Лета!!!.. І настальжы...

Jul 03, 2012 22:33




Лета!!!... Нарэшце ў нашай краіне лета. І я нават яго не прабалела (як у тым анекдоце). Дзіўна, праўда? Ажно самой не верыцца.
За плячыма - 4 дні выходных. Багата магло быць сцэнараў, як правесці такі адрэзак летняга часу, але я абрала самы "нетыповы" для дзяўчыны ў маім узросце. Я паехала на дачу, адна.
Ніколі не думала, што кагосьці можа здзівіць такое жаданне. Хтосьці з сяброў спачуваў - тыпу "на катаргу паехала", хтосьці не разумеў, што я там 4 дні рабіць буду. А для мяне такі сцэнар - натуральны.
Дача - гэта кавалак майго жыцця, светлае дзяцінства і падлеткавыя гады, у сонечных промнях, градках, грыбах, ягадах, бярозавых гаях. Мне, пэўна, пашанціла, бо я люблю дачу. Ніколі яна не асацыіравалася ў мяне з "адбываннем павіннасці", альбо яшчэ чым. У нас было заведзена так: 25 траўня, "апошні званок" у школе, сабраліся, бабуля нас з малой пад паху - і да верасня. І - свабода! Лес, прырода, сонца, лета... Што яшчэ трэба дзецям для шчасця? Я шчыра рада, што ў мяне так праходзіла дзяцінства.
З тых часоў дача працягвае для мяне быць любімым месцам, я без яе доўга не магу. Так і цягне з самай вясны хутчэй, хутчэй паехаць палюбавацца крокусамі, потым пралескамі, потым прымуламі... Мы з мамай амаль кожны выходны прыязджаем туды. І ніколі не шкадуем, бо там класна.
Але я занадта паглыбілася ў лірыку. А лірыка такога кшталту цікавая толькі для сябе самога. Таму супакойваемся.
Чатыры дні трэба было трошкі распланаваць. Безумоўна, спраў на дачы заўжды багата - і гарод, і дом, і газон. Але апроч гэтага я хацела здзейсніць адну задумку.
Ад нашай дачы да сучаснай дачы бабулі з дзядулем - 17 км. Мне хацелася "з карысцю" (у маёй трактоўцы, безумоўна) правесці выходныя. Паколькі я адмовіла сабе ў вандроўках і прыгодах турыстычнага кшталту, вырашыла паспрабаваць, калі ўжо нагода выпала, іншую штуку.


Я вырашыла ўзяць на дачу ровар. Машыну я і не думала браць (задорага стала), таму перада мною стаяў challenge правозу ровара на электрычцы. Тэарэтычна я разумела, што гэта даволі проста, але на практыцы, як звычайна, пакуль сам не паспрабуеш, не супакоішся. Напярэдадні пачытала правілы правозу ровараў. Апынулася ўсё зусім проста - плаціш, як за дваіх. Я і мой ровар :) Вось я і заплаціла. Яшчэ адзін малапрыемны момант - зацянуць ровар у нашую электрычку. Я ўяўляла сабе гэтае "гімнастычнае практыкаванне". Так, няпроста, але атрымалася. (Пры гэтым я неаднойчы з зайздрасцю падумала пра швецарскія электрычкі гарадскіх ліній). Ровар паслужліва сядлом зачапіўся за кішэню шортаў, і гэта значна спрасціла задачу. Потым давядося адчуць на сабе дапытлівыя погляды ўсяго вагону. А бонусам быў здзіўлены позірк кантралёршы - "а навошта Вам два квіткі?" :) Потым зразумела. Смешна.
Наступным практыкаваннем стала вылазка з электрычкі, але і з гэтым справіліся. Далей за 5 хвілін замест звычаных 15 дабралася да дачы, дзе запаркавала ровар да наступнага ранку.
Паколькі на Беларусі нечакана настала сапраўднае лета, мой творчы план трохі ўскладаніўся. У +30 каціць на ровары - невялікая асалода, на мой погляд. Таму неабходна было прачнуцца як мага раней, каб паспець дакаціць да бабулі з дзядулем да пачатку спёкі.
Уздым быў прызначаны на 5.30. Прыемна прачынацца, калі навокал свеціць сонца і птушкі спяваюць на ўсе галасы... У 6.15 я ўжо кацілася з нашага "крутагор'я". Перада мною - недалёкі, але маляўнічы шлях у госці да бабулі з дзядулем.


Шчыра кажучы, я спадзявалася, што пакуль буду ехаць, адкрыю сабе шмат новага і цікавага ўздоўж гэтай добра знаёмай з вокнаў машыны дарогі. Але, па шчырасці, нічога празмерна асаблівага я так і не знайшла. А можа гэта спёка трохі напружвала, і я чагосьці не прыкмеціла? Не ведаю. Некалькі дарожных замалёвачак я такі зрабіла, прычым некалькі з іх я даўно хацела сфоткаць для гісторыі. Напрыклад, вось гэты ўказальнік.


Гэтая вясёлая пара мужычкоў, як высветлілася, прадае кветкі. Неякія пахавальныя, пэўна, кветкі, мяркуючы па шыльдачцы.



Гэтая шыпшына прывабіла колерам, але, вядома, фоцік не перадаў яе прыгажосці.


А гэты будыначак мяне чымці заўжды вабіў. Можа, цэглай і пэўнай знешняй гістарычнасцю?


Ну, гэта мой цень, калі зможаце разгледзець, што гэта я.



Для сябе зрабіла выснову, што значна прасцей і аптымістычней ехаць, калі ведаеш кожны паварот. Гэта дапамагае ацэньваць адлегласць, якую яшчэ трэба праехаць, разлічваць сілы і перапынкі. Таму мне спадабалася.
Мажліва, я не ў добрай спартовай форме, бо адолела гэтыя 17 км за паўтары гадзіны. Але ў сваё апраўданне скажу, што на ровары давялося заўважыць доўгія ўздымы, якія на машыне неяк не запаміналіся так выразна. І само сабою, спёка. Але вось дарога назад увечары атрымалася значна хутчэй, бо я была на месцы за гадзіну.
А пакуль я ехала і ранкам, і вечарам, і заўважала позіркі мясцовых жыхароў (ну так, 6 раніцы, а тут дзяўчына на ровары з заплечнікам кудысьці каціць), я багата перадумала, як водзіцца. Адной з думак было - вось калі б я так ехала дзе-небудзь у Чэхіі, альбо ў Славакіі, ні ў кога не было б такіх здзіўленых позіркаў. Дзіўная мы краіна.
З роварных нататак - усё. Толькі ўвечары суседзі павесялілі, бо пацікавіліся, ці не з Менску я так прыехала. Давялося іх расчараваць. Але, шчыра кажучы, план роварнага прабегу ад Менску да дачы я даўно выношваю. Ды вось ніяк кампаніі не знаходзіцца, а адной ды й па нашай трасе ніякавата.
Яшчэ ў назве допісу было пра настальжы. За гэтыя дні настальжы мяне апанавала такое, што часам ледзь не слёзы на вочы просяцца. Дурня, канешне, але бывае штосьці такое кранальнае ў кожным моманце. Настальжы прабівала па дзяцінстве на дачы, па бесклапотных днях, прыемных занятках, тагачасных клопатах. 2 ліпеня я раптам згадала, як ехала ў мінулым годзе ў той самы дзень ў Карпаты, і перад вачыма ўстала Варохта, горы, смерэкі, джэрэла, кветкі, коні, стажкі, хаткі... І зноў страшэнны прыступ настальжы і жаданне кінуць усё хутчэй і бегчы туды... Бываюць жа такія "лірычныя" дні. А ў мяне нейкая проста пошасць. Карацей, страшэнна цягне на лірыку, на вечар у коміна з кім-небудзь блізкім, глінтвейн, плед і доўгія-доўгія размовы з  успамінамі... І самае сумнае, што на дадзены момант часу няма з кім так пасядзець. І галоўная прычына ў тым, што няма такога чалавека, які б адзін увасабляў гэтыя ўспаміны. А сабраць з маіх любімых і родных па кавалачку проста не атрымаецца. Таму лірыку давядзецца пакінуць сабе. Упэўнена, праца заўтра хутка яе выветрыць.
А так скажу, як звычайна - вандруўце! У гэтым столькі рамантызму і непаўторных імгненняў. Як казаў паравозік з Рамашкава, калі Вы не пабачыце ўсход, Вы спазніцеся на ўсё жыццё!..


сонца, вандроўкі, лета, зеляніна, лісце, ровар

Previous post Next post
Up