Напачатку было слова…
![](http://pics.livejournal.com/navicki/pic/0000tz0q/s320x240)
ХТО-Ж МЫ?
![](http://pics.livejournal.com/navicki/pic/0000k9k9/s320x240)
Пачнем з таго, што ў сярэднявечным, тады яшчэ ЭЎРАПЕЙСКІМ, Вялікім Княстве Літоўскім - дзяржаве-папярэдніцы незалежнае Беларускай Народнай Рэспублікі ХХ стагодзьдзя й Рэспублікі Беларусь узору 1991-1994гг., добра суседнічалі рожныя рэлігіі. Побач з рыма-каталіцкім касьцёлам на галоўнае плошчы гораду ці мястэчка ўзводзіліся й вуніяцкі збор грэка-каталікоў, і гэбрайская сынагога, і беларуская праваслаўная царква. Добра пачуваліся ў нашае верацерпнай краіне й Рэформатарская царква, і зьбеглыя ад перасьледу расейскія староверы, і мусульмане-нашчадкі некалі паланёных захопнікоў-татараў. Таму хрысьціянскай нашу Беларусь можна лічыць толькі, як той казаў, зь невялічкім нацягам. Дый самае хрысьціянства пачало павольна распаўсюджвацца ў нашае прадзяржаве ўсяго толькі тысячагодзьдзе назад, то бок значна пазьней, як у нашых заходніх суседзяў, што давала падставы некаторым зь іх прыходзіць да нас з г. зв. “крыжовымі паходамі”.
![](http://pics.livejournal.com/navicki/pic/0000gs8a/s320x240)
АД ЯРЫЛЫ ДА ЮРАЯ
![](http://pics.livejournal.com/navicki/pic/0000h6wk/s320x240)
Да хросту нашыя продкі зьяўляліся “язычнікамі” ці паганцамі й вызнавалі шматбожжа. І хрысьціянства, што нарэшце прыйшло на Літву-Беларусь, актыўна выкарыстоўвала ранейшыя языцніцкія ідэі, трансфармавала іхнія абрадавасьці, сьвяты, імены. У такі спосаб сёнешняя ўлада выганяе дробных прадпрымальнікоў з “намоленага” тымі месца, з тым, каб заўтра збудаваць на ім свой бліскучы гіпэрмаркет. У гіcтoрычным эсэі “730 гадоў Пагоні” у сакавіцкім нумары мы ўжо распавядалі нашым чытачам, як “хрысьціянізавалася” імя нябёснага вершніка, абаронцы Беларусі. Запрасілі славяне (прабеларусоў гісторыкі яшчэ называюць заходнімі балтамі) да сябе варагаў, і славянскі назоў бога Сонца - Ярыла - трансфармаваўся ў скандынаўскае Юрга, адкуль да хрысьціянскага Юрай заставаўся адзін крок. Цяпер Сьв.Юрай-Пераможца з Апостальскім крыжам на тарчы й мечам ва ўзьнятае ўгору руце зь нябёсаў бароніць нас ад ворагу, зьнішчае цмокаў, насланых нячыстым, стаіць за веру й праўду, і самую нашую Айчызну. Для некага-жа ён застаўся ранейшым Ярылам-Пагоняю. Што да крыжа на тарчы, дык а ці мала рожных магічных крыжоў-квадратоў ці ў выглядзе ромбоў з кропкамі ці бязь іх былі накрэсьленыя на зямлі, высечэныя на камянёх ці вышытыя на вопратцы альбо абярогах нашых продкаў задоўга да нараджэньня Збаўцы?
![](http://pics.livejournal.com/navicki/pic/00014whd/s320x240)
Прывяду яшчэ шэраг прыкладоў выкарыстаньня новай рэлігіяй беларускіх языцніцкіх абрадаў і сьвятаў. Гэна, па-першае, Вялікдзень, які стаў Сьветлым Ускрэсеньнем Хрыстовым. Сьвята Пяруна заняў Ільля-прарок, Купалу замяніў Ян-Хрысьціцель, восеньскія Дзяды сталіся Днём Усіх Сьвятых. А сёнешні зімовы Мікола -гэна колешні паганскі бог зімы, сьнега й сьцюжы, белабароды Зюзя. Нарэшце дапялі мы й да Каляд. Дарэчы, і Купала, і Каляда - гэна й ёсьць насамрэч імены паганскага бога Ярылы. Трэба адзначыць, што практычныя беларусы й сёньня не выракліся сваех старадаўніх традыцыяў. Таму штогодна разам з Божым Нараджэньнем мы сьвяткуем і Каляды, водзім казу, Сьмерць, бусла і ваўкадлака, а побач носім Бэтлеемскую зорку-прадвесьніцу зьяўленьня на гэны сьвет немаўляці Ісуса. Ставім куцьцю для Зюзі, і тут-жа расчынаем батлейку ды распавядаем біблейскія гісторыі.
АБ ЕЛЦЫ Й САНЬЦЕ-МІКАЛАСЕ
Дык хто-ж такі гэны Дзядуля Мароз? Зяленіва елкі, зразумела, неадрыўна зьвязанае з хрысьціянствам, але традыцыя ставіць і ўпрыгожваць вечназялёнае дрэва на Раство ў беларусоў зьявілася толькі ў ХІХ стагодзьдзі. Тады-ж, у эпоху Асьветы, ў Расеі й на акупаваных ёю землях, у тым ліку й на Беларусі (ВКЛ) , узьнікла й паняцьце “новы год”. Да таго часу 31 сьнежня беларусы-ліцьвіны сьвяткавалі Дзень Сьв.Сільвестара.
![](http://pics.livejournal.com/navicki/pic/00013y1y/s320x240)
Віншавальная паштоўка аўтора.
Дык і ўвогуле не было сэнсу праз тыдзень сьвяткаваць тое-ж нараджэньне Хрыста (ці тыя-ж угодкі ягонага Раства, напрыклад, 1906 ад Н. Х.). Статус дзяржаўнага сьвята “новы год” у беларусоў набыў толькі ў перыяд камуністычнага панаваньня, калі з хрысьціянствам пачалася бязьлітасная барацьба на зьнішчэньне. Але-ж трэба згадаць, што прататыпам савецкага Дзядулі Мароза зьяўляецца ўсё-ж-такі хрысьціянскі сьвяты Мікола-Цудатворца. Ягоны дзень адзначаўся напачатку зімы, якраз на тры тыдні раней за Каляды. Дарэчы, былыя паганцы-беларусы надта ўжо ўпадабалі гэнага валачэбніка за цуды, таму цяпер шануюць ягоны абраз ледзь не нароўні з заўсёднаю тройкаю - Спасам, Маці Божаю ды Сьв.Юраем-Пагоняю. Таму віншуем вас, дарагія суродзічы, па-першае, з Калядамі і Божым Нараджэньнем! Ну й, канечне, атэістых, з надыходзячым 2009 годам ад Раства Хрыстовага й прыходам зімовага Сьв. Міколы - нашага беларускага Санта-Кляўса!:)
6 сьнежня 2008+, Серабранка.
Дарэчы, у сьвеце Каляды 25-га сьвяткуе больш за мільярд чалавек. Гэна й каталікі, і ўніяты, і пратэстанты, і заходнія праваслаўныя - грэкі, баўгары, румыны. Па апытаньню ТУТБАЙ у Беларусі 25-га сьвяткавала Раство ўсё-ж-такі большасьць.
“ВС” №8(12), сьнежань 2008.
![](http://pics.livejournal.com/navicki/pic/00012eb3/s320x240)