Нарэшце я дабралася да цэпелінаў. Ну кашешне, гатаваць цэпеліны трэба менавіта тады, калі ў малой рэжуцца зубы і настрой ейны зусім не пазітыўны...
1. Чысцім каля 2 кіляў бульбы, пасадзіўшы малую у вазок насупраць сябе.
2. Прыблізна трэцюю частку ставім варыць. Галоўнае, не абварыцца кіпнем, пакуль малая раве дурным голасам - бо згубіла сушку.
3. Ідзем карміць малую. Яна не есць, а толькі плача. Цягаем на руках. Супакойваем. Кладзем на канапу і бяжым драць на дробнай тарцы рэшту бульбы.
4. Праз тры бульбіны прыносім на кухню коўдру, сцелем на падлогу, кладзем туды малую. Сканчаем з бульбай.
5. Адціскаем патаркаваную бульбу рукамі (лепей бы канешне праз марлю, але няма калі). Сок зліваем у місу. Адначасова выцягаем у малой з рота коўдру.
6. Перакладаем дзевачку ў другі вазок. Даем сухар і цацкі. Зліваем з місы сок - на дне застаецца крухмал. Пад акампанемент таўчэм тую бульбу, што ўжо (!) зварылася - ваду трэба зліць, вядома. Дадаем туды адціснутую сырую бульбу, і крухмал (той, што з соку). Дадаем трохі солі і вымешваем цеста.
7. Ідзем карміць малое. Малое нарэшце есць і супакойваецца. Карыстаючыся момантам, бяжым на кухню і рыхтуем фарш. У гатовы ялавічны фарш (500 гр) я дадала пакрышаную цыбуліну, соль і прыправы.
8. Лепім цэпеліны: робім з цеста ляпёшку, у сярэдзіну - фарш і фармуем цэпелін. Качаем яго ў крухмале (тыя, што больш пакачаліся, не разваліліся).
9. Бяжым упэўніцца, што лялька спіць. Лялька не спіць. Бяжым назад, ставім вялікі рондаль з кіпнем на пліту. Вада павінна слаба кіпець. Кладзем туды 4-5 цэпелінаў. Варым 20 хв.
10. Праз 20 хв вылаўліваем рэшткі тых, што ўсё адно разваліліся. Каштуем. Смачна!!! Вылаўліваем цэлыя. У тую ж ваду, якая больш нагадвае вадкі кісель, кладзем астатнія. Варым. Вуаля! Яны ладненькія і прыгожыя! Мараль: трэба больш крухмалу. Як што, то можна і ў ваду дадаць.
11. Фінальны штрых: абсмажваем дробна пакрышанае вэнджанае сала (узяла грамаў 100) з цыбуляй. Выкладаем на цэпеліны. Паліваем смятанай. Мммммммм....