Дзе, Купала, ноч начавала?...

Jun 26, 2011 17:25

Перада мной вечнасць, а я ніяк не магу гэта ўсвядоміць.

Вянцом для шэрагу падзей пад грыфам "лепей бы я.." стала сённяшняя ноч, праўда, на гэты раз "я" і памылковы выбар былі тут ні пры чым.
Надзвычай люблю свята Купалля. Доўга чакаю, планую, куды паеду, з кім. У гэтым годзе праз выпускную гулянку не трапіла на ракаўскае Купалле, як спадзявалася, але была запрошана на друцкае. Спачатку ніяк не знаходзілася сукенка (пасля выявілася, што яе заціхарыла сяброўка). Выязджаць мусілі досыць позна, бо а палове на чацвертую хлапец толькі здаваў іспыт, але спадзяваліся паспець - што там да таго Магілёва ехаць. І тут ранкам у суботу заходжу ў інэт, і выяўляецца, што Купалле, на якое людзі заязджалі яшчэ з пятніцы, разагнаў АМАП. Афіцыйная прычына - парушэнне пастановы аб ненаведванні лесу ў пажаранебяспечны час (пофігу, што перад гэтым больш за тыдзень ішлі дажджы, лес быў добра мокры, і пастанову "забылі" скасаваць толькі ў Бялыніцкім раёне, дзе мусіла ўсё быць), сапраўдная - палітычныя матывы (www.svaboda.org/content/article/24245905.html якая да д'ябла палітыка на Купалле?!). Маўляў, у тым годзе там быў Някляеў. Мне вось цікава, калі ён зойдзе ў грамадскую прыбіральню - таксама ва ўсіх наведнікаў, якія там апынуцца на той момант, перапішуць дакументы і траім дадуць штраф на 800 тыс.?
Пасля такіх навін звяла, ды пазней патэліла дзяўчына адтуль, распавяла, што яны перайшлі на іншае месца і пакуль усё ціха, і можа, іх пакінулі ў спакой, хаця рызыка трапіцца засталася. Мы вырашылі ехаць. Тэлефон дзяўчыны, з якой звязвалася, разрадзіўся канчаткова, паехалі на ўдачу, каб не губляць час, чакаючы абяцанае тэлефанаванне. Яго не было, мы ад'ехалі далёка, стала нервавацца - куды з трасы-та рушыць? Праз сяброўку з Менску ды сябра, што быў у Польшчы, вылавіліся нумары іншых людзей, і толькі ў Бярэзіне датэлілася да кагосьці. Ну і выявілася, што да іх зноў прыйшлі мянты, перапісалі ва ўсіх дакументы, не выпускаюць сустркаць новых людзей і не запускаюць туды нікога, ну а самі яны нават пры жаданні пераехаць не могуць, бо маршрутоўка, каб вывезці рэчы, замоўлена на ранак. Ад іх да шашы 15 км, праходы кантралюе міліцыя. Якога хрэна яна не кантралюе бухую гарадскую гапату ноччу? Вельмі шкада людзей, якія на ўласныя сродкі, на ўласным энтузіязме рыхтавалі шчырае свята, а за гэта атрымалі штрафы і негатыў, нібы яны злачынства рыхтавалі...
У нас быў выбар - ці вяртацца ў Менск, ці паехаць у Магілёў. Вырашылі за начны Магілёў, з якога якраз тады з'ехалі амаль ўсе знаёмыя, злавілі макароны з 3-га паверху інтэрната, павячэралі ў летнім латку (у Менску, ідучы міма іх, заўжды думала - клёва было б ноччу залезці),  прайшліся ўжо знаёмымі мне месцамі. Прахалода, вецер, лёгкі дождж. З першым траспартам выбраліся на трасу ды праз сон дабраліся дадому.
Усе падзеі мінгулага тыдня, такія важныя (у тым ліку ўручэнне дыплома, выпускны) прайшлі крыва, зусім не так, як марылася, асбіста мне прынеслі ў большай ступені расчараванне. "Вось калі б я ведала...", "лепей бы я...", карацей, мне трэба рэабілітаваць нервы, вяртаць адчуванне жыцця, забытыя навыкі, смак і радасць.

успамінкі, бела-Чорнае, У-нЯвер, мая краіна, вечныя цэннасці, імпрэзы

Previous post Next post
Up