Feb 04, 2024 22:54
Я гляджу ў гэту цемру,
як быццам там спяць караблі...
Мне здаецца, іх мроі сплываюць у цьмяныя далі...
Мы нарэшце да нейкага берагу даплылі...
Праўда, душы свае пад сівыя ільды пахавалі...
Я гляджу ў гэту цемру,
і цемра глядзіць на мяне...
Мы, абое, не ведаем, хто пераможа ў двубоі...
І не важна, каго з нас накрые пад раніцу снег...
І не важна, каго новы дзень павядзе за сабою...
Паглядзі ў гэту цемру, бы ў вочы мае, паглядзі...
Папрасі, каб зіма адпусціла мяне на парукі...
Я стамілася плысці між гэтых бясконцых ільдзін...
Я спаліла свае караблі, каб сагрэць твае змерзлыя рукі...