Слоўнік Мышына: Ялінка

Dec 31, 2011 14:36

 Ялінка
Наша ялінка атрымалася ў гэтым годзе бел-чырвона-белая. І ў апошні дзень гэтага году такая выпадковасьць дала мне адказ на даўняе пытаньне. Вось сымбаль. Бухматыя лапікі, упрыгожаныя гірляндамі і штучным сьнегам. Гэта - чаканьне сьвята, чаканьне сапраўднага сьнегу. Чаканьне Дзеда Мароза з падарункамі, якога - мы ж ведаем - няма, але ў якога так хочацца верыць! Мы з усяе моцы падтрымліваем веру ў Яго ў нашых дзяцей: яны пішуць Яму лісты і кладуць іх у маразілку, а мы забіраем іх і чытаем употай, каб Дзед Мароз ня ўмёр, каб казка працягвалася. Выдуманая бел-чырвона-белая казка са штучным сьнегам.

Неяк мы прывезлі дачку на беларускую ялінку, што ладзяць у Менску штогод для сваіх дзетак беларускамоўныя бацькі. Цудоўны Дзед Мароз, як і належыць чараўніку, ведае ўсе мовы. Нават беларускую, якой там карысталіся далёка ня ўсе дзеці.

Мы з усяе моцы падтрымліваем у сабе і ў нашых дзяцей веру ў Беларусь. Мы перакладаем і пішам кнігі, здымаем фільмы, ладзім ялінкі. Гэта - чаканьне сьвята, чаканьне сапраўднага сьнегу. Чаканьне Дзеда Мароза з падарункамі...

мова, Слоўнік Мышына, дзеці

Previous post Next post
Up