Стабільны карантын

Feb 22, 2010 22:07

Для іншых мо і дзіва, для нас дык - не. Едзеш пагутарыць з людзьмі ў дзіцячы садок, школу, універсітэт. Ды куды заўгодна. На паўдарозе заспявае навіна. Тэлефануе дырэктарка школкі - ажно па тэлефоне адчуваецца - рукі заломвае, самой няёмка. Але працаваць хочацца: “Выбачайце, у нас тут… карантын!” Карантын - яно яшчэ нічога. А бывае - трубы прарвала, памёр хтосьці…

Адмоўная рэклама нібыта і рэклама. А ў Беларусі і больш за тое: адсутнасць выніку - ужо вынік, пазіцыя. Не пусцілі - значыць маюць на твой конт сумнеў. А калі сумняюцца - значыць адчуваюць небяспеку. А самае небяспечнае на сённяшні дзень для іх - гэта змены. У Беларусі стабільнасць ужо стала мантрай, якая насуперак усяму, насуперак нармальнаму жыццю і здароваму сэнсу колькі год, як заведзеная, паўтараецца з экранаў тэлевізараў і хваляў радыёпрымачоў. Уся краіна, што карантынная зона. Толькі не ясна, ці нас ад чагосьці (праўды?) хочуць уратаваць, ці ад нас - кагосьці.

Краіна

Previous post Next post
Up