Dec 18, 2007 17:04
У нас быў улюбёны мішка. Малінавы, з сардэчкам на грудзёх. Мы цягалі яго з сабой паўсюль, бо безь яго наша дачка не магла абыходзіцца. Неаднойчы даводзілася вяртацца па яго дамоў. Неаднойчы ён дапамагаў нам вырашыць розныя праблемы. Я і сама яго люблю, гэтага мішу.
Але... мы яго згубілі. Па дарозе ў Італію. У аэрапорце. З тых пор імя Валянцін - забароненае ў сям'і, бо з жахам думаю, што здарыцца, калі мая дачка яго пачуе. Мы яго шукалі. На зваротным шляху, каб даведацца пра мішу, мы прапусьцілі свой адмысловы аўтобус, што мусіў давезьці нас да гораду. У бюро камусьці выдавалі ягоны заблукалы тэрмас, а вось нашага старэнькага й бруднага мішку, відаць, не палічылі каштоўным і не захавалі яго... Я доўга мучылася, бо лічу сябе вінаватай. Мне яго вельмі шкада.
Сёньня выпадкова натрапіла на квэст, дзе трэба вылечыць некалькі псыхічна хворых цацак. У ходзе лячэньня становіцца зразумела, што стала прычынай іхняга захворваньня. Кракадзільчык-аўтыст падчас гіпнозу прыгадвае, як ім мылі падлогу; зьмяя, хвост якой жыве як асоба, - што гаспадыня выкінула яе з машыны проста на шашу, авечку давалі сапраўднаму сабаку ў якасьці мячыка... Дурная гульня, але так добра намаляваная, што было крыўдна іх кідаць.
Я ўсіх вылечыла. Акрамя чарапашкі. Я вывела яе зь цяжкага стану ў проста дэпрэсію, але больш нічога не змагла зрабіць. Карані яе хваробы, як высьветлілася, - у тым, што яе згубіла дзяўчынка, калі бегла па аэрапорце, бо спазьнялася на самалёт...
дзеці