Шматузроўневая свядомасьць

Jan 12, 2009 19:31



«…Паняцце народа было цесна звязанае з паняццем дзяржавы. Таму федэрацыйную дзяржаву, якая паўстала ў выніку рэальнай уніі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, называлі Рэччу Паспалітай Абодвух Народаў. Гэта выяўлялася ў канстытуцыях, гэткаю была і пануючая свядомасць шляхты. Тагачасны народ быў перадусім народам палітычным. У ягоны склад уваходзілі грамадзяне, якія чынна ўдзельнічалі ў палітычным жыцці, а значыць, шляхта. Таму палякам быў грамадзянін Кароны як з этнічна польскіх, так і рускіх земляў; аналагічна літвінам быў шляхецкі «тубылец» (азначэнне з крыніц) Вялікага Княства, незалежна ад яго этнічнага паходжання і мовы, якую ён ужываў… Гэта не азначае, быццам у межах абодвух палітычных народаў - польскага і літоўскага - не адрознівалі палякаў ці літвінаў ад русінаў. Адрозненні былі выразныя як у моўнай, так і ў рэлігійнай сферы… Над адрозненнямі, аднак, пераважала саслоўная салідарнасць. Яе вызначала прывабнасць шляхецкіх прывілеяў, з якіх руская шляхта карысталася нароўні з польскай ці літоўскай…»

«…Праніклівы даследчык літоўскай мінуўшчыны Адольфас Шапока (Adolfas Šapoka) так характарызаваў польска-літоўскія стасункі пасля Люблінскай уніі: «Шляхецкія правы былі польскага паходжання, і таму часта нават літвіны называлі абедзве дзяржавы Польшчаю, а іх вырашальны грамадскі слой - польскім народам. Аднак, гэта была толькі грамадская і культурная супольнасць. Палітычна гэта былі дзве, хоць нават з’яднаныя аднароднай арганізацыяй, аднак асобныя дзяржавы, якія самі дбалі пра свае ўласныя справы». У гэтых развагах А. Шапока сцвердзіў існаванне ў пануючым саслоўі Літвы гістарычнай двухузроўневасці нацыянальнага пачуцця…»

«…Шматлікія крыніцы сведчаць, што, пачынаючы з XVII ст., адрозніваліся вузейшая айчына - Літва - і шырэйшая, Рэч Паспалітая, якую часта называлі таксама Польшчаю. Як грамадзяне Кароны, так і літвіны былі паводле тагачасных паняццяў палякамі. Гэтае паняцце, аднак, мела тады палітычны, а не этнічны характар. Гэткі ж палітычны характар мела акрэсленне «літвін». Ім азначалася шляхта, якая паходзіла як з этнічна літоўскіх, так і з беларускіх земляў. Як правіла, яна была дзвюхмоўнаю…»

«…Асабліва выразна пачуццё палітычнай асобнасці шляхты Вялікага Княства абазначылася пад час Чатырохгадовага Сойму, які працаваў пад вузлом дзвюх канфедэрацыяў: кароннае на чале са Станіславам Малахоўскім і літоўскае пад кіраўніцтвам Казіміра Нестара Сапегі. Плёнам Чатырохгадовага сойму была, як вядома, не толькі унітарная Канстытуцыя 3 мая 1791 г., але і папраўка да яе - Узаемныя Заручыны Абодвух Народаў (tekst) ад 20 кастрычніка таго ж года, якая, умацоўваючы повязі ў сферы вайсковай арганізацыі і скарбу, гарантавала далейшае існаванне цэнтральных літоўскіх установаў, асобны судовы лад і ўласную сістэму права. Для грамадзян Літвы забяспечвалася палова месцаў у цэнтральных установах Рэчы Паспалітае…»

«…Збліжэнне Кароны і Вялікага Княства перад абліччам знадворнае небяспекі на схіле XVIII ст. ішло ў пары з захаваннем федэрацыйнае мадэлі Рэчы Паспалітае Абодвух Народаў. Гэта знаходзіла выраз у дэманстрацыі двухузроўневай, а часам і трохузроўневай нацыянальнай свядомасці. Моцна выяўлялася яна і пазней, ужо пасля падзелаў, у моманты патрыятычных уздымаў і нацыянальных паўстанняў, становячы форму, якая лучыла пачуццё палітычнай еднасці з усведамленнем асобнасці жыхароў гістарычнае Літвы…»

«…Літоўскі сепаратызм anno 1862 можа тлумачыцца ў катэгорыях да падзелаў, як рэха даўніх спрэчак Літвы з Каронаю пра агавораную ў актах уніі асобнасць Вялікага Княства…»

«…Нам, літвінам, г. зн. польскай моладзі з гістарычнае Літвы, ішлося перадусім аб тое, каб Літва спалучыла свае рухі з рухамі Кангрэсавай Польшчы… Гэтыя нашыя намаганні да аб’яднання Літвы з Польшчаю, аднак, пазней памылкова ацэньваліся як дзяржаўніцкае, цэнтралістычнае імкненне на карысць выключна польскай нацыянальнасці. Мы сапраўды прагнулі вяртання Рэчы Паспалітае ў яе даўніх межах, але паводле перакананняў мы былі федэралістычнымі рэспубліканцамі і не толькі хацелі забяспечыць правы ўсім нацыянальнасцям, што ўваходзілі ў яе склад, але, як прыхільнікі народа, падтрымлівалі пачуццё нацыянальнае самастойнасці, якое абуджалася сярод літоўска-рускага народа. Кажучы «мы», маю наўвеце моладзь, палітычна свядомую і актыўную. Нацыянальнае пытанне было частым прадметам спрэчак сярод універсітэцкае моладзі і было ў нашым перакананні дастаткова асветлена…»

«…Свядомасць Б. Ліманоўскага, хоць ён у пазнейшыя гады свайго доўгага жыцця здаваў сабе справу з характару нацыянальных рухаў у Літве, Латвіі ды Беларусі і разумеў падаплёку іхніх жаданняў, вызначалася ідэалогіяй пачатку 60-х гадоў XIX ст., калі цэнтральным пунктам маніфестацыяў у Літве было спяванне гімну «Boże coś Polskę»; спявалі таксама - і па-літоўску - «Jeszcze Polska…»; урачыста адзначалася гадавіна Люблінскай уніі. Гэта адбывалася ў перыяд, калі пісаў эпігон літоўска-беларускага рамантызму Ўладыслаў Сыракомля, а радыкал Кастусь Каліноўскі выдаваў па-беларуску нелегальную газету «Мужыцкая праўда». К. Каліноўскі, якога кіраўнік белых у Літве характарызаваў як «літоўскага сепаратыста, а на словах - крыважэрнага дэмагога», так пісаў у беларускай адозве «Пісьмо од Яська гаспадара спад Вільні»: «Мы што емо хлеб польскі, што жывемо на зямлі польскай, мы Палякі з векоў вечных»…»

«…Гэтая шматузроўневасць нацыянальнае свядомасці знаходзіла апору ў традыцыі літоўска-польскае рамантычнае літаратуры, у традыцыі філаматаў і філарэтаў… Тут мы маем дачыненне з пашырэннем тэрміна «паляк» на іншыя этнічныя супольнасці, што сведчыць пра асіміляцыйны ўплыў польскае культуры і пра жыццяздольнасць палітычнай ідэі, якая злучала Карону і Літву. Гэтую шматузроўневасць можна назваць гістарычнай свядомасцю, падкрэсліваючы факт, што «літоўская» нацыянальная свядомасць вызначалася паходжаннем з тэрыторыі былога Вялікага Княства, незалежна ад этнічнае прыналежнасці і культуры, а «польская» ахоплівала і Карону, і Вялікае Княства. Вось жа, яна была творам гісторыі, якая звязала абедзве дзяржавы і нацыянальнасці, якія ў іх жылі… Гэтая гістарычная свядомасць, адрозная ад сучаснай нацыянальнай свядомасці, была вельмі жывучаю. Можна меркаваць, што адною з прычын доўгай трываласці шматузроўневай нацыянальнай свядомасці быў нацыянальны ўціск, які зазнавалі ўсе супольнасці, што насялялі тэрыторыю гістарычнае Літвы…»

«…Для нас тэрмін “літвін”… не азначае толькі чалавека, які гаворыць на літоўскай мове, але незалежна ад таго, якую мову ўжывае, кожнага сына Літвы, яе добрасумленнага грамадзяніна…»

«…Усведамленне асобнасці літвінаў і беларусаў не выключала пераканання, што супольная мінуўшчына з’яднала абодва народы. Гэтая супольная мінуўшчына, на якую спасылаўся Сыракомля, з’яднала і Літву (у гістарычным сэнсе) з Каронаю. Таму ён лічыў магчымым супольнае акрэсленне этнічных літвінаў і беларусаў як палітычнага літоўскага народа, які ўваходзіў у склад шырэйшае супольнасці «ляхаў», пад якімі паэт разумеў сыноў аднаго вялікага цэлага - даўнейшае Рэчы Паспалітае, усё яшчэ жывой, нягледзячы на падзелы, у свядомасці яе жыхароў, перадусім шляхты і зроджанае з яе інтэлігенцыі…»

«…В. Данэк вызначыў рэгіянальную іерархію вартасцяў, якая выступала ў Крашэўскага, у такой паслядоўнасці: літвін, паляк з Крэсаў, жыхар Каралеўства, пазнанец, галічанін…»

«…Цяжка, а часам немагчыма правесці граніцу, дзе канчалася шматузроўневая свядомасць літвінаў-палякаў ці беларусаў-(часам і інфлянтцаў)-літвінаў-палякаў, білінгвістаў з дому (у школе дадавалася яшчэ трэцяя мова - расійская), і нараджалася беларуская ці літоўская нацыянальная свядомасць. Праўда, часам, што было характэрна на тэрыторыях, дзе ў апошнія дзесяцігоддзі XIX і ў XX стагоддзі за ўладу над душамі змагаліся розныя нацыянальныя супольнасці, адзін і той жа чалавек на розных этапах свайго жыцця дэклараваў сябе то палякам, то літоўцам ці беларусам. Асабліва цікавыя матывы змены выбару, калі ішлося пра асобаў, што належалі да інтэлектуальнай эліты краю - а значыць, там, дзе працэс асіміляцыі саступаў месца свядомаму выбару…»

«…Ежы Баляслаў Матулевіч (па-літоўску Matulaitis, пазней Matulevičius), віленскі біскуп у 1918-1925 гадах. Ён быў выхаванцам духоўнае семінарыі ў Кельцах, дзе выкладаў ягоны стрыечны брат, які вызначаў сябе за паляка. Матулевіч, у сваю чаргу, вызначыў сябе як літоўца…»

«…На глебе, якою была шматнацыянальная супольнасць на землях былога Вялікага Княства Літоўскага, вырас грамадска-палітычны феномен, які атрымаў найменне «краёўцаў». Спасылаючыся на традыцыю Вялікага Княства Літоўскага, яны абвяшчалі салідарнасць насельніцтва краю без увагі на мову і вызнанне, проціпастаўляючы яе, як пісаў М. Здзяхоўскі, «шалеючым нацыяналістычным жарсцям»… Прымат краёвай повязі над этнічна-нацыянальнай канчаткова сфармаваўся ў пачатку XX ст. Ідэалогія краёўцаў была, можна сказаць, працягам і разам з тым трансфармацыяй шматузроўневай нацыянальнай свядомасці. Пазіцыі краёўцаў і блізкія да іх сустракаліся часцей сярод інтэлектуальнай эліты, чым у сярэдніх слаях. Значная большасць краёвае шляхты і інтэлігенцыі адназначна лічыла сябе палякамі. Іх было асабліва шмат у Вільні, якая прамянілася культурнай польскасцю, і ў яе ваколіцах. Аднак не варта недаацэньваць адрозненняў паміж пазіцыямі польскіх эліт і асяроддзяў, дзе фармавалася грамадская думка, у нацыянальных пытаннях у Літве і Беларусі. Тут льга адрозніць розныя плыні, якія змагаліся міжсобку…

Першая, традыцыяналістычна-кансерватыўная, спалучала ўсведамленне культурнай польскасці паноў і шляхты былога Вялікага Княства з патэрналістычным стаўленнем да літоўскіх ці беларускіх сялян, з прыняццем іх мовы і народнай культуры. Выразнікамі гэтай плыні былі, напрыклад, Эдмунд Вайніловіч, Міхал К. Паўлікоўскі, часткова таксама Канстанцыя Скірмунт, якая прызнавала нацыянальныя правы літоўцаў і беларусаў пад умовай, што яны прызнаюць кіраўнічую ролю краёвае шляхты. Эпігонам гэтага кірунку быў ксёндз Валяр’ян Мейштовіч, які ва ўспамінах, пісаных у другой палове нашага стагоддзя, згадваючы часы сваёй маладосці, падкрэсліваў кіраўнічую і апякунчую ролю сямейнага двара ў этнічнай Літве. Ён жыва адчуваў гэтую этнічна-моўную повязь. «Мы не толькі ведалі абедзве мовы,- пісаў ён,- але да абедзвюх былі прывязаныя, былі сапраўды дзвюхмоўныя. І гэтую дзвюхмоўнасць мы лічылі прывілеем, багаццем, якога не мелі жыхары Кароны… Мы ганарыліся старажытнасцю і хараством нашае літоўскае мовы».

Другая плынь краёўцаў, дэмакратычная, спалучала польскую культурную свядомасць з прызнаннем права літоўцаў і беларусаў на самастойнае палітычнае існаванне. Абвяшчаючы прымат «краёвасці», якая яднала ўсіх жыхароў гістарычнае Літвы, краёўцы, а менавіта Тадэвуш С. Урублеўскі, Людвік Абрамовіч, Зыгмунт Юндзіл, Людвік Хамінскі, выступалі ў II Рэчы Паспалітай у абарону дыскрымінаваных літоўцаў і беларусаў…»

«Так мінуўшчына дагэтуль адгукаецца ў свядомасці паасобных людзей і грамадскіх групаў, чые пазіцыі караняцца ў мінулых стагоддзях, у Рэчы Паспалітай Абодвух (а па сутнасці, Чатырох) Народаў»

Юліуш Бардах «Шматузроўневая нацыянальная свядомасць
на літоўска-рускіх землях Рэчы Паспалітае ў XVII-XX ст.»

litvania, belarus, internet

Previous post Next post
Up