Рэстаўрацыя капліцы-пахавальні ў вёсцы Прасці. Нясвіжскі раён. Мінская вобласць

Jun 12, 2011 20:11

Рэшткі гістарычных архітэктурных збудаванняў, якіх шмат засталося на тэрыторыі Беларусі, заключаюць у сабе лёс краіны, яе гісторыю і чакаюць свайго адраджэння. Вясною 2009 г., дзякуючы намаганням кс. Ігара Лашука SDB, распачалася рэстаўрацыя аднаго з такіх збудаванняў - капліцы-пахавальні ў в. Прасці (Нясвіжскі раён). Працы вядуцца на аснове праектаў архітэктара Аляксея Яроменкі. У сувязі з адсутнасцю ў архівах арыгінальных дакументаў рэстаўрацыя вядзецца на аснове ўскосных звестак і па аналагах.




Капліца ў в. Прасці (Нясвіжскі раён) была пабудавана прыкладна ў 1850 г. Гэты час быў вельмі складаным для нашага грамадства і ўвогуле для каталіцкай веры ў гэтых мясцінах. Як вядома, у 1839 г. на Полацкім саборы па ініцыятыве тагачаснага праваслаўнага епіскапа Сямашкі была скасавана унія, пасля чаго распачаліся пераследы уніяцкай Царквы.

У суседніх вёсках і мястэчках амаль усе цэрквы былі уніяцкімі. Толькі ў Ішкалдзі (Баранавіцкі раён) быў рыма-каталіцкі касцёл. У Астроўках, напрыклад, знаходзілася царква, якую некалі пабудавалі паны Пратасевічы. Там нават захавалася напаўразбітая памятная дошка аб тым, што гэтую царкву яны ўзвялі для сваіх падданых у 1832 г. Таксама была уніяцкая царква ў в. Медзведкі, дзе, дарэчы, нарадзіўся наш славуты зямляк Ігнацы Дамейка. Таксама уніяцкі храм быў у Жухавічах Малых (Карэліцкі раён). Уся гэта мясцовасць была даволі багата пакрыта уніяцкімі святынямі. У Гарадзеі таксама захавалася уніяцкая царква, аднак, на жаль, яе будынак быў абкладзены цэглаю, што прывяло да знішчэння архітэктурнай задумкі.




Праект аднаўлення.

Такім чынам, у гісторыі гэты час акрэсліўся як перыяд знішчэння уніяцтва. Частка грэка-католікаў перайшла ў праваслаўе.
Мясцовыя заможныя людзі пачалі будаваць пахавальныя капліцы, якія не маглі быць зачынены або перароблены пад праваслаўны храм. Капліца ў Прасцях была пабудавана на могілках як пахавальная капліца роду Пратасевічаў. Тым не менш, яе будынак быў даволі вялікіх памераў. Раскопкі паказалі, што фундаменты ў два разы даўжэй за сам будынак. Такім чынам, можна меркаваць, што планавалася пабудаваць большую святыню.




У капліцы праводзіліся набажэнствы паводле лацінскага абраду. Вядома, што многія уніяты наведвалі касцёл і пераходзілі ў рыма-католікі, хоць гэта было забаронена. Калі б ксёндз пахаваў, павянчаў ці ахрысціў уніята, то гэта лічылася б вялікім злачынствам, за чым царскія ўлады пільна сачылі.

Гісторыя ўзнікнення капліцы ў в. Прасці вельмі цікавая і невыпадковая, бо ва ўсім адчуваўся Божы Провід - капліца пэўны час была адзіным месцам малітвы для вернікаў каталіцкага веравызнання ў гэтых мясцінах.




Вядома, што ў 1864 г. быў зачынены, а пазней перароблены ў праваслаўную царкву касцёл у Ішкалдзі. Бліжэйшая рыма-каталіцкая святыня была ў Нясвіжы - касцёл Божага Цела (пахавальня Радзівілаў). Усе астатнія нясвіжскія касцёлы былі зачынены, уключаючы кляштар бэнэдыктынак. Як вядома з гісторыі, сёстры бэнэдыктынкі загінулі, а іх целы былі кінуты ў яму і заліты вапнаю. Сярод сясцёр была таксама княгіня Радзівіл, якая з’яўлялася настаяцельніцаю кляштара. Былі зачынены касцёлы дамініканаў і бэнэдыктынаў.




Такім чынам, як бачым, капліца ў Прасцях была своеасаблівым месцам рыма-каталіцкага культу ў гэтых мясцінах пасля скасавання уніі, пасля закрыцця ішкалдскага касцёла. Святыня ў Ішкалдзі была ізноў адчынена пасля падзення Расійскай імперыі. З тых часоў і распачалося сапраўднае адраджэнне каталіцкага веравызнання на гэтай тэрыторыі, тым больш, што дадзеныя мясціны ўваходзілі ў склад Польшчы.



Надпіс на крыжы - (IHS) перакладаецца з латыні, як "Ісус-выратавальнік чалавека"(Iesus Hominum Salvator)

Пасля Другой сусветнай вайны капліца ў Прасцях была разбурана, хоць і прастаяла на працягу ўсёй вайны. Людзі апавядалі, што ў будынак толькі некалькі куль трапіла падчас перастрэлкі. На жаль, людзі, шукаючы золата, разабралі капліцу, знялі крышу, разбурылі пахавальню, знялі гранітныя пліты. Вядома, што адзін малады чалавек, у якога была жонка і дзеці, прыйшоў у капліцу, каб зняць гранітную пліту, і назаўтра яго знайшлі мёртвым. Пасля гэтага здарэння людзі баяліся нават падыходзіць да капліцы і таму проста засыпалі падвалы. Такім чынам, да капліцы больш ніхто не датыкаўся. З гадамі капліца прыйшла ў заняпад.




Давялося прыкласці вялікія намаганні, каб распачаць аднаўленне капліцы. Калгас ахвяруе ўсё неабходнае - цэмент, пясок, лес, транспарт і інш. Пэўныя матэрыялы ахвяруюць і людзі. Праца сапраўды цяжкая. Кажуць, прасцей разабраць і пабудаваць нешта новае. У гэтай вёсцы няшмат вернікаў, але ў суседняй в. Астроўкі вельмі многа католікаў. Гэта капліца можа стаць месцам малітвы для іх і будучых пакаленняў.

Дадатковая інфармацыя.

Капліца ў в. Прасці (Нясвіжскі р-н) належала да парафіі ў в. Паланэчка (Баранавіцкі р-н), а пазней - да парафіі ў в. Ішкалдзь (Баранавіцкі р-н). Пабудавана каля 1850 г. у эклектычным стылі, дзе спалучаюцца рысы неаготыкі і класіцызму.

Будынак капліцы зроблены з цэглы на бутавым падмурку; атынкаваны.

Пахавальня Пратасевічаў належыць да XVII - п. XVIIІ стст. Пратасевічы па веравызнанні былі рыма-католікамі, аднак хадзілі ў астроўскую царкву уніятаў, там жа хавалі сваіх блізкіх (капліца-пахавальня, слупок-надмагілле (п. ХІХ ст.) Марыі Пратасевіч). Пасля скасавання уніі гэтая святыня стала праваслаўнай царквой.

Пазней Паратасевічы вырашылі пабудаваць капліцу бліжэй да сваёй сядзібы - у Прасцях. Капліца дзейнічала да вайны. Пры савецкай уладзе была зачынена. На сённяшні дзень захаваліся толькі яе руіны.

Вясною 2009 г. распачалася рэстаўрацыя капліцы-пахавальні на аснове праектаў архітэктара Аляксея Яроменкі. Скончыць працы плануеца ў 2011 годзе. На жаль, арыгінальныя дакументы ў архівах адсутнічаюць, знойдзены толькі ўскосныя звесткі. Як паінфармаваў архітэктар Аляксей Яроменка, рэстаўрацыя праводзіцца па аналагах.




Паводле  catholic.by

Несвижский район, Беларусь, в.Прасці, д.Прости, Мінская вобласць, Минская область, Нясвіжскі раён

Previous post Next post
Up