як малюнкі
у кніжках хаваецца
застыгла
адно на ўсіх дзеянне
тут ні вецер не вее
ні марозіць зіма
а яны ўсё адно - у дамах
ля надзьмуханых штучнай надзеяй
батарэяў
тэрмін годнасці - выйшаў
на сродках хімічных
трымаецца - тэрмін вартасці
і трывае
на тэрміне пятым
у хістаннях сваіх празаічнае
на падставы застацца
багатае
у мяне небывалае свята
скрозь тыпова бетонныя плошчы
прозвішчамі названыя спрошчанымі
я ў родную некалі крочу
рэчаіснасць адцення зямлістага
дзёрну восеньскага гусціва
па слядох ад парадных вусеняў
у балота маўклівых вуснаў
у фасфарычна п’яныя ночы
хай здаецца знямоглым
сонца -
па ўласнай дарозе коціцца
распушчае святло
разварушвае цень
пра прыродны парадак клапоціцца
не кранае законаў людзей
...спадарынь
з нацёртымі прагаю ззяць
мазалямі
што выходзяць
з тэрміну годнасці
як на ходнік з метро - запаволена
нібы нехта гукнуў - азіраюцца
на часова шчаслівых
ды ахвярна няшчасных
падзяляюцца
на галоўнай плошчы - пустэльня
хваліцца тэрмінам вартасці
васьмікутнае пліткі
закладзенай
гэтак шчыльна - як у рэшце двароў
дзе ўпарта нішто не змяняецца
толькі цені ўцеклых гадоў
ля пад’ездаў сядзяць
да катоў усміхаюцца
© Некурилла