САЛІДАРНАСЬЦЬ - ГЭТА...

Feb 10, 2011 14:21

navicki: гэта калі ў цябе канчаюцца міліцэйскія пратаколы замест туалетнай паперы, і ахоўнік дае табе частку кніжачкі “Як гартавалася сталь”…

staraja aliena: гэта калі ты стаіш ля касы з абярэмкам шчотак, зубное пасты й туалетнае паперы, ды падыходзіць дырэхтарка крамы й кажа: я ўсё ведаю, куды-што, вазьмеце пяцьдзясят рублёў - у мяне ў самое сын сядзіць…

tapolia: гэта калі ты амаль суткі ня еўшы, і аманавец у аўтозаку аддае табе свой бутэрброд і бутэльку трайплу…

bazyl: гэта калі назаўтра злы, шакаваны, ты адмаўляесься плаціць за праезд ГЭТАМУ…, а кантралёры пачынаюць цябе высаджваць, увесь аўтобус раптам становіцца на твой бок…

juliKa: гэта калі ты з усіх ног уцякаеш ад азьвярэлых амонцаў, заварочваеш за рог … а там ланцуг -  карычневых жаўнэроў, і раптам шэраг разыходзіцца й салдацікі прапускаюць нас…

nino: гэта калі плямістыя б’юць і маладых, і старых, а замежныя дыпляматы нас са сталаю-ж сяброўкаю хаваюць ў намёце пад апаратурай…

sviet-lana: гэта калі ад стрэсу хочацца проста ЖРАЦЬ, а здзічэлы напачатку ад "калёс" афіцэр аўтозаку прыносіць знедкуль халодную піцу й сасіські ў цесьце…

darka: гэта калі твой дырэхтор (рэдкая с-с-сука, між іншым) ужо назаўтра закідае табе перадачку…

jurak: гэта калі ўжо ты стары дзед і ў цябе нікога няма, раптам прыносяць перадачку ад мамы й цёткі…

tamarra: гэта калі “плямістыя” ужо,  лічы,  дагналі вас, а ахоўнікі турэцкае абасады не пускаюць за браму, раптам адзін з ахоўнікоў-беларусоў кажа - ня бойцеся, мы вас не аддамо…

Volja: гэта калі ў каморы падыходзіць Сьвята Раства, а ў вас, апроч казённай неядомай вячэры, нічога не ма, раптам адчыняюцца дзьверы, заходзіць ахоўнік, а ў рукох у яго - кардонная скрыначка, у якой ляжаць па кавалачку сала, кілбаскі, і тры цукеркі,,,

Кампанія «Салідарнасьць»: Дапамога палітвязням прыходзіла нават ад БРСМ апублікаванае на Хартыі 10.02.2011

Такой салідарнасьці з палітрэпрэсаванымі, як пасля падзей 19 сьнежня, у гісторыі Беларусі яшчэ не было.

Актывістыя Партыі БНФ і валянтэры кампаніі «Салідарнасьць» Сяргей і Ірына Семянюк наведалі ў Кобрыні рэдактора сайту charter97.org Наталю Радзіну, дзе яна знаходзіцца зараз пад падпіскаю аб невыязьдзе ў сувязі з крымінальнай справай па падзеях 19 сьнежня ў Менску.

Валянтэры распавялі, як праходзіла кампанія дапамогі палітрэпрэсаваным, якая стартавала з 20 сьнежаня, на наступны дзень пасля масавых арыштоў удзельнікоў акцыі пратэсту супроць фальсыфікацыі вынікоў прэзідэнцкіх выбароў.

«Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было. Сытуацыя нават не-па-раў-нальная з 2006 годам. Тады, памятаем, пасля таго, як Аляксандр Мілінкевіч заклікаў людзей разыходзіцца з Плошчы, людзі прыходзілі на Ўправу БНФ і плакалі. Пасля падзеяў 19 сьнежня 2010 гады, наадварот, людзі прыходзілі злыя й з велізарным жаданьнем дзейнічаць, дапамагаць. Дапамогі такой ніколі раней было. За два тыдні на Ўправу БНФ, па нашых падлікох, прыйшло блізу трох тысячаў чалавек», - распавядаюць Сяргей і Ірына Семянюк.

Валянтэры кампаніі «Салідарнасьць» успамінаюць, як праходзіў збор сродкаў і перадачаў для палітвязьняў. Вось найболей узрушваючыя выпадкі, якія атрымалася ўспомніць Сяргею й Ірыне:

- Капэрта з грашыма і цыдулкай «Ад чальцоў БРСМ. Мы таксама за справядлівасьць»

- Менскі стаматолаг, які прыйшоў і сказаў: «Калі камусьці выбілі зубы падчас разгону акцыі - устаўлю ўсім бясплатна!» (а такія выпадкі сапраўды былі).

- Прадпрымальнік, які гандлюе сродкамі гігіены, прыносіў іх для перадачаў палітвязьням у ізалятары.

- Прадпрымальнікі прапаноўвалі аплаціць штрафы й бралі «шэфствы» над затрыманымі.

- Навагоднія падарункі дзецям вязьняў сумленьня прывозілі кайстрамі.

- Прапаноўвалі дапамогу ў працаўладкаваньні палітрэпрэсаваных.

- Прыходзілі ад цэлых фірмаў і крам і прапаноўвалі грошы й рэчы.

- Збіралі сродкі з суседзямі ўсімі пад'ездамі.

- Прыносілі ежу на Ўправу БНФ - «Вам таксама трэба ёсць, тым, хто збірае перадачы!».

- Самаарганізацыя, напрыклад, філфака БДУ. Студэнты самі зьбіралі перадачы для сваіх аднакурснікаў і грошы для аплаты спагнаньняў.

- З машынамі для развоза перадачаў у ізалятары й сустрэч палітвязьняў не было ніякіх праблем. Людзі прапаноўвалі свае машыны й мікрааўтобусы, таксыстыя вазілі задарма.

«Месяц офіс партыі не працаваў, бо ўсё было ў перадачах. Таму так хутка, не па-мясцоваму, прышубаваў ліст ад уладаў, што нас высяляюць. Але якая САЛІДАРНАСЬЦЬ! Пісалі ў інтэрнэце, што трэба людзям у турмы, а праз 20 хвілін прыходзілася пісаць, што ўжо не трэба, таму што гэтымі рэчамі нас ужо літаральна «завальвалі»….», - распавялі Ірына і Сяргей Семенюк.

image Click to view

навіцкі, разам нас багата, Я пайду на Плошчу!

Previous post Next post
Up