Originally posted by
imbierac at
Шантаж, усціск, запалохванне... Толькі недэмакратычная, таталітарная ўлада можа дзейнічаць такімі брутальнымі мэтадамі ў адносінах да свайго народа, сваіх сапраўдных працадаўцаў. Толькі ненародная ўлада можа так панічна баяцца любога найменшага выказвання незадаволенасці ёю ўласным народам.
Да такіх вывадаў міжволі прыходзіш, праглядаючы фота і відэёрэпартажы нават такіх традыцыйных народных акцыяў, як Чарнобыльскі Шлях ці Дзяды, якія сёння калі і дазваляюцца, то толькі ў надта сціслым і абмежаваным фармаце. Пераглядаючы ці ня тысячу фота і відэёздымкаў апошніх Дзядоў, я адзначыў вельмі цікавую акалічнасць (і яе не заўважыў-бы хіба сляпы). На працягу ўсяго мерапрыемства (цягам колькіх часоў) невялікая па мінскіх мерках колькасць яго ўдзельнікаў была з усіх бакоў аточаная супрацоўнікамі невядомых адмысловых дзяржаўных структур. Апошнія, нават ня ў форме ДАІ, якая мусіла гарантаваць бяпеку руху калоны, а пераапранутыя ў цывільнае адзенне, ішлі вакол гэтай калоны і ўнутры яе, мяшаючыся з дэманстрантамі. Амаль што два дзясяткі (я налічыў васямнаццаць!), і таксама пераапранутых, спецапэратараў відэёкамэр, якія самі хавалі свае твары ад аб’ектываў (а некаторыя і проста ўцякалі, як пацукі), з розных ракурсаў і нават ПРОСТА Ў ТВАР здымалі кожнага ўдзельніка дазволенага ўладамі мерапрыемства (і якраз ня акцыі нейкага пратэсту).
Ня дзіва, што працоўная моладзь і студэнты меліся закрывацца шалікамі, калі пераапранутыя спяцы толькі што ня тыцалі ім у твары аб’ектывамі сваех аднолькавых відэёкамэр! У размовах, што я меў з удзельнікамі Дзядоў (розных узростаў) выявілася, што многія з іх банальна баяцца пераследу па месцу працы ці навучаньня за ўдзел нават ў санкцыянаваных ўладай мерапрыемствах. Няма ўжо чаго казаць пра звычайных абываталяў, запалоханых штодзённымі навокал затрыманнямі, збіццямі і бруднымі судамі над іншадумцамі, сфальсыфікаванымі справамі палітвязьняў, якія гніюць ў тутэйшых турмах ды калоніях, і сярод якіх знаходзяцца нават колькі афіцыйна прызнаных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта краіны! Такія дзеянні ўлады інакш як шантажом, запалохваннем і ўціскам уласнага народу назваць немагчыма. Я асабіста, ня бачу іншага тлумачэння, напрыклад, дублявання спецапэратарамі працы дзясяткаў журналістаў, якія мусілі аб’ектыўна асвятляць падзею згодна сваім прафэсыйным абавязкам.
Яшчэ тут прысутнічае і момант эканамічны. Колькі спецыялістаў, якія заўжды атрымлівалі неблагія па беларускіх мерках заробкі, утрымліваюць зараз падаткааплатнікі за тое, што гэтыя “асы” НЕ ЗАЙМАЮЦЦА СВАЁЙ СПРАВАЙ падчас цяжкага эканамічнага крызысу, у які ўцягнула краіну гэтая-ж таталітарная ўлада?
Юрась Навіцкі, хронікёр, з 1998-га года займаецца зборам фота і відэёматэрыялаў падзеяў у Рэспубліцы Беларусь.
![](http://pics.livejournal.com/imbierac/pic/0009yqq8/s640x480)
Проста ў твар!!!
![](http://pics.livejournal.com/imbierac/pic/0009xz2r/s640x480)
Немагчыма было зрабіць ніводнага фотаздымка Дзядоў-2010, каб у кадр не патрапіла колькі супрацоўнікаў спецслужбаў.
ХАРТЫЯ ФЭЙСБУК