Даўно я збіралася арганізаваць сябе на такога кшталту вылазку, але кожны раз спрацоўвала нешта - альбо хтосьці адгаворыць, альбо лянота, альбо надвор'е. І рашучасць кожны раз меньшала. І тут гэтаксама, калі зраніцы будзільнік загудзеў у 6.50, арганізм 10 хвілін упарта супраціўляўся, маўляў, куды ты прэшся ў 6.50 раніцы ў суботу? Бачыш, сонца няма на даляглядзе, там шэра і няўтульна, ну куды ты сабралася? І я амаль паддалася яму, але потым штосьці торкнула, і я ўскочыла з ложку, абраўшы самы верны шлях у такой сітуацыі - хутка збірацца на аўтапілоце і не думаць. Тады паспееш усё здзейсніць да таго, як падкрадзецца лянота, альбо рацыяналізм, альбо яшчэ што. Таму я хуценька пабегла збірацца ў дарогу...
У 8.21 я ўжо сядзела ў электрычцы на Аляхновічы і чытала кніжку, яшчэ не зусім усведамляючы, навошта я еду і што буду рабіць далей. На той момант часу я проста ехала ў Вязынку, а там.. А там разбярэмся. У заплечніку была мапа, компас, сабойка, кніжка і сядушка. Вырашыла: даеду, там разбяруся, прыдумаю, куды ісці.
Лірычнае адступленне..
Калі я першапачаткова прадумвала свой выезд, у мяне была адна мэта - выхадзіць нагамі стрэс. Не ведаю, як каму, а мне часам гэта дужа неабходна. За працоўны тыдзень нешта не дужа пазітыўнае ў душы паднакапілася, ды й некалькі акалічнасцяў пазапрацоўнага жыцця не давалі спакою, карціла проста знікнуць ад гэтага ўсяго, забыцца на "рацыо" і пайсці топаць па прасторах. Горад раздражняе, бачыць паркі я ўжо не магла, таму было адзінае выйсце - паехаць за горад. Але і стандартныя фарматы негарадскога адпачынку і стандартныя месцы таксама надакучылі. Таму і панесла мяне нялёгкая ў Вязынку. Вязынку я люблю, а даўно там не была, усё неяк не складвалася туды наведацца, хаця вось туды ўжо трапіць прасцей простага, а ўсё ніяк. Таму і праехала я ў гэтае прыгожае месца.
У палове на десятую я выйшла з электрычкі ў занесеную шэрымі туманамі Вязынку. Пачуццё было, што яшчэ ўсё тыя ж 6 з нечым раніцы, і да сонечнага светлага дня (які абяцалі па прагнозе) яшчэ сто мільёнаў год. Але нягледзячы на шэрань і холад, прыгажосць навокал была дзіўная. Усе лісцікі, усе травінкі і кветкі былі пакрыты інеем. І я прынялася фатаграфаваць.
Палазіла навокал музэю, пайшла ўздоўж вадаёму. Трошкі пазалазіла на свае любімыя дрэўцы. Нават зрабіла некалькі кадраў з самою сабою, каб такі захавалася нешта ў гісторыі. Жадання сядаць, глядзець на мапу і рапрацоўваць маршрут у мяне так і не ўзнікла, таму рушыла я выключна інтуітыўна, што называецца - куды вочы глядзяць. У якасці відавочных арыентыраў - агульны кірунак на Менск і справа - чыгунка. А там - як Бог на душу пакладзе. Так і патопала я па заімшэлых пагорках. Гадзіны паўтары іней і шэрая прыгажосць былі ў кожнай дэталі навокал. За здымкамі паступова наблукала я на наступную вёску - Ліпені. Тут на мяне здзейснілі напад індыкі. Ніколі не думала, што ў іх рэакцыя на людзей як ў сабак - кідацца з нейкім дзіўным гукам, нагадваючым нейкае браханне, але такое дзіўнавасценькае. Выратавала мяне хіба што агароджа:) Прыгожы крыж, прыемныя вулачкі і не дужа прыемныя дурнаватыя сабакі, што неяк зусім неадэкватна на мяне рэагавалі. Не люблю я сабак, асабліва дурных, тых што брэшуць без нагоды і без думкі ў галаве. Калі ўжо сабака, дык выхаваны ды разумны. А гэтыя.. І кінуць у іх нечым шкада, і надакучваюць жа!..
За Ліпенямі я рушыла па грунтовай дарозе паралельна чыгунцы і шукала варыянты збочыць. Я добра ведала, што наперадзе будзе канал, які неяк трэба будзе перайсці, таму трымалася чыгункі - бо праз яе дакладна перайду. Уздоўж дарогі пабачыла фантастычнага колеру лісце.
Думаю, гэта праз тое, што на ім асядае мазут ад чыгункі. Улева адыходзіла яшчэ адна дарога, і я звярнула туды. І канешне ж канал. Але і прыемная неспадзяванка - нармалёвы мост. Пераходзь колькі хочаш :) Вось я і перайшла. А пры гэтым з-за хмар пачало вылазіць сонца і саграваць наваколле. І тут зноўку непрадуманы момант. Красоўкі, канешне, зручны абутак, але пра тое, што яны намакаюць зверху, я неяк не падумала. Іней быў ім ня страшны, але расталы іней - стоадсоткавая вада. Прычым такая грунтоўная вада. Таму пакуль мяне ногі неслі на ўзгорак, што я пабачыла наперадзе, у красоўках пачало смачна пачвокваць. Не дужа прыемны факт, але вяртацца праз гэта дамоў было нават смешна, таму я з асалодай агледзела з пагорку далягляды і рушыла напрасткі наперад. Дарогі, палі, пералескі, вёскі, і гэта ўсё праз нейкую шэравата-блакітную дымку... Прыгажосць!...
Яшчэ некалькі палёў, і зноўку трапіла я ў нейкую вёску. Напачатку заходзіць я ў яе не збіралася, не дужа хацелася зноўку сустракацца з сабакамі дурнымі. Таму я прасоўвалася па мяжы і збірала здымкі кшталту "жывёльны свет Беларусі багаты й раснастайны" :) Коні, авечкі, каты.
Як не сумна, але мая стратэгія пра абыход вёскі была парушана сутыкненнем з фермамі. Прычым менавіта што не з адной. Браць іх таранам мне не захацелася, таму я пакрочыла ў вёску. На 20 хаце пабачыла надпіс - Крычкі, 27. Зразумела, што гэта назва вёскі. Я ішла па вуліцах, якія мне падабаліся і атрымоўвала асалоду ад гэтага восеньскага вясковага краявіду, працятага сонцам і золатам яшчэ не да канца апалай лістоты. Прыгожыя ў нас вясковыя краявіды, нічога не скажаш... Асабліва пасля Расеі адчуваецца:)
Крычкі чамусьці плаўна перайшлі ў некае большае паселішча. Радашковічамі гэта ніяк быць не магло, бо яны ў іншым баку засталіся, а што тут яшчэ ёсць вялікае, я ня ведала. І мне стала цікава. З вышыні чарговага пагорка я з лёгкасцю вызначыла галоўны адміністрацыйны будынак паселішча - фіялетавы саўковы дом, стопудова мясцовы сельсавет. Калі падыходзіла да яго, спачатку пабачыла толькі "Рамонт абутку" і не паверыла сваім вачам - не можа быць,каб у такім будынку быў толькі рамонт абутку. Абышоўшы навокал нарэшце пабачыла - Пятрышкаўскі сельскі савет. Цяпер зразумела, дзе я:) У Пятрышках. І ўнізе - станцыя "Радашковічы" (пра логіку назвы я лепш прамаўчу, Радашковічы адтуль - 10 км). Пятрышкі зацікавілі малюнкамі на камянях. Нават не так кандова, як паўсюль. Нават трошкі сюррэалістычна месцамі :) І да ўсяго сапраўднае адлюстраванне фразы "жывёльны свет Беларусі багаты й раснастайны". :)
У Пятрышках я згодна ўжо са стандартным працоўным падыходам вырашыла што-небудзь набыць у мясцовай краме ў якасці "ўлівання ў мясцовую эканоміку". Прыдбала вафлю "Маладзечанская" :) Хрумкаючы вафляй рушыла далей. А топаць ўздоўж нейкай ня дужа рамантычнай агароджы давялося доўга. Мне ледзь не стала зусім сумна. Трошкі весялосці дадаў указальнік "Істок", 500 м. Ад электрычкі ў пошуках "Вытокаў" засяроджана крочылі пэнсіянэры. А мне чамусьці весела стала - так прыцягваюць людзей гэтыя "Вытокі":)
На ўзроўні станцыі "Анусіна" перада мною стала дылема - ісці гравійнай дарогаю налева ад чыгункі, альбо палявой мокра-бруднай дарогай ўздоўж яе. Напачатку паспрабавала крочыць па палявым варыянце, але мясіць бруд нешта не спадабаласЯ, таму вярнулася на гравійку і пакрочыла. Палі, палі, на даляглядзе - вёска. Праз пэўную колькасць хвілін вёска сустрэла мяне крыжом. Я накіравалася блукаць па вясковых прыгожых і ахайных вулачках. настрой пазітыўны. У прыемнай жанчыны, што падмятала свой двор, спыталася, што гэта за вёска такая. Мне сказалі - Навашына. Прыгожае мястэчка. Дарэчы, пабачыла нейкую загадкавую расліну. Нажаль, ужо бяз лісця, але як ні круці, не ведаю, што за яно. Выглядала не па-беларуску зусім. Дзіўная расліннасць.
Зноўку дарога павяла мяне па палёх. Крочыць ужо трошкі надакучыла, і я падумала: самы час спыніцца на кубачак гарбаты. Нажаль, навокал маляўнічага пералеску ці яшчэ чагось такога бачна не было, а яшчэ некалькі кіламетраў без перапынку я так проста не датопаю. Таму я абрала месцам прыпынку невялічкі пагорачак, увесь у безнадзейна восеньскіх зчарнелых раслінах.
Засеўшы ў іх я з задавальненнем перахапіла кавалачак сваёй сабойкі. Пакуль я ела, сонейка трошкі схавалася, стала халаднавата, таму было прынята рашэнне крочыць далей. Але перад гэтым цікаўнаць падштурхнула глянуць у мапу. Прыемна было для сябе адзначыць, колькі я ўжо пракрочыла. І на мапе я пабачыла - клёва, зусім недалёка Заслаўе! Там можна і скончыць маршрут, добры канцавы прыпынак :) А калі мала будзе, тады далей пакрочыць можна будзе. Але там і паглядзім.
З наступнага пагорачку я ўбачыла шпілі касцёлаў - глядзі ты, і праўда Заслаўе! ды так блізка. Я нават засумавала трошкі. Але пашкандыбала далей. Бо я яшчэ не ведала, якія сюпрызы чакалі мяне.
Штурм Заслаўя
Калі я глядзела на мапу, на асаблівасці ландшафту ўвагі я ніякай не звярнула. А і навошта, ну праўда што, я ж іду, куды вочы глядзяць. Напачатку я прыйшла ў вёску, што завецца Нядрэска. Паглыбляцца ў вёску я ня стала. Прайшла ўскрайкам, налюбавалася на коней, што пасвіліся на полі (сто адсоткаў нейкая канюшня побач, бо коні дужа дагледжаныя), і пайшла полем ў бок гораду. Дайшла да татальнага зарасніку травы і ўсялякага іншага быльнягу. Падумала - балота. Але пабачыла "народную тропу". Падумала, калі народ праходзіць, то пэўна ж і я прайду. Але, канешне, не з маім шанцункам. Праз адну ручаіну пераскочыць у мяне лёгка атрымалася, але чамусьці падумалася, што гэта наўрад ці ўсё. І так і было. Другая ручаіна пераскокванню не паддалася, а тапіцца ў ёй не выпадала. Крыўдна было, але прыйшлося павярнуць назад. Гэты зараснік за паўгадзіны дастаў мяне капітальна. Усё адзенне было ў нейкіх пушынках, крапіва паспела пралезці пад штаны і пастрыкаць ногі, а да ўсяго і ад вёскі я далёка паспела адысці.
Падумалася, што павінна ж быць якая сцежка альбо дарога. Таму я прасунулся бліжэй да чыгункі. Але зноў не пашанціла. Праз яшчэ які час я зразумела - тут не прайсці, а тараніць гэты зараснік я другі раз не стану. Пайшла назад да вёскі. Паспрабавала падмануць рачулку па ўзгорку, але і гэтая спроба апынулася беспаспяховай. Гэтыя спробы адносілі мяне значна ўлева ад патрэбнага курсу. Я разумела, што так ці інакш, а мяне вынясе на трасу. Мясцовыя таварышы, што праязджалі міма, ветліва прапанавалі падвезці да Лашанаў. Я адмовілася, але затое зразумела канчаткова, дзе я. І яшчэ зразумела - іншага выйсця няма, прыйдзецца праз Лашаны прабівацца на трасу, а там ужо ўздоўж трасы да Заслаўя. І пайшла. Далей з цікавымі фактамі і назіраннямі было амаль скончана. Машыны носяцца побач аж жах. Пакуль ішла, у думках адмовілася ад яшчэ адной задумы, што выношвала некалькі гадоў - даехаць да дачы на ровары. Гэтая "прагулка" упэўніла - не паеду. Заб'юць, знясуць з дарогі. Хіба што прадзірацца нейкімі паралельнымі сцяжынкамі, а па трасе - не,не,не...
Як толькі змагла, збочыла ў лес, а потым ў поле паралельна дарозе. Пакрочыла па нейкай рэдзьцы, ці бог яго ведае па чым. Але заадно адкрыла для сябе месца, дзе будзе веладарожка стопудова. Паралельна аўтадарозе. Ну і добра, можа, у перспектыве хоць дасюль можна будзе на ровары.
І нарэшце - Заслаўе!.. Дакрочыла, датопала. Замест якой гадзіны з хвосцікам крочыла дзве з паловай. І тут я такі ўсвядоміла, што трошкі стамілася. Прыемнае пачуццё, але патрэбны быў перапынак. Дамоў я не спяшалася, таму бадзёра пайшла па Вілейскай вуліцы ў пошуках прыемнага ціхага месца, каб выпіць яшчэ гарбаты. У рэзультаце засела ў дварах на пагорку пад бярозай з відам на дзіцячы садок. З асалодай выцягнула ногі, наліла сябе гарбаты і з кайфам выпіла яе з сырам і рэшткамі сабойкі. Кайф!!! Хвілін 15 перадыху, а потым на станцыю.
Я думала, на гэтым і ўсё. Але мой прыемны дзень яшчэ не завяршыўся. Мой паходны выгляд на дзіва дагэтуль ні ў кога пытанняў не выклікаў, але так проста гэта не засталося. Калі я ўжо падыходзіла да чыгуначкай станцыі, нейкі трохі п'яны мужык здзіўлена прычапіўся да мяне: "Э, слышыш, ты што, на горных лыжах катаешся? Э, слышыш, ты што дзіджэй такой?". Я ўсміхнулася, адмахнулася ад яго і пайшла купляць квіток. Цёценька ў касе спытала: "Як паедзеце, электрычкай альбо гарадскімі лініямі?". А я хіба ведаю, кажу: "Давайце гарадскімі". За нейкія 2 тысячы мяне чакала прыемная неспадзяванка: швэдская хуткасная камфартабельная электрычка. Мне нават сорамна было ў сваім усім брудным у яе зайсці - такую чысценькую, такую нязвыклую і нетыповую. Спраўды пакуль ехала і чытала кніжку, думкамі перанеслася ў Швэцыю і доўга не магла паверыць, што я ўсё ж у Беларусі. Такая дробязь, усяго толькі хуткасная электрычка, але так прыемна!..
І вось у шэсць вечара я была дома. Вось і завяршыўся прыемны дзень, цікавая вандроўка. За плячыма з 20 км дарогі, у фоціку - болей за 200 здымкаў. У целе - прыемная стома, а ў душы невытлумачальная асалода з прымессю здзейсненага подзьвігу пад назваю "перамагчы самога сябе і здзейсніць задуманае". Вось так прайшоў мой восеньскі дзень: класна, насычана, разнастайна, нечакана. І штосьці падказвае, што наперадзе не адзін дзесятак такіх неспадзяваных дзён. Галоўнае, не паспяваць думаць і, калі захацелася, проста рабіць. Што Вам і раю. Вось такія мае справы.
Віват!
Болей здымкаў
тут