Jan 29, 2009 21:54
Вечар. Жоўта-ліхтарныя вуліцы. Маршрутка нясецца ў спальны раён. Пасажыры мараць пра дамашнія катлеты і тэлевізар. І от пля - чарговая паднятая рука на прыпынку. У салон увальваецца карэнасты мужычок з паўлітрай алкаголю ў страўніку:
- Шэф, да Маскоўскай даеду? - і плюхаецца на вольнае месца.
- Гы-гы... - вадзіла ржэ і кажа, - не, братку, Маскоўская ў другі бок.
Катлеты павольна сплылі са свядомасці грамадзян. А мужычок тупіць. Сядзіць і тупіць. І праз колькі дзесяткаў секундаў выдае:
- А мне здаецца, што Маскоўская ў гэты бок!
- Хмых, - выдае вадзіла і кранаецца з месца, - ну ў той дык у той, паехалі на Ландэра...
- Мдзя.... - уздыхае мужычок. - Даўно на ландэра ня быў.... Але ўсё ж такі там - Маскоўская.