Схадзіў учора ў кіно. Я ў Польшчы рэдка яго наведваю, заўсёды грошай шкада, тым больш амаль усё можна сьцягнуць з сеціва. Але новы фільм Тыма Бёртана глядзець з лаптопа мне ня вельмі хацелася, ўсё ж каб ацаніць візуальную ды гукавую частку (а гэты фільм - мюзікл) патрэбная кіназаля.
Тым, як заўсёды, мяне парадаваў. Змрочны Лёндан, файныя, пад настрой фільма мэлёдыі, некалькі сьмешных момантаў, каб не было зашмат элемэнтаў фільму жахаў (дарэчы, вялікую памылку ў справе жанру
зрабіла аглядачка з W24, што я ня мог не адкамэнтаваць) - усё тыпова Бёртанаўскае, гатычнае і прасякнутае тэматыкай сьмерці. На асабістую пахвалу заслугоўвае Джоні Дэп, які ўжо спрактыкаваўся ў супрацоўніцтве з гэтым рэжысэрам, і ролю, відавочна, адчуў. Таксама акторы ўзрадвалі выкананьнем песень; я канечне слабы ў музыцы, але здаецца асабліва не фальшывілі. У хвіліны напісаньня паста, я дарэчы, ўжо сьцягнуў палову сандтрэку, зь якога вылучыць можна песьню No place like London.
Што да сюжэту стужкі, дык ён распавядае гісторыю помсты пэўнага галяра, які забівае палову мужчынскага насельніцтва Лёндана з недзеяй калісьці зарэзаць і свайго ворага - судзьдзю зь якім у яго старыя рахункі. А пазбаўляецца трупаў містэр Тодд надта цікавым спосабам - яго сяброўка, місс Лавэт, гатуе зь іх свой фірмовы паштэт, вядомы ва ўсім Лёндане (адразу ўзгадваецца Delicatessen Жан-П'ера Жэнэта і Марка Каро, праўда?). Больш я нічога не распавяду, фільм лепш паглядзець самому. Аматары Бёртана напэўна ўжо знайшлі і паглядзелі, але некаторым, незнаёмым зь яго творчасьцю, ня любячым яго творчасьці ці звышацэньваючым папярэднія стужкі, фільм можа не спадабацца. Маюць права.