памёр яшчэ адзін чалавек
кажуць - яшчэ адзін нарадзіўся...
вялізныя аўты вывозяць снег
каб нам было зручна ісці далей
і каб ніхто на шляху не спыніўся
не збелянеў
ад гэтага ветру падтэкстам у штылі
ад чорнае хмары ў чыстым небе
ад словаў "выпадак" і "абставіны"
якіх не скрэслілі
не змянілі
былі не ў стане
вялізныя аўты вывозяць снег
камусьці кветак нясуць ахапку
памёр яшчэ адзін чалавек
будаўнікі аднаўляюць дахі
будаўнікі аднаўляюць дахі!
...галіны дрэваў глытаюць сонца
якому доўга яшчэ свяціць
з якога цешыцца людзям доўга
усім
каму выпадае жыць...
якое слова было апошнім
напэўна тое што не сказаць
сказаць нічога цяпер ня можна
падумаць
вышэптаць
закрычаць
...усё звязанае з ім - прыгожае
таму складана злавіць адказ
чаму цяпер у апошні раз
у шлях апошні
***
ЗАГІНУЎ ВАДЗІМ АРШЫНСКІ (1960-2010)
Сёння загінуў наш калега, магілёўскі журналіст Вадзім Аршынскі. Ён быў аператарам і амаль заўсёды заставаўся па-за кадрам. Аднак без ягонай адданай працы не паўстаў бы ніводзін матэрыял, які распавядаў пра праблемы Магілёўшчыны.
ВАДЗІМ АРШЫНСКІ:
“З самага першага дня пачатку трансляцыі “Белсату” бяру актыўны ўдзел у стварэнні навінавых сюжэтаў для “Аб’ектыву”. У раённых гарадах заўжды існуюць такія “актывісты”, якія адразу праз мабільны тэлефон пачынаюць выклікаць міліцыю і дакладаць аб тым, што тут хтосьці невядомы з камерай нешта здымае. Рэч у тым, што ў нас у краіне няма пачуцця свабоды. Бачна, што людзі баяцца выказваць свае думкі. Асабліва калі гутарка датычыць палітыкі, то толькі 10 % пагаджаюцца адказаць на пытанне. Астатнія махаюць рукамі ды кажуць: “Не-не-не! Мы не хочам казаць пра палітыку...” Лічу, што гэта звязана з тым, што людзі баяцца, баяцца казаць праўду...”
Пасля выканання рэдакцыйнага задання, Вадзім вяртаўся дамоў. З даху пад'езду, дзе жыў журналіст, зваліліся будаўнічыя матэрыялы і зляжалы снег. У доме рамантавалі дах. Вадзім памёр па дарозе ў рэанімацыю. Лекары ўжо перадалі матэрыялы ў пракуратуру, праўдападобна, што яна пачне крымінальную справу. Мы прыкладзем усе намаганні, каб высветліць акалічнасці смерці нашага калегі.
Пахаванне журналіста адбудзецца ў суботу ў Магілёве. У Вадзіма засталіся двое сыноў ды жонка. Мы выказваем свае спачуванні сям'і ды блізкім Вадзіма Аршынскага.
“Аб’ектыў”
http://www.belsat.eu/