Ракаў

Oct 15, 2012 16:33


Учора з сябрам ездзілі ў Ракаў на чытанні Тодара Кашкурэвіча з цыклу па семантыцы арнаменту (у выніку хутчэй па касмаганіі). Перад пачаткам прайшліся да майго ўлюбёнага гарадзішча. Восень, вузкая вільготная сцежка. На месцы Купальскага вогнішча расце кусцік рамонкаў. Выйшлі да броду, лянота і нецікава апынулася вяртацца, таму прайшлі па ледзяной вадзе, якая падалася не такой і ледзяной, а нейкай надзвычайнай субстанцыяй. Пасля чытання, гарбаты і невялічкіх ваганняў, у лёгкім сутонні мы ўсё ж паядналіся з гэтай субстанцыяй. Дзіўна так было здымаць куртку, восеньскія боцікі, некалькі світароў, каб стаць басанож на траву. Кастрычніцкая вада. Калі заходзіш у яе, не адчуваецца асаблівага кантрасту з паветрам. А я нібыта перанеслася на некалькі год таму і ў лета. Маё месцейка, дзе і купальскай раніцай вада такая ж - выдыхнуць і акунуцца, дзе бачыла, як Сонца грае, гаманіла з Светам. Бродзік плыткі, у глыбокім месцы да грудзяў не дастае, таму прыходзіцца апускацца ніжэй, трошкі праплыла… Вада чыстая, без дамешкаў, абпальвае-ахінае-абмывае-ачышчае-змяняе, вызваляе. Да першага холаду, тады - на бераг. Першыя імгненні не хацелася апранацца. Цела палае, паперадзе - цішыня, возера, паніклая трава, восеньскае лісце, і ўсё гэта адзінае з табой, абдымае, прасякае скуру, выклікае душу вонкі. Пасля грэліся ў машыне, лёгкія дрыжыкі ў метро і глыбокая ўдзячнасць да Свету за гэты нечаканы падарунак.

сябры, бясконцы шлях і шум дарог, мая краіна, вечныя цэннасці, дзэн, танцы розуму, што такое шчасце?, імпрэзы, гляджу навокал

Previous post Next post
Up