Для часопісу
«Ave Maria» пані Ірына Жарнасек папрасіла караценька : ) адпавесьці -- кім для мяне ё Марыя? Адказ -- ніжэй : ) Гэна мусіць быць надрукаванае да будслаўскага фэсту : )
Кім для мяне ё Марыя?
Ave Maria! Найсвяцейшая Панна Марыя - найвышэйшая са створаных Богам істотаў. Вышэй за Яе - сам Езус. Яна для мяне найбольш выразна прамаўляе ў таямніцы Звеставання і Беззаганнага Зачацця. Таму прашу ў Бога, каб мая недасканалая душа ўкшталтавалася, развілася і ўдасканалілася ў табэрнаклі святога ўлоння Багародзіцы, маёй Нябёснай Маці. Яна - наша Маці - прагне таго, каб мы ўсе - дзеткі Бога - сфармаваліся на кшталт Яе Сына. Ён паказаў нам усім дасканаласць Божага дзіця-чалавека і сваім Евангеллем паклікаў наблізіцца да Яго, Які наблізіўся да кожнага з нас.
На жаль, часцяком чалавечая недасканаласць адхіляе маю душу з таго праўдзівага шляху, якім мяне вядзе Яна. І тады жыццёва важна як найхутчэй зноўку і зноўку за помаччу Марыі вяртацца на той
найдасканалейшы з усіх шляхоў - з Езусам у Марыі, у Езусе ў Марыі, праз Езуса ў Марыі - дзеля Езуса ў Марыі. Гэта абсалютна надзейны Шлях з вялікай літары, бо Яна дзейнічае моцам Святога Духа - сам Дух Святы праз Яе чыніць, сам Езус зыходзіць і ўзыходзіць праз Яе. Постаць Марыі не засціць для мяне Езуса, але адкрывае Яго мне ва ўсёй паўнаце і велічы (наколькі сам я здольны гэна адчуць, пачуць і ўбачыць).
Вобразна кажучы, Марыя - быццам ба той маяк, што без памылкі паказвае адзіна слушны кірунак да зямлі абяцанай у бязмежным акіяне, наўпросты шлях да Хрыста тады, калі ўласны наш зрок не дае рады Яго ўбачыць. Марыя - мая безумоўная Валадарка. З добрай волі аддаў Ёй усё, што меў, маю і яшчэ мецьму: усе моцы і дабро, якія ёсць ува мне, і ўсю недасканаласць і слабасці. Яна - Пасярэдніца і Распараджальніца ўсіх Боскіх ласк - ахвяраю і ўладаю Хрыста - здольная перамяніць ува мне ўсё горшае і чыстае на лепшае і найлепшае, і аддаць гэна ўсё да рэшты Нябеснаму Айцу, нічога для ўласна сябе не пакідаючы.
Бо Яна - ў Ім, бяз рэшт самаадданая Нявольніца Любові Хрыста. Бо не Яна - але сам Езус у Ёй - жыве і пануе. Гэта вельмі радасна - аддаць (і штодня аддаваць ізноўку) сябе ў няволю любові нашай Нябеснай Апякункі. Што праўда, само паняцце няволі часта сярод люду асацыюецца з негатыўнаю з’явай, адмоўнымі сэнсамі, але ў дадзеным выпадку гэткая найдасканальшая няволя прычыніцца толькі да найдасканальшай свабоды - свабоды ад Шатана і ўсіх спраў, і ўсіх нявольнікаў ягоных. Шляхам такой марыйнай духоўнасці мяне скіраваў мой святы Людвік Марыя дэ Манфор. Для ўсё большага праслаўлення Бога праз Богародзіцу.
Андрэй Людвік Мікалаеў OPs
г. Менск, грэка-каталіцкая парафія Святога Міколы Цудатворцы