«Маё Безаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам»

Oct 16, 2013 13:22









У дзень апосталкі Найсвяцейшага Сэрца Езуса св. Маргарыты Марыі Алякок і 35-рочча пантыфікату бл. Яна Паўла ІІ, паснедаўшы з Хрыстом - Хрыстом, змяшчаю свой артыкул-агляд гісторыі прысвячэння краёў і свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі з кастрычніцкага нумару часопіса «Ave Maria» (№10 (223), 2013, стар. 2-4) - у аўтарскай (поўнай) версыі. Друкаваную дадам, калі з'явіцца на сайце.

«Маё Безаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам»
(аўтарская (поўная) версыя)

«Маё Безаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам
і шляхам, які прывядзе цябе да Бога».
(Маці Божая ў Фаціме, 13/VI 1917
Маці Божая ў Будславе, 6/VII 2013)

«Містэрыя Сэрца Збаўцы свеціць і адбіваецца ў Сэрцы Маці, Якая адначасна ё таварышкаю і вучаніцаю. Падобна як урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса ё сінтэтычнаю цэлебрацыяй збаўчых таямніц Хрыста, крыніцаю якіх ё Сэрца, гэнак жа і ўспамін Беззаганнага Сэрца Марыі ё цалкавітаю цэлебрацыяй «сардэчнага» саўдзелу Маці ў збаўчай справе свайго Сына, пачынаючы ад уцелаўлення - ажно да Ягонай смерці, уваскрасення і спаслання дару Святога Духа. (…) Формы культу Беззаганнага Сэрца Марыі - захоўваючы неперакрачальную дыстанцыю паміж Сынам, праўдзівым Богам, і Марыяй, Якая ёсь толькі стварэннем - у пабожнасці люду наследуюць пашану, якая аддаецца Сэрцу Хрыста: праз адданне сябе Ёй паасобных верных, сем’яў, супольнасцяў законных і народаў, здавальненне праз малітву і ўмярцвенне, справы міласэрнасці і практыку пяці першых субот месяца» (Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў - «Дырэкторый аб пабожнасці люду і літургіі. Прынцыпы і ўказанні», 174, Рым 17/XII 2001, пер. аўт.).

Практыка прысвячэння сябе Марыі - аддання Багародзіцы ўласнай волі, сэрца, свядомасці, розуму, заслугаў і ўвогуле ўсёй сваёй уласнасці - вядомая прынамсі ад VII ст. Аднак яшчэ цэлае тысячагоддзе прайшло, пакуль яна з выразу пабожнасці асобных людзей і згуртаванняў (ордэнаў, брацтваў, парафій і дыяцэзій) пераўтварылася ў шлях да святасці для народаў і нацый. Тутака трэба адзначыць, што прысвячэнне народа і дзяржавы Сэрцу Езуса і Марыі павінна мець ня толькі прыватны, але і грамадзка-палітычны характар. У сваім палкім прагненні навяртання душаў Сэрца пажадала быць у асаблівай пашане ня толькі паспалітага люду, але - элітаў, якія ўласным прыкладам і ўплывам маглі б спрыяць пашырэнню і паглыбленню веры і цнотаў ва ўсім народзе.

Прысвячэнне ё актам, у якім ахвяруем Богу нешта каштоўнае - дзеля аддання Яму хвалы, дзеля надання гэнаму дару пэўнай сакральнасці і вартасці, праз якія ён пазбаўляецца свайго звычайнага аспекту. Прысвячэнне можа датычыць ня толькі прадметаў, але і асобаў, сем’яў, інстытуцыяў, народаў ці ўсяго чалавецтва. Прысвячэнне служыць дзеля сымбалічнага вызнання Божай улады над утвораным светам, шляхам прызнання Божага права на атрыманне пэўнай ягонай часткі як «ахвяры», нагадвае таксама чалавеку, што ён усе свае памкненні мусіць кіраваць да Бога і ўсё аднаўляць у Хрысце. Адданне сябе Сэрцу - гэта, прадусім, нястомнае вырачэнне ўсіх справаў шатанскіх і аднаўленне шлюбаў Святога Хросту.

Паводле легенды, першае ў свеце падобнае «народнае» прысвячэнне мелася адбыцца зусім блізка ад нас - у далёкім 1037-ым годзе, калі князь Яраслаў Мудры прысвяціў Багародзіцы Кіеўскую Русь. Праз год тое ж учыніў у сваёй дзяржаве кароль венгерскі св. Штэфан. У 1142-ім Божай Маці аддае сябе Партугалія. Сустракаюцца звесткі, што падобных актаў у XII ст. даканалі Англія і Францыя.

Але ўласна гісторыя гэткіх прысвечанняў распачынаецца ў 1638-ым, калі кароль Людовік XIII аддаў Марыі сваё панаванне ў Францыі, а ў 1646-ым падобнае ўчынена ў Партугаліі. 1/IV 1646 года кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян Казімер Ваза перад вобразам Маці Божай Ласкавай у львоўскай катэдры - у прысутнасці цэлебранта Св. Імшы папскага нунцыя кард. Пьетра Відоні і ўсяго каралеўскага двара, з рыцарствам, сенатарамі і духавенствам склаў каралеўскія шлюбы, аддаўшы Ёй сваю дзяржаву і агаласіўшы Яе Каралевай Кароны Польскай. Далей - Аўстрыя, Англія, Швайцарыя, Баварыя, Гішпанія, Ірландыя, іншыя дзяржавы…

Шанаванне Найсвяцейшага і Беззаганнага Сэрца з часам паглыблялася, пашыралася і ўзмацнялася, практыка ж аддання нацый пад панаванне Марыі аднавілася ў XX ст. - у сувязі з Фацімскімі аб’яўленнямі да с. Лусіі ад Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі, узмацненнем у свеце атэістычных і квазіпаганскіх ідэялогій. Ад часу, калі Маці Божая дала сваю фацімскую зброю, гісторыя набірае незвычайныя паскарэнне і хуткасць. Чытач ведае гісторыю Фацімы, таму абмінем дэталі ў нашым пераказе - ня маючы магчымасці нават пералічыць тутака ўсіх адмысловых падзеяў ва ўсім свеце, узгадайма для нас найважнейшыя.

У Pontevedra 10/XII 1925 Дзетка Езус паведаў сястры Лусіі: «Май спагаду з Сэрцам Тваёй Найсвяцейшай Маці, атачоным цернем, якім няўдзячныя людзі Яе ўвесь час зноўку і зноўку раняць, а няма нікога, хто б праз акт узнагароджання тое церне павыцягваў», - Марыя ж дадала: «Прыйду ў гадзіну смерці з патрэбнымі для збаўлення ласкамі да ўсіх тых, хто напрацягу пяці месяцаў у першыя суботы учыніць споведзь, прыйме Св. Камунію, адгаворыць адзін Ружанец і праз 15-хвіліннае разважанне над ружанцовымі таямніцамі таварышыць мне будзе ў інтэнцыі здавальнення». А ў аб’яўленні ёй жа ў Tuy 13/VI 1929 з вуснаў Багародзіцы чуем заклік: «Прыйшла хвіліна, у якой Бог заклікае Святога Айца, каб супольна з біскупамі ўсяго свету прысвяціў Расію майму Беззаганнаму Сэрцу, абяцаючы яе ратаваць за помаччу гэтага сродку». У гэных аб’яўленнях вытокі вядомага нам набажэнства Першых субот месяца і справы прысвячэння Расіі і свету Сэрцу Беззаганнай.

Колькі-ж была Божай моцы ў тых простых словах фацімскай візіянэркі! 13/V 1931 у Фаціме, пры збегу незлічонага натоўпу верных, Біскупат Партугаліі ў поўным складзе прысвяціў свой край Сэрцу Марыі. Колькі-ж была Божай моцы ў тым акце прысвячэння, што Неба адгукнулася адразу ж! Гісторыкі ўголас сцвярджаюць: той факт, што Партугалія засталася па-за сцэнаю камуністычнай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Гішпаніі, быў сапраўдным цудам. Гэнкага акту Партугалія даканала пасля ’шчэ двойчы: на парогу ІІ Сусветнай (краіна цудам захавала ў вайне нейтралітэт) і ў 1975-ым (камуністы і ваяўнічыя бязбожнікі цудам не атрымалі ўлады ў краіне).

Як разгарэлася II Сусветная вайна, сястра Лусія пісала Папу Пію XII: «Як не памыляюся ў сваім з'яднанні душы з Богам, Пан наш абяцаў атачыць адмысловаю апекай Партугалію (…), зважаючы на прысвячэнне нацыі праз біскупаў партугальскіх Беззаганнаму Сэрцу Марыі - як довад ласкаў, што будуць удзеленыя іншым нацыям, калі - як і Партугалія - сябе Яму прысвяцяць». Тутака ўсё-ж нельга не прыгадаць, што ’шчэ раней за Партугалію - 25/VIII 1920, пасля Варшаўскай бітвы - Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі была адданая Польшча, праз Начальніка дзяржавы Маршалка Юзафа Пілсудзкага.

Завярэнне польскага народу Беззаганнаму Сэрцу Марыі - як аднаўленне гістарычных шлюбаў з Хрыстом і Каралеваю Польшчы - адбылося на Яснай Гары 8/IX 1946 і вынікла слыннымі Яснагорскімі Шлюбамі Народу 26/VIII 1956 - на хвалу Бога ў Багародзіцы. Сярод еўрапейскіх краін у тыя часы прысвяцілі сябе Беззаганнаму Сэрцу народы Аўстрыі і Венгрыі (1947), Нямеччыны (1954), Гішпаніі (1956), Італіі (1959), Швайцарыі (1960). У астатнія дзесяцігоддзі Беззаганнаму Сэрцу Марыі адданыя былі народы Літвы, Латвіі, Славакіі і - дзякуем Богу праз Багародзіцу - Беларусі ( 6/VII 2013 на дакананне ўрачыстага юбілею 400-годдзя прыбыцця цудатворнага вобраза Маці Божай у Будслаў). Праз месяц пасля нас (15/VIII 2013) гэнае ж учынена і з народам Ірландыі.

30/X 1942 Святы Айцец Пій XII упершыню спрабуе выканаць фацімскае пажаданне Боскай Маці і прысвячае свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Ён жа ўчыніць гэна паўторна праз месяц, 8 снежня - але ўжо не праз зварот у радыё-этэры, а ў літургіі ў самым сэрцы Касцёла, рымскай Базыліцы св. Пятра. Потым, у 1952-ім годзе, прысвеціць Беззаганнаму Сэрцу Марыі ўсе люды Расіі (меліся на ўвазе, напэўна, народы СССР). Некалькі спробаў прысвячэння свету (1942, 1952, 1982 і 1984) і Расіі (1952, 1982 i 1984) урэшце прывялі да таго, што Неба прыняла той самы акт, якога некалі прасіла ад нас Багародзіца.

Ёсь каталіцкія колы, дзе - аргументавана і не галаслоўна - сцвярджаецца думка, што насамрэч прысвячэння Расіі Сэрцу Беззаганай дагэтуль не даканана, што Неба не залічыла нам таго, што адбылося 25/III 1984. Спрэчка ў гэтым пытанні, як на маю думку, ня мае развязання ў агляданай будучыні, таму адказнасць бярэ кожны на сябе сам: альбо мы слухаем і давяраем усяму аўтарытэтнаму слову Папы, Касцёла і с. Лусіі, вымаўленаму перад ІІ Ватыканскім Саборам і пасля яго, альбо не давяраем гэнаму ўсяму - ані пасля ІІВС, ані перад ім. Альбо так, альбо гэтак - іншага няма і ня будзе, кампрамісу няма і ня будзе! Варыянты выбару - ўзаемавыключальныя. Кожны сам мусіць узяць на сабе адказнасць перад Богам за свой выбар уласнай пазіцыі ў пытанні «ці ўжо дакананае „прысвячэнне Расіі“, ці не?».

У афіцыйным лісце з Фацімскага санктуарыю ў 1999-ым а. Леіт піша: «Прысвячэнне Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі - гэткае, аб якім прасіла Маці Божая - дакананае праз Святога Айца ў лучнасці з усімі біскупамі свету: канчаткова зрэалізаванае 25 марта 1984 года перад фігураю Маці Божай, адмыслова прывезенай ажно да Рыму з Фацімы, з Капліцы аб’яўленняў. У лучнасці са Святым Айцом, на ягоную выразную просьбу, біскупы свету таварышылі яму ў тым знаменным акце. Сястра Лусія шмат разоў казала, што гэнае прысвячэнне цалкам адпавядае прагненням Маці Божай. У лісце да Вальтэра Ноэлькэра (Walter Noelker) засведчыла: „Мяне спыталі, ці прысвячэнне дакананае згодна з просьбаю Маці Божай. Адказваю: ТАК!“». Звяртаю ўвагу: гаворка не пра «прысвячэнне Расіі» і не пра «прысвячэнне свету» - але наўпрост пра «прысвячэнне, якога прагнула Наша Пані».

У размове 17/XI 2001 з тады ’шчэ абп. Тарчызіо Бэртонэ SDB, у прысутнасці а. Льюіса Кондара SVD (віцэпастулятара беатыфікацыйнага працэсу бл. Францішка і бл. Гіацынты Марто) і настаяцелкі кармелітанскага кляштару св. Тэрэзы, 95-гадовая (але ў здаровай і адэкватнай форме) с. Лусія данесла: «Казала ўжо, што прысвячэнне, якога прагнула Наша Пані, было дакананае ў 1984-ым годзе і было прынятае ў Небе. (…) Хай [людзі] чытаюць маю кніжку; тамака ёсь парады і заклікі, якія ё выразам прагненняў Нашай Пані. Малітва і пакута, злучаныя з вялікай вераю ў моц Божую, збавяць свет».

13/IX 2013 на святкаванні 10-годдзя кансэкрацыі касцёла Маці Божай Фацімскай у Жодзіне, наш пастыр абп. Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў у гаміліі: «Напрыканцы сваіх аб’яўленняў Маці Божая ў Фаціме папрасіла аб прысвячэнні Расіі Яе Беззаганнаму Сэрцу і сказала, што Яно затрыумфуе, і Расія навернецца. Марыя гаварыла аб Расіі, але Яе словы адносяцца і да Беларусі, бо ў тыя часы яна належала да Расійскай імперыі. С. Лусія сказала, што слова „Расія“ з фацімскіх аб’яўленняў неабходна разумець як „увесь свет“, бо „грэх ня мае нацыянальнасці“. Фацімскае пасланне застаецца актуальным: сёння неабходна ня толькі хрысціць навернутых, але і навяртаць ахрышчаных». 13/X 2013 - на кульмінацыю Марыйных дзён Года веры - перад фігураю Маці Божай Ружанцовай з Капліцы аб’яўленняў, якая з Фацімы наведае Вечны горад, у часе Святой Эўхарыстыі Папа Францішак у лучнасці з намі і ўсім Касцёлам зноўку прысвеціць свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Услухаймася ў гэты заклік: «Вера, малітва, пакута! Вера, малітва, пакута!». Прыслухаймася і збаўляйма свет - тутака і зараз. Праз Пана Езуса ў Панне Марыі. Праз Панну Марыю ў Пане Езусе. Праз вялікую веру ў моц Божую. Праз пакутную малітву і малітоўную пакуту. Праз свядомую перапрашальную жывую ахвяру ў Хрысце з сябе самых за грэшнікаў - за сябе і за іншых, за Беларусь і за люд беларускі. «Пакуты! Пакуты!! Пакуты!!!» - трубіць нам Анёл Партугаліі. «Пакуты! Пакуты!! Пакуты!!!» - заклікае нас Анёл Беларусі. Божа, уратуй Беларусь! Няхай будзе толькі Твая воля, Божа! Амэн.

Fra Ludovicus OPs,
Mancipium Christi in Mariae,
Fraternitas Sanctae Trinitatis

dominican, belarus, cruciata, legio, szlachta, litvania, military, internet, personal, liga

Previous post Next post
Up