Лазавік: "Санкцыі - гэта эўрадэбілізм" 04.03.2011 12:59 Уладзімер Глод
Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік цяпер ня зможа ўехаць яшчэ ў дзевяць эўрапейскіх краінаў, якія далучыліся да санкцыяў Эўразьвязу супраць беларускага рэжыму. Гэта - Харватыя, Македонія, Чарнагорыя, Ісьляндыя (кандыдаты ў ЭЗ); Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Сэрбія (патэнцыяльныя кандыдаты ў ЭЗ); Ліхтэнштэйн і Нарвэгія (удзельнікі Эўрапейскай эканамічнай прасторы).
Камэнтуючы гэтае рашэньне для "Свабоды", спадар Лазавік заявіў:
"Я гэтыя санкцыі ацэньваю як абсалютна непрадуманыя, нерацыянальныя і, самае галоўнае, неабгрунтаваныя. Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі Цэнтравыбаркам і арганізатары выбараў былі ініцыятарамі дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Усе кандыдаты ў прэзыдэнты мелі магчымасьць свабодна зьбіраць подпісы, вельмі дэмакратычна прайшлі рэгістрацыя кандыдатаў і агітацыйная кампанія.
І ў падзяку за ўсё гэта - арганізатары выбараў апынуліся ў сьпісе неўязных. Лёгікі ніякай ня бачу. У мяне гэта выклікае зьдзіўленьне, вялікае абурэньне. У свой час у мяне ў парыве эмоцыяў вырвалася слова - эўрадэбілізм. Сёньня я дзьвюма тлустымі рыскамі падкрэсьліваю гэтае выказваньне. Гэта самы сапраўдны дэбілізм чыноўнікаў, якія прымалі такое рашэньне".
У студзені гэтага году Эўразьвяз увёў санкцыі - візавыя забароны і замарожваньне актываў - у дачыненьні да групы службовых асобаў Беларусі, адказных за парушэньне дэмакратычных стандартаў на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня 2010 ды за перасьлед апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці".
http://www.svaboda.org/content/article/2327909.html