Aug 25, 2008 16:36
Бываюць такія зачараваныя месцы - дзіркі ў часе і прасторы. І ёсьць таксама чароўныя парталы, якія пераносяць цябе да іх.
Адна з такіх дзірак заходзіцца ў некалькіх аўтобусных прыпынках ад нашага дому. Да яе можна дабрацца на жалезным кані нумар 31, які завязе цябе да прыпынку "Маліны", "Чарніцы", "Грыбы". Выходзіш з чароўнага вазка і адразу патрапляеш у іншы сьвет, дзе прачынаюцца старадаўнія інстынкты, дзе з табою размаўляюць расьліны, дзе трэба пакланіцца спрадвечнаму духу лесу, каб прыняў цябе і адарыў табе сваімі багацьцямі. Толькі там адчуваеш унутраны спакой і суладзьдзе з самім сабою.
Сёньня мы патрапілі ў восень. Лес сустрэў нас талярамі жоўтага бярозавага лісьця і водарам вільгаці, грыбоў і верасу. Нібы пакрыўджаны нашай доўгай адсутнасьцю, ён доўга вадзіў нас па сьцежках, хвастаў рабінавымі галінкамі і паліваў дажджынкамі зь яловых галінак. Здавалася, што ён выпрабоўвае нас, ці зможам мы адшукаць ягоныя скарбы, або завярнемся дахаты. Але ўрэшце мы-такі выйшлі ў нашае патаемнае месца ў непралазным гушчары маладога ельніку і былі ўзнагароджаныя дзесяткам залатых лісічак, якія хаваліся ў ігліцы і зжоўклай лістоце. Гэтым лес нібыта казаў: "Прыходзьце яшчэ, грыбы будуць!" І мы, шчасьлівыя, рушылі на трасу. Пад нагамі праміналася пажухлая трава, ціхенька хрумкалі трэсачкі, на галаву сыпалася ігліца... А ў заплечніку ляжала будучая вячэра і прыемнае адчуваньне чаканьня і паляўнічага імпэту.
грыбы,
лес,
адпачынак з дзіцем