Клінтан уручыць Насьце Палажанцы прэмію за мужнасьць

Mar 08, 2011 13:38

Упершыню ў гісторыі міжнароднай прэстыжнай прэміі, якая існуе з 2007 году й за час існаваньня якой было ўзнагароджана 38 жанчын, прэмію будуць уручаць беларусцы - 20-гадовай намесьніцы старшыні "Маладога Фронту" Насьце Палажанцы.

Уручэньне прэміі адбудзецца ў Міжнародны жаночы дзень у прысутнасьці многіх высокіх чыноўнікаў ЗША і з удзелам адмысловага госьця цырымоніі - першай лэдзі Злучаных Штатаў Мішэль Абамы.

З-за падпіскі пра нявыезд Наста Палажанка асабіста ня зможа прысутнічаць у Вашынгтоне, але прэмія будзе перададзена ў Менск і ўручана ёй ва ўрачыстай абстаноўцы. Пра дату й час цырымоніі ў Менску будзе паведамлена пазьней. У Вашынгтоне публічна зачытаюць прамову Насты Палажанкі.

“Я зь вялікім зьдзіўленьнем дазналася пра гэтую прэмію. Калі я ўсьвядоміла сам факт узроўню дадзенай узнагароды, канешне, я была ўсьцешана. Усьцешана, у першую чаргу, ня ўвагаю да сваёй асобы, а ўвагаю да нашай сытуацыі і праблемы. Бо падобная прэмія мне - гэта ўзнагарода для кожнага маладафронтаўца, для кожнага хлопца ці дзяўчыны, якія мараць быць у свабоднай, дабраслаўлёнай Богам Беларусі і ахвяруюць сабою дзеля гэтага”, - гаворыць Наста Палажанка.

Наста Палажанка зьяўляецца адной з абвінавачаных па артыкуле 293 КК «Масавыя беспарадкі». Яе арыштавалі 20 снежня ва ўласнай кватэры. Амаль два месяцы яна знаходзілася ў СІЗА КДБ. 17 лютага яе выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

1111
2222

Жыве Беларусь!

Previous post Next post
Up