Самае любімае месца ў хаце- на печцы.
Мне недзе 10 год, мы прыехалі перад Калядамі ў Стальмакова. Сеньня забілі кабана, зараз прыдуць цеця Лена і цётка Домна- будуць дапамагаць бабуле Ксені і маме рабіць кілбасы "пальцам піханыя". А я, як на зло, захварэла. Горла баліць, тэмпература. Бабуля загадала мне лезьці на печку, накрыла мяне кажухом- сьпі!
Вось прыйшлі суседкі,абтрахаюць свае валёнкі ад сьнегу, а папа жартуе з імі, і сам сьмяецца са сваіх жартаў. На стале стаіць бутэлька самагону. У вялікіх алюміневых місках ужо ляжаць кішкі, мяса, усе тое, што яшчэ раніцай было кабаном, і хутка стане кілбасамі, кумпяком.
На печцы моцна пахне сушонымі яблыкамі, зьверабоем, чаборам, ліпай...праз сон я чую, як бабуля грыміць чугункамі, папа спрабуе прымацаваць мясарубку да стала, а цётка Домна нецярпліва яго павучае.
У куце скрабецца мыш.Я канчаткова праваліваюся ў сон, глыбокі, салодкі...