І апошнія будуць з першымі

Aug 23, 2012 20:40



"Ведаю, што апошнія будуць першымі"

Уладзімір Вайцяховіч, рыцар Менскай Вандэі: "Пачалося ўсё так, што горш не прыдумаеш... У сэрцы было адзінае жаданне: развярнуцца і пайсці назад. Але… Усю ноч адбываліся маленькія цуды - іх ланцужок хутка вёў нас да мэты... І, на шчасце, зноў Бог не пакінуў нас... Такім чынам, ва ўрачыстасць Божай Міласэрнасці, а трэцяй гадзіне дня, я стаяў, укленчыўшы, перад труною благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ з ружанцам у руках і маліўся Вяночак да Божай міласэрнасці, а ў сэрцы вельмі ясна, з глыбокім спакоем усведамляў: адбыўся цуд!..

У гэтыя хвіліны я зразумеў, што якой бы безвыходнай ні была сітуацыя, чалавек не павінен губляць веры ў міласэрную Божую любоў. Яна ёсць. Яна рэальная. Яна дзейсная. Трэба толькі адно - моцна верыць у яе... Цэлых пятнаццаць хвілінаў доўжылася мая размова з Папам. Я спытаўся, што трэба зрабіць, каб Бог благаславіў нашую краіну і народ. Мне прыйшоў вельмі просты адказ: калі будзе ў Беларусі дастаткова душаў, дарэшты адданых і прысвечаных Беззаганнаму Сэрцу Марыі, сатана назаўсёды пакіне гэтыя землі...

Там, дзе пануе Беззаганнае Сэрца Марыі, няма месца злому духу... Вось што піша святы Луі дэ Манфор у сваім трактаце: "Калі несмяротныя чалавечыя душы будуць мець такую патрэбу ў Беззаганнай Панне Марыі, як смяротныя целы маюць патрэбу ў паветры, каб дыхаць? Тады цудоўныя падзеі адбудуцца на нашых заняпалых землях, і Святы Дух, знайшоўшы тут сваю каштоўную Нявесту, быццам уцелаўлёную ў душах вернікаў, шчодра праліе свае дары на род чалавечы і адорыць яго асабліваю мудрасцю, каб людзі здолелі чыніць усё ў ласцы Божай"...

Падчас начнога стаяння на плошчы святога Пятра ў цішыні раптам загучаў спеў: «Хрыстус уваскрос! Аллелюя!» Гэта Юля Панасік з мінскай пілігрымкі заспявала па-беларуску. Спеў падхапілі іншыя галасы. Гэта ажывіла натоўп, і, калі спеў скончыўся, нехта крыкнуў: «Italiano!», і людзі пачалі спяваць па-італьянску. Пасля: «Español!», «Deutsch!», «English!», «Français!», «Polska!»… Спеў мацнеў і ўжо ахопліваў усіх пілігрымаў. Вось так найменшая пілігрымка з Беларусі абудзіла ўсю плошчу...".

Жыве Беларусь! Жыве з Богам!
І апошнія будуць з першымі...

dominican, military, belarus, legio, internet, personal

Previous post Next post
Up