Св. Максімільян Марыя Кольбэ
«ДАРУЧЭННЕ СЯБЕ БЕЗЗАГАННАЙ»Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан.
Паводле: M.M. Kolbe «Oddanie się Niepokalanej». - Niepokalanów, 2002 r.
Св. Максімільян Марыя Кольбэ: «Усе ўшанавальнікі Беззаганнай прагнулі належаць Ёй і рознымі словамі гэта выказвалі. Быць Яе слугою, быць Яе дзіцем, Яе нявольнікам - гэтыя і падобныя да іх ідэалы асвятлялі ім жыццёвы шлях. Аднак усе прагнулі належаць Ёй найпаўней і, несумненна, хацелі б карыстацца ўсімі тытуламі, якія хто-небудзь прыдумаў або чыя-небудзь любоў была б здольная прыдумаць у будучыні. Адным словам - належаць Ёй, бязмежна належаць Ёй - вось светач жыцця для многіх, многіх сэрцаў. (…)
Паводле вобразу Божага Сына, Бога-Чалавека, які ёсць вечным, павінны фармаваць сябе ўсе дзеці Божыя, пераймаючы Яго рысы. Наследуючы Хрыста Пана, душы будуць скіроўвацца да святасці; чым дакладней хтосьці ўзновіць у сабе вобраз Хрыста Пана, тым больш ён наблізіцца да боскасці, абагавіцца, стане чалавекабогам (гэта і ёсць заручыны душы з Хрыстом для боскага прыпадабнення і дзеяння).
Калі хтосьці не захоча мець Беззаганную Марыю за Маці, той не будзе мець і Хрыста Пана за брата, і Бог Айцец не спашле яму Сына, і Сын не сыдзе ў яго душу, і Найсвяцейшы Дух не сфармуе Божымі ласкамі яго містычнае цела паводле вобразу Хрыста, бо ўсё гэта адбываецца ў Беззаганнай Марыі, поўнай ласкі, і толькі ў Марыі - па той прычыне, што ніводнае іншае стварэнне не з’яўляецца ні беззаганным, ні поўным ласкі, і ніколі не будзе такім. Адсюль вынікае, што «Пан з ім» не будзе так блізка, як з Беззаганнаю Дзеваю. Першародны Бога-Чалавек быў зачаты толькі дзякуючы поўнай згодзе благаслаўлёнай Дзевы, не іначай адбываецца і з іншымі людзьмі: яны павінны ва ўсім старанна наследаваць свой Першаўзор.
Ва ўлонні Беззаганнай душа павінна адрадзіцца на падабенства Езуса Хрыста. Беззаганная павінна малаком сваёй ласкі выкарміць, узгадаваць, выхаваць душу так, як карміла, гадавала і выхоўвала Езуса. На Яе каленях душа павінна навучыцца пазнаваць і любіць Езуса, з Яе Сэрца чэрпаць любоў да Яго, больш за тое, Яе Сэрцам любіць Яго і дзякуючы любові прыпадабняцца да Яго».
- Як даручыць сябе Беззаганнай?
- Акт даручэння сябе Беззаганнай
http://ave-maria.by/archive/24-206/66-daruchenne-syabe-bezzagannaj- Сутнасць даручэння сябе Беззаганнай
- Няспыннасць у даручэнні сябе Беззаганнай
http://ave-maria.by/archive/25-209/67-daruchenne-syabe-bezzagannaj Калі мы адзін раз аддамо сябе Беззаганнай ва ўласнасць, гэтае адданне будзе дзейснае, нават калі мы не думаем пра гэта пастаянна: мы часта молімся да Пана Езуса і Божых святых, але не думаем пра тое, каб ахвяраваць свае малітвы Пану Езусу праз рукі Беззаганнай, аднак гэтыя дзеянні маюць такое ж самае значэнне, як і ў тым выпадку, калі б мы думалі пра даручэнне сябе Беззаганнай, - яны цалкам належаць Ёй. І тады нашыя малітвы набываюць найдасканалейшую вартасць, бо Пан Езус глядзіць ужо не на нашую недасканаласць, а на Марыю; наша малітва сама па сабе абмежаваная, недасканалая, а Пан Езус прымае яе як беззаганную, бо яна ідзе з рук Марыі, нават калі душа пра гэта не думае.
Найважнейшае для нас - старацца жыць так, каб усё больш станавіцца ўласнасцю Беззаганнай, штодня ўсё больш належаць Ёй. Менавіта на гэтае асабістае адданне сябе Беззаганнай у выключную ўласнасць, на адданне Ёй сябе як прылады мы павінны рабіць галоўны акцэнт.