SeaMonkey 2.0 a1pre па-беларуску

Jan 29, 2008 13:08

Пераклад SeaMonkey ужо ў CVS

Нарэшце  кіраўнікі праекту праверылі загружаны ў CVS пераклад і дадалі беларускі SeaMonkey у tinderbox.
Таму ўжо можна сцягнуць свежую пабудову з паслугача ftp.mozilla.org.

Што я адразу і зрабіў. Для тых хто адважыцца на такі крок, раю спярша наведаць tinderbox і ўпэўніцца, што слупок WINNT 5.2 sea-win32-tbox Dep Nightly be мае зялёны колер (ён паказвае на адсутнасць хібаў у пабудове).
Беларускія пабудовы маюць суфікс be:
seamonkey-2.0a1pre.be.linux-i686.tar.bz2 12M
seamonkey-2.0a1pre.be.mac.dmg 22M
seamonkey-2.0a1pre.be.win32.installer.exe 9.0M
Звычайна хібаў няма ў панядзелак. Тут няма нічога містычнага, як здаецца на першы погляд. Я выкладваю пераклад у нядзелю. Да панядзелка зыходны код SeaMonkey звычайна застаецца некранутым і ніводзін няўрымслівы распрацаўнік не паспявае  "сапсасаваць" пераклад зменамі ў інтэрфейсе.
Першыя ўражанні

Адразу заўважыў новую тэму :-) . На мой погляд SeaMonkey стаў больш прыгожым, значкі на паліцах пачалі выглядаць як ёлачныя цацкі. Засталася і старая "Сучасная" тэма, вядомая карыстальнікам па папярэднім выданням.



Здзівіла, што SeaMonkey не скарыстаўся перавагамі з SeaMonkey 1.1. Так, SeaMonkey больш не працягвае радок Mozilla і стаў самастойным прадуктам. Таму карыстальнік SeaMonkey 2.0 будзе мець адмысловы профіль, ніяк не злучаны з былым профілям Mozilla.

Дадаткі
SeaMonkey цяпер мае паўнацэнную падтрымку пашырэнняў, тэмаў, убудоваў. Калі раней, каб усталяваць/высталяваць/дазволіць/забараніць дадаткі было даволі складана, патрабавалася шмат працаваць рукамі, дык цяпер мы можам скарыстацца кіраўніком дадаткаў, які  дазваляе рабіць гэтыя дзеянні без цяжкіх намаганняў.
Тут жа ўсталяваў мае ўлюбёныя Adblock Plus і NoScript.



Перавагі карыстальніка

Бачна, што распрацаўнікі SeaMonkey працуюць над новым дыялогам прызначэння перавагаў. Але пакуль што яны прайшлі палову шляху. Застаўся былы дыялог і ёсць ужо новы. У старым вас папярэдзяць пра існаванне намеру цалкам перапісаць сістэму прызначэння перавагаў у стылі, які маюць Firefox і Thunderbird.

Паштавік
Паштавік цяпер не адрозніваецца ад Thunderbird.



Укладальнік

Што мне заўсёды падабалася ў SeaMonkey і Mozilla, дык гэта наяўнасць і простага, і адначасова магутнага для недасведчанага карыстальніка ўкладальніка старонак сеціва. Калі вы не з'яўляецеся знаўцам HTML, CSS, калі ў вас няма на кампутары адмысловых праграм для стварэння простых старонак, тады вам спадабаецца наяўнасць магчымасці ў некалькі пстрыканняў мышшу скласці старонку, каб памясціць яе на сваю пляцоўку ў сеціве. Радуе, што распрацаўнікі SeaMonkey пакінулі ў яго складзе гэтую карысную прыладу.

Высновы

Раней SeaMonkey (Mozilla) быў маёй асноўнай прыладаю для працы ў Internet. Але паявіўся Firefox, які можна ўладкаваць пад сябе з дапамогаю разнастайных дадаткаў, і я здрадзіў SeaMonkey. Цяпер, калі апошні набыў аналагічныя ўласцівасці, час звярнуць на яго ўвагу ізноў. Для тых, хто карыстаецца парай Firefox/Thunderbird, SeaMonkey будзе цудоўнай альтэрнатывай. Ён дазволіць вам адначасова мець у наяўнасці плюсы Firefox пры "коўзанні" ў сеціве і карыстацца магутным паштавіком. Пры гэтым у памяці вашага кампутара будзе працаваць адна праграма замест двух.

SeaMonkey 2.0 a1pre яшчэ даволі сыры, але ён ужо заслугоўвае вашай увагі.
Previous post Next post
Up