Jun 16, 2013 13:11
***
Я мог бы сустрэць яе з ахапкам кветак, з букетам дарагіх ружаў, з фанфарамі і салютам у выглядзе сардэчак, літарамі “welcome back to Belarus” на агромністым рэкламным шчыце. Але я стаяў і самотна чакаў яе на прыпынку з маленькай пізьдзюлінкай у руцэ, якую вельмі проста было не заўважыць, а іншы ўвогуле пасаромеўся бы дарыць такое каханай дзяўчыне.
Адзін псіхолаг сказаў: “Зблытаць любоў і прагу любві бывае вельмі проста. Навучыцца іх адрозніваць - ключ да доўгага і адносна шчаслівага жыцця”.
Часам мне здаецца, што ўва мне увогуле любві няма. Што я ўвесь - адна вялікая прага любві. І вось усё, што ў мяне ёсць - толькі гэтая маленькая пізьдзюлінка, якую я трымаю цяпер у руцэ. Гэта і ёсць той зародак любві, які ўсё ж такі выжыў ува мне, і якім я гатовы з табой падзяліцца. Прабач, але гэта ўсё, што я маю.
***
Памятаю з дзяцінства - бабуля раскрыла перада мной старую рыпучую шафу, вываліла з яе ўсё ў кучу, сказала - выбірай, што захочаш. Там былі цыраваныя шкарпэткі, калготы, выцвілы світэр з такімі ж сарочкамі. Я ўзяў сабе штосьці, і калі пасля - ужо дома - мама пачала разбіраць мае рэчы, сказала: “нахуя нам патрэбнае гэта барахло”. Я ледзьве не заплакаў тады. А цяпер стаю на прыпынку і думаю, што гэта напэўна адзін з самых інтымных момантаў, які я адчуваў у сваім жыцці - калі перад табой разварочваюць стос залатаных шкарпэтак, і кажуць - глядзі, гэта ўсё, што ў мяне ёсць, і нават гэтым я гатовы дзяліцца.