Чытацкі дзённік

Jun 05, 2017 20:35



Гэтая вясна была не толькі халоднай, але і складанай. Шмат працы, клопату і вельмі мала вольнага часу. Хранічны недасып дазваляў чытаць толькі ў транспарце і не больш, чым 20 хвілін. Раніцай па дарозе на працу і праз 20 хвілін чытання ў аўтобусе ўвечары я спала... Першая кніга з прадстаўленых ніжэй была распачата яшчэ зімой, калі што.

Сакавік
1. Владимир Орлов. «Альтист Данилов» - так і не перакажаш, пра што кніга. Галоўны герой - музыка, а да таго ж дэман на кантракце... Добры раман.
2. Уладзімір Садоўскі. «1813» - у зборніку, акрамя вядомай, думаю, многім «навэлы», змешчаны і апавяданні. Зомбі-хорарам не захаплялася ніколі. Гэта быў мой першы чытацкі вопыт. Прызнаюся, працягнуць знаёмства з падобнымі творамі жадання не ўзнікла, хоць задумка мне і спадабалася. Аднак рэалізацыя - не надта.Я найперш маю на ўвазе мову: мне яна падалася трохі штучнай, месцамі «каравай». Апавяданні ў гэтым сэнсе, адназначна, лепшыя.

Красавік
1. Лао Шэ «Развод» - сацыяльна-бытавая аповесць, на колькі я зразумела. Пра чыноўнікаў «сярэдняй рукі». Галоўны герой - Лао Лі - трохі выбіваецца з кагорты «тыповых» чыноўнікаў, найперш па сваім самаадчуванні. Хоць аўтар і проціпастаўляе свайго персанажа іншым (у фінале нават адпраўляе яго з сям’ёй на малую радзіму), у працэсе чытання мяне пераследавала думка, што Лао Лі - слабы, абмежаваны чалавек, які толькі ў сваім уяўленні ўзвышаны, смелы і дзейсны. Яго быццам бы актыўныя дзеянні - больш фантазія, чым учынкі. І пра людзей ён думае з асуджэннем, асабліва калі яны жывуць з аглядкай на чужыя меркаванні. Аднак Лао Лі ў гэтым сэнсе не вельмі далёка «адышоў» ад сваіх калег: ён саромеецца сваёй жонкі толькі таму, што думае, быццам тая смешна выглядае ў вачах ягоных знаёмых... Карацей, твор цікавы. Рэкамендую.
2. Ата Каушутов «Женитьба Елли Одэ» - апавяданне туркменскага пісьменніка са зборніка гумарыстычных апавяданняў «Точка зрения». Не спадабаўся, таму працягваць знаёмста з творамі іншых аўтараў з гэтай кнігі не стала.
3. Александр Вельтман «Ольга» - сентыментальнае апавяданне. Не ведаю, як яго чыталі і ўспрымалі раней, але зараз гэта прымітыў.
4. У гэтым жа месяцы давялося перачытаць апавяданне А.П.Чэхава «Дама с собачкой» - па працы. За адно прачытала ягоныя ж апавяданні «Невеста» і «Скрипка Ротшильда». У сеціве трапілася інфармацыя пра аднаіменнае апавяданне Ірыны Грэкавай («“Скрипка Ротшильда”») - зацікавіла, вырашыла і яго прачытаць. Цікавы вопыт. Раю пазнаёміцца.

Май
1. Джули Хаймор. «Кружок любителей чтения» - нуднае чытво. Не спадабалася. Думала нават кінуць, але нежаданне нешта пачынаць перасілела нудоту кнігі. Ад твора, па праўдзе, чакала большага (і гэта з такой несур’ёзнай вокладкай?!), бо аўтара і твор я знайшла не абы дзе, а ў нейкім навуковым часопісе. І артыкул там называўся неяк шматабяцальна: “Рэцэпцыя англійскай літаратуры ў рамане Дж. Хаймар...” (прыблізна так). Але з рэцэпцыі там аказаліся пераважна назвы твораў і вельмі рэдкія рэплікі-водгукі персанажаў. І не да кожнага твора гэтыя рэплікі былі. Чытаць раман не раю.
2. Банана Ёсимото. «N-P». Напісана, што гэта мініяцюрны раман. Як па мне, дык гэта аповесць. Але пагаджуся, што мініяцюрная. Трохі “нібы-дэтэктыва”, аздобленага згадкамі пра інцэст (слава богу, без заглыбленняў у гэтую тэму) і разважаннямі пра асаблівасці перакладу. Трохі нуднаватая гісторыя, але добра напісаная.

Чытацкі дзённік, вясна, кнігі, літаратура, кніжнае

Previous post Next post
Up