Цяпер - трохі сродкаў з дадатковага догляду і дэкаратыўнай касметыкі:
Пудра для маціравання твару ад Yves Rocher (Францыя) - неблагая. Але, як і большасць падобных пудр, падкрэслівае сухасць. Гэта быў падарунак крамы за пакупку.
Туш для веек Clinique (Канада) - дакладна гэты гатунак мне не спадабаўся. Трохі склейвае вейкі.
Маска Face Collagen+ ад Bielita (Беларусь) - мне маска спадабалася. Падцягвае і насычае скуру. Робіць яе візуальна і тактыльна больш эластычнай. Але гэты эфект не працяглы. На жаль. Раю паспрабаваць. Ну, а мне хацелася б паспрабаваць аналагічныя азіяцкія сродкі. Каб параўнаць.
Маска для ўвільгатнення скуры ад Embryolisse Laboratoires (Францыя) - маска прызначаная найперш для сухой скуры, але і маёй камбінаванай яна падышла. Трохі вадкая, нагадвае касметычнае малачко, наносіцца і размяркоўваецца па скуры лёгка. Эфект таксама прыемны.
Начны крэм пад вочы Hydr8 ад Medik8 (Велікабрытанія) - для вачэй мне гэты крэм не падышоў - пачала лупіцца і папекваць скура. Што вінаваты гэты крэм, я зразумела не адразу. Некалькі разом адмяняла яго, але пасля невялікага перапынку спрабавала ўвесці зноў - і зноў той жа вынік. Таму давялося яго канчаткова адмяніць, але так як шкада было выкідваць, я спачатку паспрабавала адзін раз нанесці на шыю і зону дэкальтэ. Праўда, як нанесла, так і змыла - зноў папеквала. Таму адзінае, што засталося, - гэта намазаць на рукі. І нават на руках адчувалася нейкае цяпло ды і сам крэм трохі скатваўся. Я так разумею, у мяне атрымаўся лёгкі пілінг для рук. Зразумела, што паўтараць гэты сродак я не планую.
Сродак для маскіроўкі і памяншэння пораў Pore refining solutions ад Clinique (Бельгія) - некалі даўно ў мяне быў падобны сродак, якт я выкарыстоўвала найперш як сродак ад тлустага бляску на Т-зоне. Той сродак быў празрысты. І пробнік гэтага сродка ў краме таксама быў такім. Але ў выніку я атрымала карычневы гель, які слаба маціраваў і, канешне, трохі падфарбоўваў скуру. Яго выкарыстоўвала ў якасці асновы пад макіяж. Без асаблівага задавальненне. Паўтараць пакуль не планую.
Бальзам для вуснаў ад Out of Africa (ЗША) - гэта бальзам з набора бальзамаў. Дакладна гэты экзэмпляр мне не спадабаўся. Найперш праз пах - смярдзела пад носам прагорклым маслам.
Дэтокс-маска з глінай ад Sukin (Аўстралія) - прыемная маска, добра чысціць поры, у зручнай тары. Параўноўваючы з маскай ад
Medik8, магу сказаць, што перавага на баку Sukin, але не столькі па якасці (тут яны аднолькава добра працуюць), колькі па кошце.
Туш для веек Hypnose ад Lancome (Францыя) - шыкоўная туш, але, на жаль, пакуль не магу сабе яе дазволіць.
Дэтокс-маска для ўсіх тыпаў скуры Larenim Mineral (вырабніка на этыкетцы не знайшла) - слава богу, яна скончылася! Я чалавек лянівы, а маска аказалася парашковай. Даводзілася штораз разбаўляць (для гэтай функцыі выкарыстоўвала часцей тонік LV), а для мяне гэта быў той яшчэ квэст: вельмі складана было трапіць з дазіроўкай і прапорцыяй. Да таго ж сродак аказаўся вельмі маркім: і ракавіна ў мяне была брудная пасля змывання, і рушнік у плямах. Праўда, поры чысціла яна добра. Але нават гэты факт не натхняе на паўторную пакупку.
Памякчальны бальзам ад Orifllame - выкарыстоўваю звычайна ў якасці хатняга бальзама для вуснаў. Гэта далёка не першы слоік. Змяняюцца толькі колер і арамат. Ну, і, канешне, стараюся перыядычна рабіць перапынкі. Зараз такі перапынак і ёсць, але ўжо набыла чарговы бальзам на замену.
Памада Colorsensational у адценні Mango Diamonds № 445 ад Maybelline New York (Францыя) - памада не падышла мне па колеры, таму праляжала, пакуль не выйшаў тэрмін прыдатнасці.
Пілінг для твару на АНА кіслотах “АSOBA” ад MODUM (Беларусь) - не благі сродак. Скура пасля яго гладкая, якой і павінна быць пасля пілінгу. Сам сродак - празрысты гель з прыемным кіслым пахам. Адзіны мінус - марудна змываецца. Ну, і закрутка ў мяне пад канец зламалася.
Празрысты аловак для вуснаў ад Essense (Германія) - апошнім часам з памадай выкарыстоўваю выключна яго, забыўшыся на астатнія каляровыя алоўкі. Не ведаю чаму, але мне так больш падабаецца. Паўтарыла.
Начны серум Retinol 6 TR ад Medik8 (Велікабрытанія) - сываратка з вітамінам А і Е. Трохі масляністая пры нанясенні, але хутка ўпітваецца, і гэтае адчуванне тлустасці знікае. Асаблівых зменаў на сваёй скуры я не заўважыла, але пры гэтым сродак мне хутчэй спадабаўся, чым не.
Крэм-эксфаліятар Stop AKN ад BABE (Іспанія) - на самой справе гэта крэмавы скраб для твару. Мяккі (крэмавая тэкстура, дробныя крапінкі), але пры гэтым добра паліруе скуру.