Напярэдадні гадавіны Чарнобыльскай катастрофы гурт Naka прадстаўляе на партале Tuzin.FM свой новы кліп, зроблены на песьню «BY YOU». Відэа, якое складаеццца з сотняў малюнкаў, стваралася цягам году. «У гэтым творы выяўляюцца ўсе мацярынскія пачуцьці ў адрас родных. У ёй чуецца спроба штосьці зьмяніць, якая, на жаль, скончыцца нічым. Гэта надзея, што як пясок уцякае скрозь пальцы», - прадстаўляе працу вакалістка гурта Наста Шпакоўская.
«BY YOU» - добравядомы трэк гурта, зь якім музыкі дэбютавалі ў чарце на «Тузіне Гітоў» у 2008 годзе. На той час гэта была іх першая кампазыцыя на беларускай мове. Сама сьпявачка Наста Шпакоўская назвала тады гэтую песьню «чарнобыльскай калыханкай».
Музыкі адразу хацелі зрабіць відэаролік на «BY YOU» і доўгі час шукалі рэжысэра, які б узяўся за складаны матэрыял. Урэшце такі чалавек знайшоўся. Рэжысэрам і адначасова мастаком відэа стала маладая дызайнерка Наста Шастак. Яна прапанавала гурту зрабіць ролік у камбінаванай анімацыйнай тэхніцы, якая спалучае моманты перакладкі, маляванай анімацыі і пяскаграфіі. Яе творчы падыход да справы ўпадабаўся музыкам.
Відэа, якое складаецца з сотняў малюнкаў, стваралася цягам года. Наста Шастак працавала ў творчым тандэме з сваім мужам, аніматарам Даніілам Жугждам.
«Ахапіць такую колькасьць задачаў, замяняючы сабою цэлую творчую групу людзей, было няпроста, -- дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад працы дызайнэрка. - Тым ня менш, я атрымала задавальненьне ад кожнага этапа стварэньня міні-фільма». Яна мяркуе, што ў роліку добра спалучыліся ўсе элементы: тэкст, музыка, сюжэт і тэхніка, у якой выкананы кліп.
«Пяскаграфія тут не даніна моднай тэхніцы, а належная форма для ўвасабленьня ідэі, -- падтрымлівае рэжысэра кліпа, вакалістка гурта Наста Шпакоўская. - «BY YOU» - гэта апошняя калыханка, якую маці сьпявае свайму дзіцяці. «BY YOU» - гэта ўсе мацярынскія пачуцьці ў адрас родных - сына, брата, бацькі, блізкіх людей, якія сышлі ў небыцьцё. Гэта спроба штосьці зьмяніць, якая, на жаль, скончыцца нічым. Гэта надзея, што як пясок уцякае скрозь пальцы».
Тэлевізійная прэм’ера відэа «BY YOU» адбудзецца на ўкраінскім музычным канале A-ONE (www.a1rock.tv/) 26 красавіка.
Эксклюзіўная інтэрнэт-прэм’ера роліка - на партале Tuzin.FM
http://tuzin.fm/article/66026/