Sep 16, 2008 01:09
Села я, значыца, заўчора за чарговы паясок. Палічыла ўзорчык - 17 нітак. Не, думаю, трэ да дзевятнаццаці давесьці - прыгажэй будзе. Аснавала, давай аснову расчэсваць. А яна, халера блытаецца, у вузлы такія вяжацца, што любое макрамэ пазайздросьціць! Не, даражэнькая, думаю, я цябе-такі разьбяру, бо час падціскае, а Аляксандраўна* казала - як аснуеш, то трэба ў той дзень і заткаць. Ды й раней, да таго, як пачула пра тое, заўжды адразу ж і затыкала і адзін-два рапорты рабіла, каб хутчэй палюбавацца, як атрымаецца. Ну дык вось, разадрала я тую аснову, давай затыкаць. Эх, харошы атрымліваецца, шырокі!..
Перабіраю першы рапорт - хвігня нейкая, ня так! Раскідваю. Тку нанова. Ізноў касяк. Вот ёлы-палы - і лезу ў кніжку падглядаць. А там - 15 клетак! Халера!!! Што рабіць?! Вылаялася на свае матэматычныя здольнасьці, выразала чатыры тройкі. Заткала нанова. І тут такая ... пачалася! Ніткі блытаюцца, што дурныя, аснова расцягваецца, уток ірвецца, арнамент не запамінаецца - хоць забіся! Праз гадзіну я такі выткала адзін (!) рапорцік і пайшла спаць.
Назаўтра - тое самае. Псіхую і лаюся, а пояс-то вясельны, нельга, бо ўсё ў сябе ўбярэ. Троху супакоілася, пачала перабіраць па кожнай нітачцы, а не як заўжды, на аўтапілоце. Прашу: міленькі, харошанькі, не крыўдуй, рабіся, бо трэба ж хутчэй, твой наступны браток-паясок чакае. Праз метр пояс пачуў мае малітвы, супакоіўся і пачаў ткацца па-нармальнаму. Апошнія два метры ткала ціхенька, паважна, засяроджана і пільна, каб ізноў не падглючыў. Сёньняшнім вечарам пакуты пасьпяхова скончыліся. Даткала - нат пачаў падабацца! Як гляну - прыгожы, халера, а зірнеш краем вока - то ён гэтак сурова адкажа: а ну давай, любі, шануй мяне, а тое як... Ня ведаю, чым ён пужае - раскідаецца, перакруціцца, ці яшчэ што, але на ўсякі выпадак памацаю, ля люстэрка ў ім пакручуся - харошы ты, прыгожы, ладны - ён і ўлагоджваецца.
Пажалілася сёньня сяброўцы, а яна й кажа: дык Аляксандраўна казала, што ў суботу снаваць нельга - продкам вочы завяжаш! Во як, а я ж і ня ведала! Ну, гэты раз навука была - больш суботамі снаваць ніколі не вазьмуся.
Сьвет зьмяняецца, і традыцыі за ім. Штосьці губляецца, штосьці трансфармуецца, штосьці становіцца неактуальным. Але як бярэсься за справу продкаў, то тут дзейнічаюць старадаўнія законы - і трэба іх пільнавацца... Во як.
*Аляксандраўна - Марыя Аляксандраўна Волкава, ткачыха, народны майстар, жывеі працуе ў г. Старыя Дарогі.
Спадарства, а нагадайце яшчэ якія забабоны наконт тога, што можна ці няможна рабіць у той ці іншы дзень тыдня.
традыцыя,
ткацтва на бердзечку,
закон,
пояс,
праца