Хутка прыйдзе час расказваць пра восеньскае чытанне, а я толькі выбралася напісаць пра сваё чытацкае лета. Дык вось:
Чэрвень:
1. Ирина Грекова «Кафедра» - пэўным чынам кніга аказалася нават вельмі актуальнай для мяне (на кафедры чакаўся новы загадчык). «Он никогда не ставит себя на место другого, никогда не сомневается в своей правоте», - гэта прэтэнзія Асташовай да Флягіна (новага часовага загадчыка кафедры).Калі спачатку ў канфлікце новага загадчыка кафедры і выкладчыкаў сімпатыя чытача (гл. мая сімпатыя) на баку калектыву і найперш Ніны Ігнацьеўны, то пасля пачынаеш сімпатызаваць Флягіну, а яе прынцыповасць паступова ўспрымаецца як нейкая ўпёртасць. Твор спадабаўся.
2. Грэм Джойс «Как бы волшебная сказка» - усяго толькі трошкі займальны сюжэт. Кніга пра пападанку ў нейкі чароўны свет. Праўда, сюжэт будуецца на падзеях ужо пасля вяртання гераіні і аповедах пра той час, калі яна адсутнічала.
Ліпень:
1. Маргарет Этвуд «Рассказ Служанки» - спадабалася, асабліва фінальная частка. Скончыць на кульмінацыйным моманце і каб так арганічна і вычарпальна - на гэта трэба талент. Мова, праўда, падалася нейкай каравай, але, падазраю, што гэта недапрацоўкі перакладчыка.
2. Наум Ним «Господи, сделай так» - цікава, асабліва частка пра дзяцінства галоўных персанажаў і пра п. Багушэўск (Віцебская вобл., Сенненскі р-н). Сустракаюцца беларускія словы, але спалучэнне “радзянскі саюз” у якасці беларускага трохі бянтэжыць (гэта раней сапраўды так перакладалася ці што?). Трохі раздражняла татальная крытыка савецкай і постсавецкай рэчаіснасці. Чытала гісторыю пра п’янога Шыдлоўскага (прозвішча майго аднакласніка, між іншым) на тачцы і ўспомнілася падобная карціна з дзяцінства: адзін алкаш, які яшчэ трымаўся на нагах, вёз на тачцы па вёсцы свайго “сябра”, а за імі і каля іх беглі малыя дзеці. Такое, мусіць, не забудзеш :)
3. Антанас Шкема «Солнечные дни» - аповесць пра падзеі грамадзянскай вайны. Галоўныя героі - сямейная пара і іх дзевяцігадовы сын Марцінукас. Яна - кіргізска, ён - літовец. І назва, і змест трохі нагадваюць “Солнце мёртвых” Шмялёва, але ў мастацкім плане “Солнечные дни” значна саступаюць, як па мне. Згадваецца Мінск.
4. Джоанна Троллоп «Разум и чувства» - чытво. Тыя ж персанажы, той жа сюжэт, што і ў Джэйн Осцін, але дзеянне адбываецца ў наш час. Літаратурная калька, а гаворачы літаратуразнаўчай мовай, - рэмейк. І, прызнаюся, так сабе рэмейк.
Жнівень:
1. Марианн Фредрикссон «Анна, Хана и Юханна» - кніга цікавая, чыталася хутка і лёгка. Сямейная сага, можна сказаць, а менавіта пра жыццё трох (фактычна нават і больш) жанчын розных пакаленняў . З недахопаў - трохі вычварная форма, як на мой густ. То аповед адной гераіні, то нейкія ўспаміны ці можа ўнутраныя маналогі (я так і не зразумела) іншых. Але, па праўдзе, гэта ніяк не псуе агульнага ўражання ад кнігі. Раю, адным словам.