Чытацкі дзённік

Dec 12, 2016 13:59



Зараз чытаю мала. Дома мастацкая літаратура амаль што не чытаецца (шмат іншых спраў). Чытаю пераважна ў транспарце, але і гэта нешта атрымоўваецца не заўсёды: то яшчэ цёмна, то ўжо цёмна, а то і спаць хочацца. Гэта, канешне, больш пра зіму, але пачалося ўсё яшчэ восенню. Таму - што ёсць...

Верасень:
1. Эдвард Морган Форстер «Комната с видом на Арно» - трохі нудная, у многім наіўная, у нечым - няшчырая, але чытабельная. Наіўная - гэта як для чытача ХХІ стагоддзя, канешне. Няшчырая - гэта я пра тыя новамодныя размовы пра жаночую самастойнасць і правы, што абмяркоўваюць і быццам бы падтрымліваюць некаторыя персанажы і, здаецца, трымаецца аўтар. Але пры гэтым Люсі ў Форстера, прымаючы такое неардынарнае і лёсавызначальнае рашэнне, прымае яго зусім не самастойна. Ва ўсялякім выпадку, ёй амаль заўсёды тлумачаць, што яна павінна адчуваць, што яна адчувае і што павінна рабіць. Самастойнай гераіні там няма.

2. Анабель Питчер «Моя сестра живёт на каминной полке» - дзіцячая кніга, у якой узнімаецца праблема смерці блізкіх. А да таго ж яшчэ і праблемы тэрарызму, расавай нецярплівасці, няпоўных сямей, здрады, сяброўства і інш. Аповед вядзецца ад імя дзесяцігадовага хлопчыка. Твор падобны да аповесці “Мой дедушка был вішней”. Калі гэтыя творы параўноўваць, то “Мая сястра” значна саступае.

3. Виктор Трихманенко «Крылья на вырост» - для працы. Чытала вельмі доўга. У верасні прымусіла сябе дачытаць апошнія шэсць старонак. Яго раман прачытала хутчэй, бо напісаны ён быў значна лепш, чым гэтая аповесць у сто старонак. Пра лётчыкаў, якія служаць на тэрыторыі ГДР. Калі разабрацца, то аповесць пра абы-што атрымалася. Маладога лётчыка, без асаблівых практычных ведаў, але з вышэйшай адукацыяй, прапіхвае кіраўніцтва. Усё гэта аздоблена традыцыйнай агітацыйнай лабудой.

4. Геза Сёч «Лимпопо или Дневник барышни-страусихи» - антыўтопія ад венгерскага аўтара. Таксама, як і Оруэлская, пра ферму, але страусіную. Не ўразіла.

Кастрычнік:
1. Юдит Шамански «Шея жирафа. Роман воспитания» - у гэтым творы таксама трохі пра страусаў (муж галоўнай гераіні займаецца іх развядзеннем), але ў асноўным тут пра школу, пра настаўнікаў, іх адносіны да вучняў і сваёй прафесіі. Ну, і пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Спадабалася.

2. Герта Мюллер «Качели дыхания» - таксама спадабалася. Лагерная проза, але не зусім традыцыйная ў кантэксце заходняй літаратуры, як мне падаецца. Звычайна ТАМ пішуць пра лагеры смерці часоў Другой сусветнай вайны, а ў НАС (маю на ўвазе постсавецкія краіны) - пра савецкія працоўныя лагеры. Тут жа - пра савецкі працоўны лагер пасля Вялікай Айчыннай вайны. Пра румынскага немца, які правёў там пяць год і пра яго жыццё пасля лагера.

3. Лао Шэ «Записки о Кошачьем городе» - антыўтопія. Шмат разоў бачыла гэтую кнігу ва ўсялякіх спісах, чытала/чула ўхваляючыя водзывы/водгукі, але вось мяне твор не ўразіў. Проста нейкая павучальная казачка для маленькіх дзетак: усё на паверхні. Але чытаецца нармальна.

4. Жан-Поль Сартр «Стена» - прызнаюся, што дасюль не чытала нічога з яго твораў. Пра самі творы чытала, а вось у курсе па замежнай літаратуры, выбіраючы паміж Сартрам і Камю, я выбрала апошняга. Таму тут вырашыла трохі выпраўляцца. Пачала з невялікага. Ніякага адкрыцця ў мяне не адбылося. І гэта не крытыка. Праста, ведаючы трохі тэорыі, чытаючы таго ж Камю, нашага Быкава, здзівіцца і моцна ўразіцца ў мяне не атрымалася. Прадказальна якасна.

Лістапад:
1. Кадзуо Исигуро «Не отпускай меня». Калісьці глядзела фільм, вось цяпер вырашыла прачытаць кнігу. Па праўдзе, я была ўпэўнена, што памятаю фільм, але калі пачала чытаць кнігу, нічога “пазнаць”, як высветлілася, не магла. Ужо калі была на палове рамана, выпадкова патрапіла на фільм па тэлебачанні. Вырашыла паглядзець яшчэ раз. Вось тут працэс “пазнавання”пайшоў больш актыўна: бачыла, дзе фактычна цытуецца арыгінал, а дзе ператасавалі ці замянілі факты. Карацей, кіно пераглядзела і прадоўжыла чытаць, адразу заўважаючы неадпаведнасці. Вынік: фільм атрымаўся больш меладраматычны, чым кніга. Кніга спадабалася.

P.S. Томі з часам, аказваецца, папаўнеў :)

Чытацкі дзённік, восень, кнігі, літаратура, кніжнае

Previous post Next post
Up