http://blog.belaruspartisan.org/authors/frank/4d5140b03d7bf/ Франак Вячорка - 15:10 08.02.2011
Так атрымалася, што пасьля службы ў войску ў мяне шмат знаёмых у сілавых структурах. Гэтыя знаёмыя - таксама людзі, з усімі хібамі уласьцівымі чалавеку. Мне ўдалося высьветліць, як выглядае "кухня" ў тых, хто нас разганяе.
На Плошчу 19 сьнежня быў сьцягнуты асабісты склад спэцназу, Унутраных войскаў і нават некаторых падразьдзяленьняў сухапутных войскаў, якія звычайна ня ўдзельнічаюць у такога кшталту апэрацыях. Апошнія стаялі уздоўж праспэкту ў паўсядзённай карычневай форме. Усяго, па рознай інфармацыі, ад 5 да 8 тысячаў вайскоўцаў. Больш за палову - салдаты тэрміновай службы.
Да разгону акцыі салдатаў Унутраных войскаў рыхтавалі больш за год, а апошнія два месяцы - асабліва узмоцнена, кожны дзень. Іх дзялілі на дзьве групы - дэманстранты і міліцыянты, і загадвалі біць адно аднаго. Потым яны мяняліся месцамі. Часам на іх апраналі супрацьгазы. Амаль штовечар дэманстравалі апэратыўныя здымкі з папярэдніх разгонаў апазыцыі, відэакроніку з Сэрбіі і Кіргізіі, указвалі па памылкі і недахопы. Іх рыхтавалі да найгоршага.
- Вы можаце крычаць, плакаць, упасьці без прытомнасьці і нават загінуць. Галоўнае - не пераходзьце на іх бок, - гаварылі камандзіры.
Падчас ранейшых акцыяў здаралася, што некалькі салдатаў кідалі шчыты і дубінкі і зьбягалі. Такіх каралі асабліва жорстка. Нікому не хацелася паўтарыць іх лёс.
Напярэдадні акцыі у салдатаў быў падаўлены стан. Яны разьвітваліся, рукаліся, нібы апошні раз. Нават на пляцы, стоячы за шчытом, у поўным абмундзіраваньні, з дубінкай у руцэ насупраць мірных людзей, ім было страшна. Вельмі страшна.
Мой суразмоўца клянецца, што нікога ня біў. Падчас зьбіцьця Някляева ён сядзеў у аўтобусе наводдаль. Салдатаў да гэтай апэрацыі не дапусьцілі, але там быў яго камандзір. А падчас разгону ён стаяў у апошніх шэрагах. Праўда ці не, але хай гэта застанецца на яго сумленьні.
У першых шэрагах стаялі спэцназаўцы. Для іх разганяць акцыі і біць людзей - прафэсія. Кажуць, іх накачваюць крэатынам, анальгетыкамі і стымулятарамі - рэчывамі, якія падаўляюць балявы парог і пачуцьцё страху. Я бачыў іх на Плошчы - вочы пустыя, рухі рэзкія. Яны білі жанчын, старых, білі па галаве - без разбору. Толькі адзінкі зь іх робяць гэта сьвядома. У бальшыні - даведзена да аўтаматызму.
Салдатам тэрміновай службы (трэцяму пэрыяду) за разгон акцыі абяцалі дзембель да Новага году і па 600 тысячаў прэміі. Кантрактнікам - ад 1 да 3 млн і пуцёўкі ў Егіпет. Ня ведаю, як кантрактнікі зь іх Эгіптам (улічваючы апошнія падзеі), але "срочнікі" не пабачылі ані дзембелю, ані прэміі.
Спэцназаўцам, якія засьвяціліся "Ў Кантакце", загадалі выдаліць свае старонкі.