Аб малітве ў інтэнцыі міру ва Украіне

Jul 18, 2014 13:10



Паведамленне
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
аб малітве ў інтэнцыі міру ва Украіне


Апошнія драматычныя падзеі ва Украіне з’яўляюцца для нас матывам, каб звярнуцца да вас, браты і сёстры, з заклікам да далейшай гарачай малітвы ў інтэнцыі мірнага вырашэння нарастаючага канфлікту ў гэтай краіне. Таму звяртаемся да ўсіх вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, каб найбліжэйшыя дні былі напоўнены малітвай за Украіну. Просім святароў, усіх вернікаў і людзей добрай волі, каб гэтая інтэнцыя стала для кожнага прыярытэтнай справай, а асабліва каб яна знайшла месца ў агульнай малітве, якую ўзносім да Усемагутнага Бога падчас святых Імшаў.

Падтрымліваючы ўкраінскі народ ў яго змаганні за свабоду і тэрытарыяльную незалежнасць, верым, што наш малітоўны зварот да Бога, для якога няма немагчымых рэчаў, паспрыяе спыненню канфліктнай сітуацыі, прынясе мір і згоду і дапаможа ў будаванні новага ладу ва Украіне.

Сваёй малітвай мы ахопім усіх ахвяр братазабойчага канфлікту, асабліва тых, хто бязвінна загінуў у апошнія дні, - нашых братоў і сясцёр. Будзем маліцца таксама за ахвяр авіякатастрофы на ўсходзе Украіны.

Браты і сёстры, у такой нестабільнай сітуацыі, якая змяняецца з гадзіны на гадзіну, няхай у нашых сем’ях, парафіях, супольнасцях не будзе недахопу ў жэстах духоўнай салідарнасці і еднасці з нашым братнім украінскім народам.

Мінск, 18 ліпеня 2014 г.
Каталіцкія Біскупы Беларусі

p.s. Просьба да шаноўных святароў азнаёміць вернікаў з дадзеным паведамленнем у бліжэйшую пасля атрымання нядзелю і заахвоціць да малітвы.

dominican, military, belarus, cruciata, legio, internet

Previous post Next post
Up