У межах акцыі
Total recall пераклала адну ангельскую казку. На высокую якасьць не прэтэндую - мне проста карцела падзяліцца адкрыцьцём з мужам, які, як вядома, захапляецца казкамі братоў Грым. А потым я падумала: чаму б не паказаць яе і вам :)
Ружовы куст.
Даўным-даўно жыў адзін добры чалавек, і было ў яго двое дзяцей: дачка ад першай жонкі і сын ад другой. Дзяўчына была белая, як малако, а вусны ў яе былі, як вішні. Яе валасы былі, як залаты шоўк, і віселі да зямлі. Брат вельмі любіў яе, а падступная мачыха ненавідзела. “Дзіця,”- сказала мачыха ў адзін дзень,- “схадзі да бакалейшчыка і набудзь мне фунт сьвечак”. Яна дала ёй грошы, і маленькая дзяўчынка пайшла, набыла сьвечкі і выправілася дадому. Ёй трэба было пералезьці праз сьцяну. Яна паклала сьвечкі, пакуль залазіла на сьцяну. Але прыбег сабака і зьнёс тыя сьвечкі.
Яна вярнулася да бакалейшчыка і прыдбала другі пакунак. Яна прыйшла да пералазу, паклала сьвечкі і пачала пералазіць. Але прыбег сабака і зьнёс сьвечкі.
Яна зноў пайшла да бакалейшчыка і прыдбала трэці пакунак, і адбылося тое самае. Тады яна прыйшла да мачыхі, плачучы, бо патраціла ўсе грошы і згубіла тры пакункі сьвечак.
Мачыха раззлавалася, але зрабіла выгляд, што не засмучаная гэтай стратай. Яна сказала дзяўчынцы: “Хадзі, кладзіся мне на калені, каб я расчасала табе валасы”. Тады дзіця паклала сваю галаву жанчыне на калені, і яна пачала расчэсваць залатыя шаўковыя валасы. І калі яна расчэсвала, валасы ўпалі ёй на калені і рассыпаліся да падлогі.
А мачыха ненавідзела яе больш за ўсё за прыгажосьць яе валасоў. І яна сказала: “Я не магу зрабіць табе прабор, калі ты ляжыш у мяне на каленях, прынясі калоду”. І яна прынесла. І сказала мачыха: “Я не магу зрабіць табе прабор грэбнем, прынясі мне сякеру”. І яна прынесла.
“Цяпер”,- сказала падступная жанчына,- “пакладзі галаву на калоду, каб я зрабіла табе прабор”.
Дзяўчынка так і зрабіла: яна паклала сваю залатую галоўку бяз страху, і шух! - сякера апусьцілася, і яна пайшла. А мачыха выцерла сякеру і засьмяялася.
Потым яна ўзяла сэрца і пячонку дзяўчынкі, патушыла іх і прынесла ў дом на вячэру. Муж паспрабаваў і пахітаў галавой. Ён сказаў, што гэта вельмі дзіўна смакуе. Яна дала трошкі хлопчыку, але ён не хацеў есьці. Яна паспрабавала прымусіць яго, але ён адмовіўся, выбег у сад і адшукаў сваю маленькую сястру, і паклаў яе ў скрынку і пахаваў пад ружовым кустом. І кожны дзень ён прыходзіў да куста і плакаў, і ягоныя сьлёзы падалі на скрынку.
Аднойчы на ружовым кусьце зьявіліся кветкі. Была вясна, і сярод кветак сядзела белая птушка, і яна сьпявала, і сьпявала, сьпявала, як нябесны анёл. Яна паляцела да крамкі шаўца, уселася на дрэва і прасьпявала:
Мая падступная маці забіла мяне,
Мой любы бацька еў мяне,
Мой брат, а я яго вельмі люблю,
Сядзіць пад дрэвам, а я пяю
Сякера, булён, камень і сьмерць.
“Прасьпявай зноў гэту прыгожую песьню!”- сказаў шавец. “Толькі калі ты дасі мне тыя чырвоныя боцікі, якія ты майструеш”. Шавец аддаў ёй боцікі, і птушка прасьпявала песьню, потым яна паляцела на дрэва каля майстэрні гадзіньнікаў і засьпявала:
Мая падступная маці забіла мяне,
Мой любы бацька еў мяне,
Мой брат, а я яго вельмі люблю,
Сідзіць пад дрэвам, а я пяю
Сякера, булён, камень і сьмерць.
“О, якая прыгожая песенька! Прасьпявай яе яшчэ раз, мілая птушка!”- сказаў майстар гадзіньнікаў. “Толькі калі ты аддасі мне той залаты гадзіньнік з ланцужком, што трымаеш у руцэ”. Залатар аддаў ёй гадзіньнік з ланцужком. Птушка ўзяла яго ў адну лапку, боты - у другую і, прасьпяваўшы яму песеньку, паляцела на дрэва, каля якога трое млынароў цясалі жорны. Яна села і засьпявала:
Мая падступная маці забіла мяне,
Мой любы бацька еў мяне,
Мой брат, а я яго вельмі люблю,
Сідзіць пад дрэвам, а я пяю
Сякера!
І адзін з мужчынаў адклаў свой склюд,
Булён!
І другі млынар адклаў свой склюд,
Камень!
І трэці млынар адклаў свой склюд,
Сьмерць!
Тады ўсе трое закрычалі ў адзін голас: “О, якая прыгожая песьня! Прасьпявай яе, мілая птушка, яшчэ раз!” “Толькі калі вы павесіце мне на шыю жоран”, сказала птушка. Мужчыны зрабілі тое, што хацела птушка, і яна села на дрэва з жорнам на шыі, чырвонымі боцікамі ў адной лапцы і залатым гадзіньнікам з ланцужком у другой. Яна прасьпявала песьню і паляцела дамоў. Яна пагрукала жоранам па дахоўцы дома, і мачыха сказала: “Гэта грымоты”. Тады хлопчык выбег з дому паглядзець на навальніцу, а зьверху яму ўпалі на ножкі чырвоныя боцікі. Птушка пагрукала жоранам па дахоўцы дома яшчэ раз, і мачыха зноў сказала: “Гэта грымоты”. Тады выбег бацька, і яму на шыю ўпаў ланцужок.
Бацька і сын забеглі ў дом са сьмехам і сказалі: “Глядзі, якія добрыя рэчы прынесла нам навальніца!” Тады птушка пагрукала жоранам па дахоўцы ў трэці раз, і мачыха сказала: “Зноў грымоты, можа навальніца прынясе нешта і мне” - і выйшла з дому. Але як толькі яна зрабіла крок за дзьверы, на галаву ёй упаў жоран. Так яна і памерла.