Jul 27, 2008 16:44
Дыялог у краме.
За вітрынай з кілбаснымі вырабамі стаіць прадавачка і мэтанакіравана спрабуе запіхнуць цэтлік з цаной у пластыкавы трымальнік. Набіраюся нахабнасці і перарываю яе медытацыю:
- Мне, калі ласка, тры сасіскі доктарскіх узважце...
Рэакцыі нуль. Прадавачка з тым жа самым імпэтам піхае цэтлік. Чакаю. Нарэшче, праз пару хвілінаў, кілбаса на вітрыне займела кошт. Прадавачка падымае на мяне вочы:
- Якіх?
- Доктарскіх...
Праз невялікую паўзу:
- Пакажыце іх на вітрыне.
Тыкаю пальцам ў свежа-ружовыя сасіскі.
Прадавачка выцягвае шыю як гусыня, заглядвае ў вітрыну, адыходзіць на два крокі, лезе пад стол, выцягвае адтуль тры сасіскі і вялікі нож. І намерваецца ўжо нешта крамсаць:
- Дзве кажаце?
- Тры.
Кідае іх на вагі, прылеплівае цэтлік і аддае мне. Нарэшце.