аўтар. - "Яна адна для ўсіх" (с.93).
Аўтар прысьвячае адзін зь невялікіх разьдзелаў тлумачэньню таго, як аднаполая схільнасьць можа быць "па волі" ці з дапушчэньня Бога. Ён кажа, што неабходна адрозьніваць "прадбачлівы дазвол" (providential permission) ад сутнаснага жаданьня (essential goodwill) Бога. Зло, якое мы назіраем у сьвеце і ўдзельнікамі якога становімся - гэта частка першага, "прадбачлівага дазволу", бо ад пачатку Бог ведаў, што стварэньне Яго будзе бунтоўным. З чалацкага бунту супраць Бога нараджаюцца пакуты, несправядлівасьць і г.д., у т.л. і сэксуальныя жарсьці ў іх сапсаванай форме, як аднаполыя, так і разнаполыя. Аднаполае жаданьне ў прынцыпе можа быць плёнам сутнаснага жаданьня Бога, калі яно скіраванае і перажыванае правільна. Але ў сваёй сапсаванай форме, калі ўключае жаданьне генітальных стасункаў, аднаполая схільнасьць - гэта "крыж, які трэба несьці, а ня Божы дар, які трэба сьвяткаваць" (с.45).
Т.Хопка мімаходам закранае тэму гомасэксуальнасьці ў Сьвятым Пісаньні. Ён настойвае, што праваслаўныя хрысьціяне чытаюць і разумеюць кожны фрагмэнт Слова Божага ў кантэксьце ўсяго Пісаньня. Такі прынцып, паводле аўтара, прымушае пабачыць у гісторыі Садома і Гаморы (Род 19) пакараньне аднаполае распусты, у першым разьдзеле Пасланьня Паўла да Рымлянаў - ідалапаклонскую сутнасьць гомасэксуальных практыкаў, а ў Эвангельлі ад Лукі (18:8) - прадбачаньне таго, што памнажэньне грэху, у т.л. колькасьці людзей, якія пакутуюць на аднаполае жаданьне, будзе прызнакам дызынтэграцыі грамадзтва й людзкога роду. На жаль, аўтар замоўчвае тое, як сучасьнікі Ісуса і Ён сам разумелі гісторыю Садому й Гаморы (Мц 10:5-15) і нічога ня кажа пра дэбаты аб неадназначных словах апостала Паўла. Гэтая частка кнігі Т. Хопкі найслабейшая.
Адваротнае трэба сказаць пра разьдзелы, прысьвечаныя аскетычнай практыцы і пастырскай апецы гомасэксуалаў. Збольшага аўтар прымае прынцыпы прыгаданай вышэй Courage, але інтэрпрэтуе іх з пункту гледжаньня праваслаўнае духоўнасьці. Ён пагаджаецца, што гомасэксуальная арыентацыя можа быць нязьменнай у чалавеку, але праваслаўныя хрысьціяне павінны скіроўваць аднаполыя жаданьні ў кірунку сяброўскіх адносінаў і полавага ўстрыманьня. Т.Хопка станоўча ацэньвае ролю псіхатэрапіі ў кантраляваньні й сублімацыі аднаполых жаданьняў пры ўмове, што такая тэрапія грунтавалася б на прынцыпах праваслаўнае дактрыны. Паўнавартасны ўдзел у таінствах - складовая частка змаганьня з распуснымі схільнасьцямі, а таму "тыя, хто кінуў змагацца ці - што яшчэ горш, - ня верыць у неабходнасьць такога змаганьня, не павінен удзельнічаць у Сьвятой Эўхарыстыі" (с.106). Аўтар адзначае, што пастырская апека ў праваслаўнае традыцыі кіруецца перадусім ня літарай закону, а эканоміяй (oikonomia) - адаптаваньнем законаў і правілаў да шэрае рэальнасьці людзкіх жыцьцяў. Ён скептычна ацэньвае здольнасьці хрысьціянскіх супольнасьцяў, парафіяў, прыняць геяў і стварыць неабходныя ўмовы для пастырскае апекі імі з-за духоўнае нясталасьці праваслаўных масаў. "Калі ўзяць пад увагу ўсё, што адбываецца ў нашым глыбока беззаконным (disordered) сьвеце, праваслаўнае пастырскае служэньне для асобаў з аднаполым жаданьнем вымагае экстраардынарнае праніклівасьці, цярплівасьці, спачуваньня й любові" (с.112). Падобна, што аўтар схіляецца да індывідуальнага духоўнага кіраўніцтва, непрыкметнага для ішных аднаверцаў.
Т.Хопка кажа, што мужчыны й жанчыны з аднаполым жаданьнем, якія імкнуцца заставацца "незабруджанымі сьветам", могуць быць добрымі бацькамі сваіх уласных - народжаных у шлюбе, - ці прыёмных дзяцей. Ён дапушчае магчымасьць шлюбу гея ці лезьбіянкі (паўтаруся, аўтар пасьлядоўна пазьбягае падобнае тэрміналёгіі) з асобай адрознага полу - пры ўмове духоўнае сталасьці абодвух і поўнае сьвядомасьці гетэрасэксуальнага сужонка пра сэксуальнасьць другога. Ён таксама бачыць магчымым рукапалажэньне ў сьвятары людзей з аднаполай схільнасьцю - зноў жа, пры ўмове іх духоўнае і псыхалягічнае сталасьці. Сюрпрызам для многіх - а перадусім англамоўных чытачоў, каму кніга ў першую чаргу і прызначаецца, - можа быць перакананьне Т.Хопкі, што праваслаўныя хрысьціяны павінны пагадзіцца на пэўныя грамадзянскія правы для геяў, у тым ліку ўвядзеньне цывільных партнёрстваў, бо, на яго думку, пярэчаньне такім правом толькі шкодзіць самім хрысьціянам, бо стварае імідж зацятае і несправядлівае апазыцыі ў вачох геяў. Аўтар, безумоўна, падкрэсьлівае, што толькі шлюб паміж мужчынам і жанчынай зьяўляецца сапраўдным, жаданым Богам шлюбам. Ён, аднак, старанна імкнецца паказаць, што неміласьцівае стаўленьне да геяў было б здрадай пакліканьня сьведчыць пра Божую любоў да ўсяго стварэньня.
Аўтара можна аднесьці да той катэгорыі пастыраў-пісьменьнікаў, хто здольны казаць і пісаць практычна на любую тэму. Ён прапаведнік і папулярны аўтар, не дасьледчык. Гэта тлумачыць некаторыя хібы тэксту, а перадусім - супярэчнасьці ці, прынамсі, нявытлумачаныя сьцьвярджэньні і высновы. Паспалітаму чытачу будзе няпроста разабрацца, чаму ў адным месцы аўтар кажа пра сэксуальнае жаданьне несумненна пазытыўным тонам, а ў іншым сьцьвярджае яго заганны характар. Кніга наўрад ці будзе карыснай чалавеку, не знаёмаму з манаскай аскетыкай і, мне падаецца, некаторыя практычныя імплікацыі, прапанаваныя аўтарам, выглядаюць наіўнымі па-за манастырскімі сьценамі.
Як каталіку, мне было немагчыма не заўважыць, што тэма сумленьня не закранаецца ў кнізе наогул. Сумленьне для каталіка - гэта тая прастора, момант, дзе непазьбежныя канфлікты паміж ідэалізаваным і патрабавальным вучэньнем з аднаго боку, і шэрай рэчаіснасьцю нашага жыцьця - з другога, знаходзяць сваё рэалістычнае вырашэньне. Без жывога, актыўна, крытычнага, настойлівага сумленьня стваральны ўдзел у жыцьці Царквы (і супрацоўніцтва з Богам, калі так можна сказаць) становіцца як мінімум праблематычным: дзе яшчэ разнастайнасьць галасоў Пісаньня, Традыцыі і іх інтэрпрэтацыі, і мноства іншых галасоў, што кормяць нас пытаньнямі, прыкладамі, натхненьнямі і т.д. - магчымы? Абыйсьці пытаньне сумленьня можна, калі прыняць за аксыёму, што ўсё патрэбнае для нашага збаўленьня ад пачатку ўжо прамоўленае і зробленае за нас і бяз нас, што нашая справа - гэта акуратнае сьледаваньне напісанаму сцэнару дзеля абяцанае ўзнагароды.
Пагадзіўшыся на гэта, спакусьлівым і лягічным крокам будзе сьцьвярджаць, што людзкі розум і намаганьні пазнаньня марныя, бо скалечаныя грахом, а досьвед наш нічога ня варты. Ці не таму кніга кажа пра геяў як пра неіснуючых людзей - асобаў з аднаполай схільнасьцю, якая ў сваю чаргу ня можа быць крытэрам клясыфікацыі, адрозьненьня. Бо так прасьцей: калі іх няма, то і голасу іх слухаць ня трэба, гаварыць можна пра іх, а ня з імі.
Кніга Т.Хопкі, безумоўна, вартая чытаньня й перакладу - хаця б дзеля ініцыяваньня роздуму й дыскусіі.