Аўта(мота-вела)біяграфія.... для пасвечаных

Mar 19, 2010 15:13


Смак сухога, а дакладней - вытраўага віна на маіх вуснах, сухога - бо зсохлася. Аблізваю вусны... Кісла. Не смакуе...

Іншая ці звычайная? Імаверна - звычайная, якая прагне быць іншаю. Палахлівая. Дробязг. Сківіцы сцягвае... “Пасля 25-ці скура пачынае губляць калаген”... Пачала. Паглядзі на іншага - ён мае паўстагоддзі за плячыма - ан-не... жывы, сцягнуты, як мае сківіцы.

Быць нікім. Не быць нічэйнаю памяццю. Нічэйнаю будучыняю не быць. Не мроіцца і не сніцца. Прайсці мімаход начной крамы, не спаткацца з ейнымі пакутлівымі паляўнічымі. Не шукаць чорнай коткі ў цёмным пакоі... У ім - белая, збянтэжаная, хітрота.

У маёй Адміністрацыі ўсе чыны належаць адной асобе. За вартасццю дзеянняў хаваецца немэтазгоднасць рухаў. Тыя хто траціць веру ў вынік, могуць доўга ўтрымліваць матывацыю, але не бясконца... Таму і самадастатковасць пустая, і пустэча - самадастатковая - не рабіцца часткаю мяне. Спрабую, што ёсць моцы.

Я п’яная, як звычайныя, але з іншымі думкамі. Без малога сярэдняга ўзросту, хударлявага целаскладу, спакойная. Нарадзілася, у мясцовасці, былі бацькі, намагаліся, хіба не атрымалася. Таму сама... памылялася, навучалася, працавала... Кім? Сурвэткаю. Сухою і белаю, як свежыя сумёты - калі не кранацца. Краніся - увесь бруд твой з’ем, але найперш - растану. Не пацяку.

Дохлыя каты, але жывыя і вабныя (бо дохлыя, бо павінныя змагацца)... пад вокнамі чарговага горада... паўсюль аднолькавыя - каты і гарады. А вам цікава, з якога па які год, чаму менавіта гэта і менавіта гэтак. Чаму без апухлых ад слёз вачэй і чаму без амбіцыі “мець імя сярод звычайных”? Незразумела...

Я не лепшая, чым згнілы лістападаўскі ліст, чым аргазм у падворку старога завода. Не лепшая за бела-блакітнае адлюстраванне аблокаў у здавалася б мутнай вадзе. Не лепшая чым звычайныя, горшая, чым іншыя. Юлія Цяльпук.

Сонное, Личное

Previous post Next post
Up