Вынікі сустрэчы. Другія выбары.

Dec 09, 2010 17:57


Вынікам сённяшняй сустрэчы на офісе БХД сталі некалькі рашэнняў. Мы дамовіліся пра сустрэчу, разам з паплечнікамі, прыхільнікамі і актывістамі - на Плошчы. 19 снежня. А 20:00.

І на нашай Плошчы ў нас ёсць два мэсаджы, якія мы хочам данесці да народа і да ўсяго света. Па-першае, што фальсіфікацыі пачаліся задоўга да 19-га снежня. Што ўся перадвыбарчая кампанія была са шматлікімі парушэннямі, і што выбары не могуць і не павінны быць прызнаны. І як следства - тут яшчэ адзін наш мэсадж - павінны адбыцца другія выбары. Без удзелу Лукашэнкі. Каб абмеркаваць дэтальна розныя сцэнары падзеяў, мы дамовіліся сустрэцца яшчэ раз.

Песімізму вынікі сустрэчы ў мяне не выклікалі. Хаця і шкада, што аргументы наконт зняцця з выбараў не прынятыя. Мая прапанова - зняцца ўсім разам - падаецца, была б самым мэтазгодным рашэннем. Гэта гарантавала б непрызнанне выбараў, моцную Плошчу. З’яўлялася магчымасць дасягнуць максімальнага эфекту мінімальнымі сродкамі.

Але большасць кандыдатаў вырашыла, што ўсё ж трэба прайсці выбарчы марафон ажно да 19-га. Толькі Міхалевіч яшчэ не даў канчатковага адказу, паабяцаўшы неўзабаве вызначыцца. Але агульная стратэгія выпрацавана - і гэта вельмі важны крок наперад.

Плошча, Краіна, выбары

Previous post Next post
Up